Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 верасьня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Заплянаваны на заўтра 4-дзённы візыт у Беларусь дэлегацыі Міжнароднай арганізацыі працы не адбудзецца. Ён адкладзены на просьбу беларускага ўраду.

Напярэдадні заплянаванага візыту ўрад Беларусі атрымаў адмысловы ліст ад кіраўніцтва Міжнароднай арганізацыі працы, падпісаны дырэктарам гэтай арганізацыі Жанам-Вікторам Груа. У лісьце паведамляецца, што просьба беларускага ўраду ў пераносе візыту на другую палову кастрычніка будзе выкананая.

Спадар Груа таксама піша, што дэлегацыя з Жэнэвы меркавала вырашыць праблемы, зьвязаныя са скаргаю прафсаюзаў на дзеяньні ўладаў. Прычым, як зазначае спадар Груа, апошнія зьвесткі зь Беларусі сьведчаць, што згаданыя праблемы застаюцца. У прыватнасьці, нявырашанымі застаюцца пытаньні з рэгістрацыяй прафсаюзных структураў. Другая надзённая праблема — улады Беларусі па-ранейшаму ўмешваюцца ў прафсаюзныя справы.

Як стала вядома з добра інфармаваных крыніцаў, просьба пра адтэрміноўку візыту зыходзіла ад першага віцэ-прэм'ера беларускага ўраду Андрэя Кабякова. Гэтую просьбу ён абгрунтаваў празьмернай цяперашняй занятасьцю ўрадавых чыноўнікаў.

А вось як пракамэнтаваў ініцыятыву беларускіх уладаў адзін з аўтараў скаргі ў Міжнародную арганізацыю працы, старшыня прафсаюзу аўтасельгасмашу Аляксандар Бухвостаў:

"Магчыма, не хацелі, каб была засяроджаная ўвага да сытуацыі ў Беларусі ў сувязі з выбарамі. Бо гэтай міжнароднай арганізацыі зноў назавуць факты парушэньняў правоў прафсаюзаў. Гэтыя парушэньні не спыняюцца. Напрыклад, у нашым прафсаюзе ўлады актыўна ўмешваюцца ў справаздачна-выбарчую кампанію. Гэтым займаецца Міністэрства прамысловасьці на даручэньне адміністрацыі прэзыдэнта", — паведаміў Бухвостаў.

Лідэр Свабоднага прафсаюзу Генадзь Быкаў таксама лічыць, што ініцыятыва беларускіх уладаў пра перанос візыту дэлегацыі Міжнароднай арганізацыі працы мае палітычны падтэкст, зьвязаны з парлямэнцкімі выбарамі:

(Быкаў: ) "Да выбараў ураду няма чаго адказаць на пытаньні пра масавыя парушэньні ў адносінах да Свабоднага прафсаюза… А пасьля выбараў, мне здаецца, ім будзе напляваць на Міжнародную арганізацыю працы. Галоўнае, каб гэтыя выбары былі прызнаныя".

— мяркуе Генадзь Быкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG