Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 верасьня 2000 г.


У Менску сьвяткаваньне Дня беларускае вайсковае славы прайшло ў цэлым спакойна. Блізу паўтысячы чалавек усклалі кветкі да вечнага агню на пляцы Перамогі і да помніку Янку Купалу, пасьля чаго там жа ў Капалавым сквэры адбылася сьвяточная тэатралізаваная імпрэза. Рэпартаж зь мейсца падзеяў падрыхтаваў наш карэспандэнт Ягор Маёрчык.

Сьвяткаваньне Дня беларускае вайсковае славы пачалося з зачысткі пляцоўкі перад Вечным агнём на пляцы Перамогі. Міліцыянты літаральна выштурхоўвалі адтуль людзей. А пазьней — ачапілі частку падземнага пераходу. Бесьперашкодна маглі перасоўвацца толькі вясельныя працэсіі.

Блізу 6-й гадзіны паводле менскага часу на пляцы зьявілася калёна людзей, якіх бесьперашкодна прапусьцілі да Вечнага агню. Намесьнік старшыні Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" Юры Хадыка растлумачыў прысутным, што ў кожнай нацыі ёсьць мейсцы, дзе адзначаюцца вялікія перамогі. Таму неабходна пашырыць, як выказаўся спадар Хадыка, функцыйны сэнс пляцу Перамогі з тае прычыны, што ў датах 9 траўня й 8 верасьня ёсьць шмат агульнага. У абодвух выпадках беларусы здолелі спыніць інтэрвэнтаў.

Дата 8 верасьня мае істотнае значэньне ў найноўшай гісторыі краіны. Гэта ўсьведамляюць шмат якія беларусы, для якіх яна стала і сьвятам, і сымбалем здольнасьці абараніць незалежнасьць Бацькаўшчыны. Менавіта так Дзень вайсковае славы разумее палітык і літаратар Лявон Баршчэўскі:

(Баршчэўскі: ) "Гэтая дата стала гістарычнай менавіта ў сучасны момант. У 1992 годзе ў гэты дзень была прынятая прысяга на плошчы Незалежнасьці, якая ініцыянавала стварэньне беларускага войска. Гэта з гісторыі ніхто не выкрасьліць, якія б улады не былі. Таму гэтая дата стала знакавай. Думаю, што гэтая традыцыя будзе моцнаю. Я хачу, каб яна ня мела ніякай палітычнай афарбоўкі, але на сёньня яна сапраўды мае афарбоўку. Яна паказвае, што мы супраць акупацыі, мы ніколі ня скорымся захопнікам, у першую чаргу, усходнім захопнікам і іншым таксама".

Пасьля ўскладаньня кветак да Вечнага агню удзельнікі скіраваліся ў Купалаў сквэр. Пад гукі дуды прысутныя ўсклалі кветкі да помніку Янку Купалу.

Там жа распачалася тэатралізаваная імпрэза. Сябры рыцарскіх клюбаў разыгралі сцэны, якія паводле іхнае задумы ілюстравалі бітву пад Воршай. Жанчыны сьпявалі патрыятычныя беларускія песьні, людзі зьбіраліся групамі ды абмяркоўвалі палітычныя праблемы.

І тым ня менш, у прысутных было адчуваньне сапсаванага сьвята. Новыя гарадзкія ўлады Менску, працягваючы старыя традыцыі, вітаюць сьвяткаваньне савецкіх, а не нацыянальных сьвятаў. І сёлета Менскі гарадзкі выканкам забараніў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ правесьці мітынг на пляцы Якуба Коласа. Намесьнік сташыні КХП-БНФ Сяргей Папкоў камэнтуе дзеяньні гарадзкіх уладаў наступным чынам:

(Папкоў: ) "Як можна камэнтаваць дзеяньні ўлады, якая не беларуская, якая поўнасьцю акупацыйная, якая кіруецца з Масквы. Яны і дзейнічаюць як акупанты. Яны не дазваляюць адсьвяткаваць гэтае сьвята так, як належыць беларусам у гэты дзень. Ачапілі плошчу Перамогі, не дазволілі зрабіць мітынг на Якуба Коласа, які мы замаўлялі, яны пусьцілі нас на ўскрай гораду…Але людзі ня пойдуць на ўскраіну гораду".

Сапраўды, сёньня блізу пяцісот чалавек прыйшлі адсьвяткаваць Дзень беларускае вайсковае славы ў цэнтар гораду.

Ягор Маёрчык, Менск

P.S. Толькі што стала вядома, што пасьля народных сьвяточных гуляньняў адзін чалавек, сябра КХП-БНФ спадар Кучараў, быў затрыманы міліцыяй. Пра гэта нашаму карэспандэнту ў Менску паведаміў прэсавы сакратар КХП-БНФ Валеры Буйвал.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG