Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 жніўня 2000 г.


Уладзімер Глод, Менск

Пад час сустрэчы з экспэртамі ў пытаньнях мас-мэдыяў ад палітычнай апазыцыі кіраўнік Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ ў Беларусі Ганс-Георг Вік заявіў, што эўрапейскія краіны надзвычай сур'ёзна ставяцца да праблемы накіраваньня міжнародных назіральнікаў на парлямэнцкія выбары ў Беларусь.

Амбасадар Вік прывёў наступны прыклад. Звычайна накіраваньне міжнародных назіральнікаў зьяўляецца прэрагатываю Бюро дэмакратычных ініцыятываў і правоў чалавека – структурнага аддзелу АБСЭ. Пасьля прыняцьця ім станоўчага рашэньня зь іншымі міжнароднымі арганізацыямі ўдакладняецца толькі колькасьць экспэртаў. А вось у пытаньні Беларусі 30 жніўня рашэньне будзе прымацца шэрагам арганізацыяў, сярод якіх АБСЭ, Эўрапарлямэнт, Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы ды іншыя.

Тым самым, зазначыў амбасадар Вік, узьнімаецца і статус вэрдыкту. Напрыклад, той жа Эўрапарлямэнт, у які абіраюцца непасрэдным галасаваньнем дэпутаты зь 15 краінаў, мае вельмі высокі аўтарытэт. І беларускаму боку, які можа палічыць сябе пакрыўджаным пасьля 30 жніўня, цяжка будзе скардзіцца на тое, што толькі адна арганізацыя вырашала такую складаную праблему.

А які вэрдыкт эўрапейцаў прагназуюць беларускія палітыкі? Вось думка на гэты конт кіраўніка Партыі БНФ Вінцука Вячоркі:

(Вячорка: ) "Мяркую, што 30-га будзе пацьверджаная ранейшая пазыцыя эўрапейскіх і эўраатлянтычных структураў. Мой прагноз грунтуецца на тым, што ўсе асноўныя складнікі прыняцьця эўрапейскіх палітычных рашэньняў, уключаючы Парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы і АБСЭ, ўжо вызначыліся. Ніякіх рацыянальных аргумэнтаў за зьмену рашэньня (нельга ж лічыць рацыянальнымі аргумэнтамі цьмяныя абяцанкі Лукашэнкі) не было дадзена. І нават дзеля захаваньня ўласнага палітычнага аблічча, Эўропа не павінна зьмяніць уласнага стаўленьня да лукашэнкаўскага фарсу".

Гэта быў Вінцук Вячорка.

А вось што думае з гэтае нагоды сакратар БСДП "Народная Грамада" Аляксей Кароль:

(Кароль: ) "Я спадзяюся таксама, што Эўропа ня зьменіць сваёй пазыцыі. Галоўным чынам гэта тычыца чатырох умоваў міжнароднай супольнасьці. Тым ня менш трэба разумець, што Эўропа зацікаўленая ў разьвіцьці адносінаў з Беларусьсю, у актывізацыі яе палітычнага ўдзелу ў міжнародных справах. Зразуменла, Беларусі дэмакратычнай. Гэта зараз цяжка зрабіць, бо існуе рэжым. Я спадзяюся, што Эўропа не прышле наглядальнікаў, але дапускаю магчымасьць нейкіх ацэначных крокаў зь яе боку. Магчыма, гэта будзе працаваць КНГ у той ці іншай форме, але каб мець поўную інфармацыю і ўяўленьне аб выбарчай кампаніі ў Белаурсі".

Гэта быў Аляксей Кароль.

Зразумела, што і ўлады, і палітычная апазыцыя ў такой сытуацыі прымаюць захады, каб схіліць міжнародную супольнасьць на свой бок. Сёньня, напрыклад, стала вядома, што ў Вену празь дзень накіроўваецца першы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG