Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 верасьня 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

(эфір 15 верасьня)
Ад сёньня дазваляецца перадвыбарчая агітацыя. І адразу ж апазыцыйныя сілы ў розных гарадох краіны наладзілі акцыі за байкот выбараў у лукашэнкаў парлямэнт. Найбольш арыгінальнай сталася акцыя ў Менску, ейны назоў — "Выбарчыя гонкі ў будку прадстаўнікоў". Гэта быў пэрформанс, пад час якога ў дэпутаты вылучаліся ня людзі, а сабакі, а ў нашага карэспандэнта было адабранае карсэпандэнцкае пасьведчаньне.

З большага, акцыя, якую ладзіла Асамблея дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў, прайшла без інцыдэнтаў. Выбарчыя гонкі ў будку прадстаўнікоў праходзілі пад лёзунгам: "Вылучы свайго гадаванца ў сабачыя дэпутаты!". Ва ўлётцы, якая распаўсюджвалася на акцыі, напісана: "15 верасьня пачынаецца "перадвыбарчая гонка" ў "Палату Прадстаўнікоў". Аднак, ці будзе гэтая "палата" нешта вырашаць у гэтай краіне? Хутчэй за ўсё, яна будзе вырашаць ня болей за "Будку Прадстаўнікоў", выбары ў якую праводзім мы". І тут жа малюнак сабакі, які задраў нагу на скрыню для галасаваньня.

Але саркастычныя выбары, у якіх усё мелася адбывацца як мага больш набліжана да выбарчых працэдураў — з вылучэньнем кандыдатаў, перадвыбарчай агітацыяй і ўрэшце, з галасаваньнем — па поўнай праграме не адбыліся. Карэктывы ў дазволеную Менскім гарадзкім выканкамам акцыю ўнесьлі міліцыянты. Спачатку яны забаранілі паставіць Будку Прадстаўнікоў. Калі ў руках прысутных зьявіліся плякаты з выявамі пысы сабакі й подпісам "прэзыдэнт Рэкс", міліцыянты паспрабавалі сканфіскаваць іх. І, паводле сваіх асацыяцыяў, чамусьці патлумачылі, што гэны сабака абражае гонар і годнасьць прэзыдэнта. Самі сабакі на дзеяньні міліцыянтаў рэагавалі нэрвова:

(міліцыянт: ) "Давайце хуценька, закончылі…"

Тым часам намесьнік кіраўніка Галоўнае ўправы ўнутраных справаў Менску ў ахове грамадзкага парадку палкоўнік Русак зьвярнуў пільную ўвагу на вашага карэспандэнта і актыўна, ужываючы нават фізычную сілу, перашкаджаў мне рабіць аўдыёзапіс:

(Русак: ) "Выключыце".

(Маёрчык: ) "Чаму?"

(гукі валтузьні)

(Русак: ) "Што гэта такое?!"

(Маёрчык: ) "Вы парушаеце закон. Я журналіст".

(Русак: ) "Пасьведчаньне Вашае…"

(Маёрчык: ) "Я паказваю… Аддайце пасьведчаньне"

(Русак: ) "Аддам я пасьведчаньне Вашае".

(Маёрчык: ) "Калі?"

(Русак: ) "Як толькі праверу".

Урэшце спадар Русак папрасіў мяне паказаць журналісцкае пасьведчаньне, паклаў дакумэнт (які належыць мне і радыё) у сваю кішэню і сыйшоў.

Але вернемся да пэрформансу. На пасаду дэпутата сабачай "Будкі Прадстаўнікоў" прэтэндавалі былы прэм'ер-міністар, якога цяпер цкуе прэзыдэнт Рэкс, лідэр сацыял-кіналягічнае партыі і прадстаўнік левых сабачых сілаў, а таксама некалькі незалежных кандыдатаў…

Гаспадары прамаўлялі перадвыбарчыя праграмы іхных сабакаў:

(Гаспадыня: ) "Калі вы прагалусуеце за мяне, я абяцаю не цягапць костак з дзяржаўнай міскі, зьнізіць кошты на корм першай неабходнасьці, надзяліць кожнага бяздомнага сабаку двухпакаёвай канурой, інтэграваць нашую сабачую краіну ў міжнародную эўрапейсккую супольнасьць. І, нарэшце, з дапамогай дэпутацкага мандату я буду надзейна гарантаваны ад усыпленьня і ўсялякіх абвінавачаньняў у мой бок".

І нарэшце адбылося галасаваньне, адразу ж аб'явілі й вынікі:

(Голас: ) "За кандыдата Шарыкава – 10 галасоў, за кандыдата Ілдутага – 3 галасы, за кандыдата Чыгір-ра – 3 галасы, да кандыдата Дамаседа – 2 галасы, за кандыдата Барона (ён жа Мікола) – 1 голас. Такім чынам праходзіць цалкам незалежны кандыдат Шарыкаў".

Падвядзем вынікі й мы. Перадвыбарчая сабачая гонка адбылася, хоць і з пацярпелымі. Ахвярамі сталі:
— сабакі без пысачоў і ланцужкоў,
— гаспадары сабак, якія ня меліся ўдзельнічаць у акцыі, але выпадкова апынуліся па пляцы Бангалёр,
— журналіст Радыё Свабода.

Асобы сабакаў ды іхных гаспадароў высьвятлялі непадалёку, ля міліцэйскага аўто:

(Міліцыянт: ) "Ну дык што, застрэліць яго ці што? Ёсьць правіла… Ён у Вас зарэгістраваны? Хадземце са мной".

Асобу Вашага карэспандэнта паводле па-сутнасьці скрадзенага пасьведчаньня высьвятляюць у нейкім іншым мейсцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG