Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 жніўня 2000 г.


Ганна Соусь, Менск

(эфір 30 жніўня)
У Кыргыстане пад час узыходжаньня на вяршыню Хан-Тэнгры загінуў беларускі альпініст Мікалай Канапелька. Празь некалькі дзён труну зь ягоным целам даставяць на самалёце ў Менск.

Альпіністу Мікалаю Канапельку, супрацоўніку Беларускага Біржавага банку, сёлета ў чэрвені споўнілася сорак гадоў. Як сьцьвярджаюць, ён быў адным з найбольш сталых і спрактыкаваных беларускіх альпіністаў. Распавядае Аляксандар Гадлеўскі, старшыня Беларускае Фэдэрацыі альпіністаў:

(Гадлеўскі: ) "Ён накіраваўся ў Кыргызію з двума больш маладымі й менш дасьведчанымі альпіністамі з намерам падняцца на адзін з чатырох "сямітысячнікаў" былога Савецкага Саюзу — вяршыню Хан-Тэнгры, вышынёю 7 тысячаў 10 мэтраў. Вельмі прыгожы пік, ён узвышаецца каля масіву Перамогі, найбольш грознага "сямітысячніка" былога Савецкага Саюзу.

Клясычным маршрутам з паўднёвага боку яны падымаліся на гэтую вяршыню. Было дрэннае надвор'е. Дзесьці на вышыні 6 тысячаў 900 мэтраў Мікалай пачаў спускацца, страціў арыентацыю, упаў і разьбіўся. Ягонае цела знойдзена казаскімі альпіністамі. Былі зарганізаваныя адмысловыя выратавальныя работы.

…Гэта быў вельмі сымпатычны, мужны й моцны чалавек. У яго засталося двое дзяцей. Гэта вялікая трагедыя, і перш за ўсё для ягоных блізкіх".

Гэта быў старшыня Беларускае Фэдэрацыі альпінізму Аляксандар Гадлеўскі.

Мікалай Канапелька загінуў 6 жніўня, але толькі 12 жніўня з Кыргыстану ў Беларусь даслалі тэлеграму пра ягоную сьмерць. Беларуская Фэдэрацыя альпінізму нават плянавала зарганізаваць уласную экспэдыцыю, каб зьняць цела альпініста зь вялікай вышыні. Таму што, як адзначае Аляксандар Гадлеўскі, вышыня 6 тысячаў 400 мэтраў для многіх недасягальная, на ёй нават гэлікоптэры працаваць ня могуць, і ладзіць выратавальныя работы даволі складана. Але некалькі дзён таму казаскім альпіністам усё ж удалося зьняць зь вяршыні Хан-Тэнгры цела Мікалая Канапелькі.

Мяркуецца, што заўтра ці пасьлязаўтра труна зь целам альпініста будзе дастаўлена ў Менск.

Дарэчы, цяпер у Беларускай Фэдэрацыі альпінізму каля ста чалавек. Апошні раз трагічнае здарэньне, у якім загінулі беларускія альпіністы, адбылося пяць гадоў таму, пры ўзыходжаньні на гару Канчанджангу ў непальскіх Гімалаях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG