Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 жніўня 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьце

31 жнiўня вызначаны Аляксандрам Лукашэнкам як апошнi дзень, калi павiнна быць зьлiквiдаваная запазачынасьць у выплаце заробку (i ў першую чаргу — у сельскай гаспадарцы). Але на прыкладзе Берасьцейскае вобласьцi можна зрабiць выснову, што гэтае патрабаваньне ня будзе выкананае.

Паводле афiцыйных зьвестак, з усiх рэгiёнаў Беларусi менавiта на Берасьцейшчыне зараз самыя вялiкiя даўгi ў выплаце заробку. На сёньняшнi дзень яны складаюць каля двух мiльярдаў рублёў, або 9,5% ад агульнага фонду заробкавае платы.

Самае складанае становiшча выяўлена ў Ганцавiцкiм, Столiнскiм, Iвацэвiцкiм, Пружанскiм i Лунiнецкiм раёнах. Намаганьняў мясцовае "вэртыкалi" хапiла толькi на тое, каб за апошнi тыдзень скарацiць гэтую запазычанасьць прыкладна на адзiн мiльярд рублёў.

Гэта прымусiла старшыню абласнога выканкаму Васiля Даўгалёва заявiць на апошнiм паседжаньнi Савету мiнiстраў, што вызначаны Лукашэнкам тэрмiн пагашэньня даўгоў да 1 верасьня — нерэальны. На думку Даўгалёва, выканаць згаданае патрабаваньне можна не раней, чым да 10 верасьня.

Гэтыя словы кiраўнiка берасьцейскае "вэртыкалi" выклiкалi надзвычай жорсткi камэнтар у рэпартажах беларускае дзяржаўнае тэлевізіі. Журналiсты АТН фактычна абвiнавацiлi Васiля Даўгалёва ў нежаданьнi выконваць распараджэньнi Аляксандра Лукашэнкi й нагадалi словы апошняга пра тое, што чыноўнiкi таксама не атрымаюць своечасова свой заробак у верасьнi, калi ня будзе зьлiквiдаваная запазычанасьць у iншых сфэрах эканомiкi.

Дарэчы, упершыню з такой iнiцыятываю ў свой час выступiў менавiта Даўгалёў, але тады некаторыя зь яго падначаленых дайшлi да пракуратуры, каб абскардзiць рашэньне старшынi абласнога выканкаму.

Непрыемнасьцi прыносяць Васiлю Даўгалёву ня толькi журналiсцкiя камэнтары. Калегiя Камiтэту дзяржаўнага кантролю Берасьцейскае вобласьцi на сваiм паседжаньнi 30 жнiўня, якое было цалкам прысьвечанае тэме запазычанасьцi ў выплаце заробку, адзначыла нездавальняючую працу ў гэтым кiрунку асабiста Даўгалёва i старшыняў асобных раённых выканкамаў. Калегiя папярэдзiла кiраўнiкоў ворганаў дзяржаўнага кiраваньня пра iхную пэрсанальную адказнасьць ажно да вызваленьня з займаемых пасадаў. Да 8 верасьня Камiтэт дзяржаўнага кантролю зьбiраецца зноў разгледзець гэтае пытаньне i пры неабходнасьцi пакараць вiнаватых.

У абласным выканкаме пакуль вырашылi анiяк не рэагаваць на рэзкiя заявы кантралёраў. Затое яшчэ раз пацьвердзiлi, што загад Лукашэнкi зьлiквiдаваць запазычанасьць у заробках да 1 верасьня ў межах Берасьцейскае вобласьцi выкананы ня будзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG