Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 верасьня 2000 г.


Сёньня ў Беларусі патрыятычная грамадзкасьць адзначае Дзень беларускай вайсковай славы. У Менску з гэтай нагоды праходзіць акцыя, на якой прысутны наш карэспандэнт Віталь Цыганкоў. Яго простае ўключэньне ў эфір.

(Ціхановіч: ) "Віталь, дзе Вы знаходзіцеся, хто прыйшоў адзначыць гістарычную дату?"

(Цыганкоў: ) "Зараз я знаходжуся ў парку імя Янкі Купалы якраз перад помнікам вялікаму беларускаму песьняру. Вакол мяне недзе каля 300-400 чалавек, якія прыйшлі сюды, каб адзначыць Дзень беларускай вайсковай славы. Вы чуеце, як гучаць песьні. Гэта розныя мастацкія калектывы сьпяваюць гістарычныя і партрыятычныя песьні.

Сёньняшняе сьвяткаваньне пачалося іншай акцыяй – дэлегацыя апазыцыі ўсклала вянок да помніка Перамогі. Кіраўнікі Беларускага Згуртаваньня вайскоўцаў, Беларускага Народнага Фронту – усяго каля 50 чалавек, прыйшлі на плошчу Перамогі і ўсклалі вянкі зь бел-чырвона-белымі стужккамі да абэліску".

(Ціхановіч: ) "Ці не ўпершыню так трактуецца помнік перамогі, як сымбаль у Дзень вайсковыай славы?"

(Цыганкоў: ) "Так. Менавіта на гэта зьвярнуў увагу Юры Хадыка. Ён сказаў кароткую прамову, дзе зьвярнуў увагу на тое, што перамога пад Воршай была менавіта перамогай над арміяй інтэрвэнтаў. Ён сказаў, што вось сёньня робіцца спроба выпрацаваць нейкі новы ўрачысты рытуал, які, магчыма, будзе рытуалам адзначэньня Дня беларускай вайсковай славы. Ускладаньне вянкоў адбылося вельмі прыгожа, пад музыку. Уладзімер Бербераў з гурта "Ліцьвіны" граў на дудзе, і пад яго музыку дзяўчынкі ў нацыянальных строях разам з кіраўнікамі апазыцыі ўсклалі вянкі да помніку.

Другая частка сёньняшняга сьвяткаваньня пройдзе ў парку Янкі Купалы. Гэта будуць сьпевы, паказы, дэманстрацыя рыцарскага двубою".

(Ціхановіч: ) "Чаму менавіта парк Янкі Купалы стаў месцам правядзеньня акцыі?"

(Цыганкоў: ) "Акрамя традыцыі, атрымалася так, што менскі гарвыканкам забараніў арганізатарам праводзіць мерапрыемствы ў раёне пляцу Перамогі і прапанаваў пляц Бангалёр. Заяўнікі адмовіліся тады ад сваёй заяўкі і сказалі, што хочуць ускласьці кветкі менавіта да помніка Янкі Купалы, а на Бангалёры гэта зрабіць немагчыма. На думку спадара Вячоркі, на ўскладаньне кветак ці на нейкае тэатралізаванае відовішча дазволу ўладаў ня трэба".

(Ціхановіч: ) "Віталь, акцыя праходзіць як народнае гуляньне, але ці выяўляецца неяк яе палітычны зьмест?"

(Цыганкоў: ) "Я зараз перадам слухаўку спадару Юрыю Хадыку, і ён адкажа на гэтае пытаньне:

(Хадыка: ) "Мы сёньня адзначаем выбітнае сьвята ў нашым вайсковым календары – Дзень беларускай вайсковай славы. Мы імкнуліся распрацаваць урачысты рытуал адзначэньня гэтай перамогі, таму што ў лёсе беларускага народу яна адыграла велізарнае значэньне. Мы ўсклалі кветкі і вянкі ад БЗВ і ад БНФ да стэлы Перамогі, а зараз сьвяткаваньне працягваецца ля помніка Янку Купалу".

(Апрача Менску адзначэньне Дня Беларускай вайсковай славы адбылося ў Горадні, Віцебску і Баранавічах)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG