Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 верасьня 2000 г.


Юры Дракахруст, Прага

Пазаўчора была апублікаваная новая дактрына інфармацыйнай бясьпекі Расеі. Гэта дакумэнт у інтэрвію нашай праграме камэнтуюць дырэктар расейскага цэнтру журналістыкі ў экстрэмальных сытуацыях Алег Панфілаў і кіраўнік маскоўскага бюро нашага Радыё Савік Шустэр.

Узаемаадносіны новай расейскай улады з мэдыямі добра і сумна вядомыя: дастаткова прыгадаць справы Бабіцкага і Гусінскага, ці, напрыклад, апошняе зьняцьцё з эфіру ОРТ праграмы Сяргея Дарэнкі. Ёсьць рэчы менш вядомыя, але ня менш сур'ёзныя: ФСБ спрабуе прымусіць правайдэраў Інтэрнэту даць доступ спэцслужбам да электронай пошты і дзейнасьці Інтэрнэту ў цэлым. Гэта – практыка. Зараз зьявілася і ідэалёгія – 46-старонкавая дактрына інфармацыйнай бясьпекі, распрацаваная ў нетрах Рады Бясьпекі Расеі.

Вось як ацэньвае гэты дакумэнт кіраўнік расейскага цэнтру журналістыкі ў надзвычайных умовах Алег Панфілаў.

(Панфілаў: ) "Дактрына інфармацыйнай бясьпекі – гэта не юрыдычны дакумэнт, ён ня мае юрыдычнай сілы як закон ці ўказ прэзыдэнта. Гэта – новая ідэалёгія новага ўраду, новай улады ў Расеі. Больш за ўсё расчароўвае тое, што ўлада будзе праводзіць лінію на адзяржаўленьне мэдыяў. У дактрыне сказана, што яна будзе надаваць большую ўвагу разьвіцьцю дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. У гэтай дактрыне ёсьць вызначэньні, якія адкідваюць нас у 60-70 гады. У ёй сустракаюцца словы "інфармацыйная вайна", "інфармацыйная зброя". Асабліва там гаворыцца пра ўплыў замежных сродкаў масавай інфармацыі і пра нейкае супрацьдзеяньне гэтым мэдыям. Я лічу, што маюцца на ўвазе Радыё "Свабода", "Бі-Бі-Сі", "Голас Амэрыкі", "Нямецкая хваля" і гэтак далей.

На мой погляд, пагоршыцца сытуацыя ў правінцыйнай прэсе. Губэрнатары і кіраўнікі адміністрацыяў суб'ектаў Расейскай Федэрацыі заўсёды змагаліся з незалежным друкам. Зараз кіраўнікі рэгіёнаў убачылі, што ў Маскве дадзеная каманда – "фас". Так што правінцыйнай прэсе зараз будзе жыць значна горш. Можа зараз зьявіцца пакет законапраектаў, якія могуць паўплываць на стан і зараз слабой яшчэ свабоды слова ў Расеі".

Гэта быў кіраўнік расейскага цэнтру журналістыкі ў экстрэмальных умовах Алег Панфілаў. Ён гаварыў пра пагрозу ўзмацненьня ціску на замежныя мэдыі, што працуюць у Расеі. Паводле меркаваньня кіраўніка маскоўскага бюро Радыё "Свабода" Савіка Шустэра, пагроза тоіцца нават ня ў самім тэксце дактрыны.

(Шустэр: ) "Мяркуючы па атмасфэры, па тым, што адбываецца з друкаванымі і электронымі мэдыямі, гэтая дактрына выглядае вельмі пагрозьліва. У тым афіцыйным дакумэнце, які мы ўсе чыталі – там нічога пагрозьлівага няма, ён проста пусты. Але мы ведаем яшчэ з савецкіх часоў, што розныя афіцыйныя дакумэнты выглядалі вельмі прыгожа. Але ўсялякія рэзалюцыі, дадаткі, інструкцыі да іх былі зусім іншага гатунку і мелі зусім іншыя вынікі. Мы вяртаемся да часоў Оруэла, ізноў ня верым таму што напісана, і міністэрства праўда робіцца міністэрствам хлусьні".

Кіраўнік маскоўскага бюро Радыё "Свабода" Шустэр лічыць, што крокі ўлады будуць наступнымі.

(Шустэр: ) "Зараз у асноўным ідзе барацьба за тэлебачаньне, гэта НТБ і ОРТ. Гэта галоўныя палі бойкі. Потым будзе радыё, потым Інтэрнэт, а далей возьмуцца за друкаваныя мэдыі. Пакуль цэнтральныя газэты не зьяўляюцца велізарнай пагрозаю, паколькі яны ня надта распаўсюджваюцца. А тыя, якія распаўсюджваюцца, настолькі "пажаўцелі", што не зьяўляюцца пагрозаю для ўлады".

Напрыканцы інтэрвію я папрасіў Савіка Шустэра параўнаць сытуацыю ў сродках масавай інфармацыі ў Беларусі і ў Расеі.

(Шустэр) "Мне падаецца, што іх цяжка параўноўваць У Расеі былі алігархі міжнароднага ўзроўню. Яны ўдзельнічалі ў палітычным жыцьці і часта ўдзельнічалі ў ім праз мэдыі. У Беларусі гэтага не было. У Расеі публіка, якая задаволеная тым, што Пуцін змагаецца з алігархамі, якіх лічаць злодзеямі, не заўважае, што "лес сякуць – трэскі ляцяць", што зьнікаюць незалежныя мэдыі. У Расеі, як і ў Беларусі, не разумеюць абсалютна, што сродкі масавай інфармацыі незалежныя дзякуючы прыватнаму капіталу".

Гаварыў кіраўнік маскоўскага бюро Радыё "Свабода" Савік Шустэр.

Гутарыў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG