Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 верасьня 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

(эфір 2 верасьня)
Нацыянальная зборная Беларусі ў футболe зь лікам 2:1 выйграла ў каманды Ўэльсу ў першым матчы адборнага турніру да чэмпіянату сьвету, што пройдзе ў 2002 годзе ў Японіі ды Карэі.

Каля 30 тысячаў заўзятараў прыйшлі сёньня на менскі стадыён "Дынама" падтрымаць нацыянальную каманду Беларусі. Гэта быў першы афіцыйны матч беларускае зборнай з новым трэнэрам —легендарным Эдуардам Малафеявым, якога многія гатовыя ўспрымаюць сёньня як месію беларускага футболу. Пад кіраўніцтвам Малафеява наша каманда ўжо згуляла адзін таварыскі матч — выйграла 16 жніўня ў Рызе ў зборнай Латвіі — 1:0. І вось сёньня першы адборны матч чэмпіянату сьвету.

Гульня пачалася атакамі беларускае зборнай. Ужо на трэцяй хвіліне быў пададзены кутні ля брамаў валійскае зборнай, а на 14-й узьнік першы голевы момант. Кіеўскі дынамавец Валянцін Бялькевіч прарваўся па леваму флянгу, але ў выгоднай сытуацыі вырашыў ня біць, а даць пас, які быў перахоплены валійскімі абаронцамі. Беларусы працягвалі атакаваць, і гэты кірунак падзеяў лягічна завершыўся на 40 хвіліне не зусім лягічным голам. Зь левага флянгу падаў высокую перадачу ў цэнтар Радзіслаў Арлоўскі. Брамнік каманды Ўэльсу Сьцівен Джонс згуляў на перахопе не зусім упэўнена, выпусьціў мяч з рук, які адскачыў да Аляксандра Хацкевіча. Кіеўскі дынамавец адразу ж галавою пераправіў мяч у сетку — 1:0.

Тут варта нагадаць, што каманда Ўэльсу добра знаёмая беларускім заўзятарам. Зборная нашае краіны два разы сустракалася з валійцамі ў адборным турніры да апошняга чэмпіянату Эўропы. Беларусы двойчы прайгралі — 2:3 у гасьцях і 1:2 дома. Гэта былі дзьве вельмі крыўдныя паразы — нашы забівалі надзвычай прыгожыя галы, але потым прапускалі выпадковыя мячы з-за няўдалае гульні брамніка Генадзя Туміловіча. Так што сёньняшнюю памылку валійскага галкіпера можна назваць нейкім вяртаньнем пазыкі, аднаўленьнем гістарычнае справядлівасьці. А Генадзь Туміловіч на апошнім рубяжы беларускай абароны адстаяў сёньня бездакорна.

Але вернемся да матчу. Другі тайм пачаўся ўзаемнымі вострымі атакамі, але камбінацыі беларусаў былі больш вострымі й разнаплянавымі. На 56-й хвіліне бліскуча спрацавала зьвязка, бадай, найярчэйшых зорак сёньняшняга беларускага футболу — кіеўскіх дынамаўцаў Хацкевіча й Бялькевіча. Аляксандар Хацкевіч выдаў цудоўны пас, што называецца, у прарэз паміж абаронцамі, а Бялькевіч завершыў атаку неадхільным ударам у ніжні кут брамаў.

Пасьля гэтага беларусы трохі супакоіліся, а некаторых футбалістаў Уэльсу пачала пакідаць вытрымка. За дваццаць пяць хвілінаў да канца гульні за ўдар па твару з поля быў выдалены Іван Робэртс. Беларусы ўжо даволі ўпэўнена кантралявалі гульню, аднак на апошняй хвіліне валійцам удалося забіць адзін гол у тыпова брытанскай манэры. Капітан каманды Гары Сьпід адгукнуўся на верхавую падачу, і галавою накіраваў мяч у сетку.

На пасьляматчавай прэс-канфэрэнцыі галоўны трэнэр беларускае зборнай Эдуард Малафеяў перамогу каманды патлумачыў вельмі проста й разам з тым пераканаўча.

(Малафеяў: ) "Мы плянавалі гэтую перамогу. Я ведаў, як гэта будзе нялёгка. Але справа ў тым, што нам архіважна было сёньня перамагчы (сьмех і воплескі прысутных журналістаў)… Тут перамагае ня той, хто мацнейшы, а той, хто хоча выйграць у дадзеным матчы. Вось мы, відаць, і хацелі сёньня больш выйграць".

Гаварыў Эдуард Малафеяў. Трэнэр валійцаў Марк Хьюз таксама аддаў належнае падыходу і стаўленьню да гульні беларускіх футбалістаў. Што ж, першая перамога атрымана, але варта зазначыць, што з усіх камандаў нашае групы Беларусь паводле сусьветнае кваліфікацыі займае самае нізкае 110 месца, Уэльс — на 103-м. Астатнія нашыя супернікі — Нарвэгія, Польшча, Украіна і Арменія значна вышэй. Як бы тое ні было, сёньня зроблены першы крок да тае фантастычнае мэты, якую выбраў Эдуард Малафеяў — выйсьці ў фінальную частку чэмпіянату сьвету, а значыць, заняць у групе першае або другое месца. Пасьля сёньняшняга матчу гэтая задача ўжо не здаецца такой нерэальнай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG