Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 жніўня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Юлія Чыгір зьвярнулася ў суд, каб аспрэчыць рашэньне Фрунзэнскае пракуратуры, якая адмовілася ўзбуджаць справу супраць міліцыянтаў, што зьбілі спадарыню Чыгір.

Жонка экс-прэм'ера Міхала Чыгіра Юлія Чыгір падала скаргу ў суд на Фрунзэнскую пракуратуру. Юлія Чыгір спрабуе такім захадам дамагчыся ад пракурораў узбуджэньня крымінальнае справы супраць тых міліцыянтаў, якія зьбілі яе на ганку гарадзкога суда ў апошні дзень працэсу над Міхалам Чыгіром, 19 траўня. Пракуратура палічыла, што міліцыянты дзейнічалі слушна, калі наводзілі парадак на ганку суда з дапамогаю фізычнае сілы, аднак Юлія Чыгір з гэтым ня згодная. Яна лічыць, што ахоўнікі парадку выйшлі за межы сваіх паўнамоцтваў.Пацярпелая ўзгадвае дзеяньні міліцыянтаў:

(Чыгір: ) "Яны выйшлі за рамкі сваіх паўнамоцтваў, перашкаджалі маім правам абаронцы. Пры гэтым нанесьлі цялесныя пашкоджаньні. І павінныя за гэта несьці адказнасьць. Замест гэтага крымінальная справа распачатая супраць мяне. Я пратэстую і хачу абскардзіць гэтую пастанову праз суд".

Юлія Чыгір у сваёй заяве згадвае празьвішча маёра міліцыі Амельчанкі, які, паводле ейных словаў, і пакінуў на яе руках сінякі. Між тым, пракуратура Фрунзэнскага раёну лічыць, што гэта сама Юлія Чыгір вінаватая перад маёрам міліцыі, бо ўкусіла яго за вуха. Крымінальная справа супраць Юліі Чыгір вядзецца ўжо два месяцы, хутка яна будзе перададзеная ў суд. У падмурак абвінавачваньняў супраць жонкі экс-прэм'ера ў гэтай справе пакладзеныя менавіта паказаньні маёра Амельчанкі.

Скарга Юліі Чыгір у суд на пракуратуру можа разглядацца як судовы прэцэдэнт. Канстытуцыйны суд Беларусі сёлета прыняў адмысловую пастанову, у якой пацьвердзіў права грамадзянаў дамагацца праз суд узбуджэньня крымінальных справаў, калі ў гэтым ім адмовіла пракуратура. Якраз у такім становішчы апынулася Юлія Чыгір, і цяпер яе досьвед можа быць карысным для іншых.

(Чыгір: ) "Я ня ведаю нікога з тых, хто йшоў па гэтым шляху. Хачу на практыцы паспрабаваць, як на практыцы пастанова Канстытуцыйнага суду выконваецца".

Юлія Чыгір, нагадаю, сёньня пачала судовую цяжбу з Фрунзэнскай раённай пракуратураю Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG