Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 верасьня 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

Супраць Міхала Чыгіра ўзбуджана новая крымінальная справа. Гэтым разам сьледчыя спрабуюць даказаць, што Чыгір ня выплаціў усе падаткі пад час сваёй працы ў Маскве ў нямецкім канцэрне. Тым часам сын былога прэм'ер-міністра Аляксей знайшоў у багажніку свайго аўтамабіля баявыя патроны. Аляксей Чыгір зьбіраецца прасіць палітычнага прытулку ў Нямеччыне.

Пра тое, што супраць яго ўзбуджаная новая крымінальная справа, сам Міхал Чыгір даведаўся амаль выпадкова…

(Чыгір: ) "Учора я выпадкова сустрэў аднаго сьледчага зь міністэрства ўнутнраных справаў. Ён сказаў: "Вось ёсьць эпізод, Вы атрымоўвалі даходы ў Маскве, ня цалкам заплацілі падаткі". Я сёньня прыйшоў, патэлефанаваў у сьледчы камітэт і спытаў: "Што, па гэтым эпізодзе супраць мяне таксама ўзбуджаная крымінальная справа?" Яны сказалі, што так, узбуджаная. Я сказаў, што яны не пазнаёмілі мяне з пастановай аб узбуджэньні крымінальнай справы па гэтым эпізодзе. Яны адказалі: "Мы нядаўна выслалі Вам па пошце гэтую пастанову. Вы павінны хутка атрымаць". Сьледчы ў мяне спытаў: "Дзе гэта нам даведацца, каб нам сказалі, колькі Вы атрымоўвалі, колькі вы плацілі, як там было?" Я сказаў: "Гэта вашыя праблемы, вы шукайце дзе хочаце, але вы нічога ня знойдзеце. Я плаціў тыя грошы, якія я павінен быў заплаціць".

Гаварыў Міхал Чыгірь.

Нагадаем, што пасьля сваёй адстаўкі ў 1996 годзе з пасады кіраўніка беларускага ўраду Чыгір працаваў у Маскве ў нямецкім канцэрне "Gea". Падаткі ў Нямеччыне меншыя за беларускія, і Чыгір выплочваў гэтую розьніцу беларускай дзяржаве, у якой на той момант падаткі складалі 50 адсоткаў. Так што тут супрацоўнікі сьледчага камітэту МУС Беларусі, як кажуць, не знайшлі да чаго прычапіцца. Аднак справа была ўзбуджаная зь іншае нагоды…

(Чыгір: ) "Сьледчыя паехалі ў Маскву, знайшлі той рахунак, зь якога я рабіў гаспадарчыў выдаткі, фінансаваў офіс. Яны залічылі гэта ўсё, як мае асабістыя даходы, і праз падатковую інспэкцыю патрабавалі, каб я заплаціў за гэты рахунак грошы".

У падаткавай інспэкцыі Чыгіру сказалі, што ён павінен даць справаздачу за гэты рахунак. Чыгір тлумачыць, што кожны тыдзень атрымліваў на гэты рахунак грошы на правядзеньне рамонту — і пасьля заканчэньня рэканструкцыі офісу, натуральна, зрабіў справаздачу перад кіраўніцтвам канцэрну пра ўсе выдаткі.

Сьледчы Аляксей Кандрацьеў, які вядзе гэтую справу, адмовіўся па тэлефоне даваць інфармацыю, датычную справы, і параіў мне атрымаць адпаведны дазвол у начальства. Кандрацьеў, аднак, пацьвердзіў факт узбуджэньня крымінальнае справы, і заявіў, што паведамленьне пра гэта даслаў Чыгіру яшчэ тыдзень таму.

(Кандрацьеў: ) "Вы прыходзьце сюды. Калі мне кіраўнік дазволіць Вам прадаставіць інфармацыю, я Вам прадастаўлю. Калі не, значыць – не. Паведамсленьне аб тым, што справа заведзеная, я паслаў. Паслаў ужо тыдзень таму".

Дзеяньні сьледчых Міхал Чыгір расцэньвае як чарговую спробу зьняць яго з парлямэнцкіх выбараў праз вылучэньне новых абвінавачваньняў. Аднак паводле заканадаўства, для таго, каб сапраўды не дапусьціць Чыгіра да ўдзелу ў выбарах, трэба, каб судовы прысуд уступіў у законную сілу. Зразумела, што да 15 верасьня, дня рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, гэтага не адбудзецца. Іншая справа, што зараз вакол сям'і Чыгіра пачалі адбывацца цьмяныя і пагрозьлівыя выпадкі.

(Чыгір: ) "Мой сын старэйшы ехаў у Нямеччыну на машыне, і перад перасячэньнем мяжы ён мне патэлефанаваў, што кімлямэтраў за 30 вырашыў пераапрануцца, палез у машыну і знайшоў там патроны ў багажніку. Ён выкінуў патроны і цяпер звоніць мне і пытае: "Што мне рабіць? Калі так, дык усё роўна знойдуць за што пасадзіць. Ці мне прасіць палітычнага прытулку? Як мне паступіць у гэтым выпадку?" Я кажу: "Знаеш што, 25 гадоў маеш – думай сам. Калі я скажу "Прыяжджай", а тут нешта здарыцца, ты скажаш, што бацька вінаваты". Ён кажа, што будзе плаціць палітычнага прытулку ў Нямеччыне. Я кажу: "Як ты вырашыш так, то прасі". Што гэта такое адбываецца ў нашай дзяржаве? Ён паехаў на маёй машыне, я яму даў даверанасьць. Што гэта я патроны паклаў ці мой сын сабе патроны паклаў у багажнік? І што было б, каб хтосьці знайшоў гэтыя патроны? Ня ён, а хтосьці іншы? Вядома – турма была б".

Паведаміў Міхал Чыгір.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG