Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 жніўня 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

Цяперашняя беларуская ўлада, заяўляючы пра сваё імкненьне да дэмакратызацыі дзяржаўнага й грамадзкага жыцьця, узмацняе ціск на незалежныя сродкі масавай інфармацыі. Гэта выўляецца ў відавочна няроўных эканамічных умовах для дзяржаўнай і недзяржаўнай прэсы. Дзяржаўны камітэт друку зьвязвае такую сытуацыю з маючымі адбыцца выбарамі ў лукашэнкаву «Палату прадстаўнікоў».

Старшыня Дзяржкамдруку Міхал Падгайны паабяцаў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі, што як толькі выбарчая кампанія скончыцца, несправядлівасьць будзе скасаваная.

Роўныя ўмовы йснаваньня дзяржаўнае і недзяржаўнае прэсы будуць забясьпечаныя коштам павелічэньня тарыфаў на друкарскія паслугі для ўсіх выданьняў у 3 разы. Міхал Падгайны прызнаўся, што ён выступае за роўныя эканамічныя ўмовы для ўсіх мэдыяў. Паводле ягоных словаў, улада наўмысна стварыла прывілеі для дзяржаўных выданьняў з тым, каб, дзякуючы нізкаму кошту й высокаму накладу, спрыяць прапагандзе афіцыйнае палітыкі. А з пачаткам выбарчае кампаніі асноўнай задачаю дзяржаўных выданьняў становіцца друкаваньне праграмаў кандыдатаў у дэпутаты лукашэнкавага парлямэнту.

Прэса не прыносіць прыбытку дзяржаве. Так, агульнанацыянальныя газэты акупаюцца максімальна да 85%. А, прыкладам, газэта «Голас Радзімы», адрасаваная беларускай дыяспары, толькі на 2%. Але, незалежна ад рэнтабельнасьці, усе яны атрымліваюць дзяржаўныя датацыі. Агульная гадавая лічба субсыдыяў, паводле словаў Падгайнага, сягае да аднаго мільёну амэрыканскіх даляраў.

На шэраг вострых пытаньняў старшыня Дзяржаўнага камітэту друку рэагаваў раздражнёна. На пытаньне, чаму «Народнай Волі» — адзінай недзяржаўнай штодзённай газэце — забараняюць друкавацца ў выдавецтве «Беларускі дом друку», спадар Падгайны адказаў:

(Падгайны: ) «Беларускі Дом Друку – гэта прадпрыемства, якое працуе пад эгідай Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта РБ. Я старшыня Дзяржкамдруку. Каб вы ведалі, колькі я разоў з Кутавым змагаўся. Каб ён не спыняўся выхад беларускіх газэт, якія ў маім падпарадкаваньні».

Пасьля гэтага Падгайны прызнаўся, што ня мае ўплыву на кіраўніцтва друкарняў. Праўда, колькімі хвілінамі раней ён паведаміў, што часова забараніў друкарням працаваць з камэрцыйнай літаратураю, пакуль тыя не надрукуюць школьныя падручнікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG