Гэтымі днямі ў Менску знаходзяцца сэнатары Рэспублікі Польшча Зьбігнеў Рамашэўскі ды Веслаў Хжаноўскі, якія бяруць удзел ва ўрачыстасьцях з нагоды 20-годзьдзя руху "Салідарнасьць". Сёньняшні дзень для "Салідарнасьці" адметны: 31 жніўня 1980 году польскія рабочыя на чале зь Лехам Валэнсам падпісалі гэтак званае Жнівеньскае пагадненьне з тагачаснымі камуністычнымі ўладамі, якое паклала пачатак дзейнасьці ў гэтай краіне незалежных прафсаюзаў. "Чалавек нараджаецца й жыве свабодным", — пісалі 20 гадоў таму паплечнікі Леха Валэнсы на плякатах, якія суправаджалі акцыі польскіх барацьбітоў з камуністычным рэжымам. У ліку гэтых паплечнікаў былі й сэнатары Зьбігнеў Рамашэўскі ды Веслаў Хжаноўскі. Абодва, паводле словаў амбасадара Польшчы ў Беларусі Марыюша Машкевіча, стаялі ля вытокаў "Салідарнасьці" і садзейнічалі ўсталяваньню дэмакратыі. У чым урокі "Салідарнасьці" для беларускага грамадзтва? Адказваючы на гэтае пытаньне нашага радыё, сэнатар Хжаноўскі зазначыў, што масавы антытаталітарны рух распачынаўся са стварэньня незалежнага прафсаюзу: (Хжаноўскі: ) "Калі было падпісанае Пагадненьне (я тады прысутнічаў у залі), дык адразу ж выйшаў дадатак да бюлетэню страйкавага камітэту пад назовам "Салідарнасьць", дзе былі апублікаваныя агульныя прынцыпы статуту незалежнага саюзу. Дагэтуль у нас былі галіновыя прафсаюзы — гарнякоў, сталявараў і гэтак далей. Мы ж асноўным прынцыпам вызначылі іхную тэрытарыяльную будову. Мы зыходзілі з таго, што нашым партнэрам у перамовах будзе ўлада, а не кіраўніцтва заводаў. Улады вельмі супраціўляліся гэтаму. Але такі падыход меў плён. І дагэтуль "Салідарнасьць" мае тэрытарыяльную будову. Хаця ўнутры саюзу ёсьць галіновыя камісіі, паколькі ня так лёгка пераадолець 45-гадовае існаваньне сыстэмы. У вас у Беларусі гэты пэрыяд цягнецца ня 45 гадоў, а нашмат больш", – зазначыў сэнатар Веслаў Хжаноўскі. На думку сэнатара Зьбігнева Рамашэўскага, у беларускім грамадзтве зараз недастаткова дэмакратычных элітаў. У Польшчы 20-гадовае даўніны, паведаміў ён на адкрыцьці ў Менску фотавыставы "Салідарнасьці", ішло актыўнае будаўніцтва гэтых элітаў. У прыватнасьці, шырокае распаўсюджаньне атрымаў друкарскі рух. У краіне ў той час было каля 2 тысячаў выданьняў. Тысячы польскіх грамадзянаў ня толькі чыталі забароненае слова, але і ўдзельнічалі ў распаўсюдзе выданьняў. Згаданыя працэсы, падкрэсьліў сенатар Рамашэўскі, сфармавалі дэмакратычную сьвядомасьць польскага грамадзтва. І якраз у гэтым, паводле ягоных словаў, палягае для Беларусі гістарычны досьвед "Салідарнасьці".

Самае папулярнае
1