(эфір 22 жніўня)
Урад Злучаных Штатаў Амэрыкі абвесьціў чарговую лятарэю "Грын-картаў" – права на сталае жыхарства ў ЗША. Сёньня мы распачынаем цыкль перадачаў пра ўмовы сёлетняй лятарэі. Ля мікрафону наш Ню-Ёркскі карэспандэнт Галіна Прыгара. Нагадаем, што лятарэя грын-картаў, якая дае права на сталае месца жыхарства ў ЗША, пачалася ў 1990 годзе. Менавіта Закон аб эміграцыі і грамадзянстве ЗША ўвёў эміграцыйную катэгорыю, якая была павінна павялічыць этнічную разнастайнасьць эмігрантаў і прыцягнуць у Амэрыку людзей з тых рэгіёнаў, адкуль узровень эміграцыі ў ЗША быў традыцыйна нізкі. Штогод амэрыканскі ўрад выдаткоўвае дзеля лятарэріі грын-картаў 55 тысячаў візаў. Аднак згодна з Законам 1997 году аб дапамозе жыхарам Нікарагуа і Цэнтральнай Амэрыкі, 5 тысячаў візаў штогод ідзе на гэты рэгіён. Таму, фактычна, у лятарэі ўдзельнічаюць 50 тысячаў візаў. Гэтыя візы і атрымаюць пераможцы лятарэі. Штогод складаецца сьпіс краінаў, жыхары якіх ня могуць удзельнічаць у лятарэі грын-картаў. Гэта тыя краіны, зь якіх у Амэрыку ў апошнія пяць гадоў прыехалі больш як 50 тысячаў эмігрантаў. Сёлета ў сьпісе Вялікая Брытанія, Канада, Кітай і Макао (за выключэньнем Ганконгу і Тайваню), Індыя, Філіпіны, Пакістан, Паўднёвая Карэя, Віетнам, Калюмбія, Дамініканская Рэспубліка, Сальвадор, Гаіці, Ямайка і Мэксыка. Вельмі істотна, што ў адрозьненьне ад мінулага году, цяпер у лятарэі могуць браць удзел тыя, хто нарадзіўся у Польшчы. Наогул, штогод у лятарэю ўносяцца нейкія зьмены, якія тычацца пераважна парадку афармленьня анкетаў. Часам гэта нязначныя зьмены, аднак любое парушэньне ўмоваў вядзе да дыскваліфікацыі ўдзельніка, і таму пра іх трэба ведаць. Самая галоўная зьмена сёлета – тэрмін падачы анкеты. Гэтым разам рэгістрацыйны пэрыяд пачнецца з 12 гадзінаў дня 2-га кастрычніка і скончыцца ў 12 гадзінаў дня 1 лістапада гэтага году. Сёлета зьменены і адрас, куды трэба нікіроўваць анкеты дзеля ўдзелу ў лятарэі. Так, рэгістрацыйныя формы больш НЕЛЬГА дасылаць у Нацыянальны цэнтар візаў. Іх трэба накіроўваць у Консульскі цэнтар, які знаходзіцца ў Лексінгтоне, штат Кентукі. Дакладная адрэса гэтага цэнтру наступная – DV 2002 Programm, Kentucky Consular Cеnter, Lexington, KY 41903 USA. Апошнія лічбы ў адрэсе – індэкс менавіта для жыхароў краінаў былога Савецкага Саюзу, для жыхароў іншых краінаў ён будзе іншы. І, нарэшце, галоўнае, аб чым зараз папярэджвае Дзярждэпартамэнт ЗША. Дзеля запаўненьня анкеты ня трэба зьвяртацца да сумнеўных фірмаў, якія настойліва прапануюць свае паслугі, асабліва тым, якія гарантуюць перамогу. Перамогу ня можа гарантаваць ніхто, бо гэта сапраўды лятарэя. Летась дзесяткі тысячаў асобаў сталі ахвярамі махляроў з гэтак званага "National Visa Service Center", які меў філіі ў розных краінах. Назоў гэтай прыватнай фірмы вельмі падобны на назоў урадавага Нацыянальнага візавага цэнтру, і шмат хто даверыўся гэтай фірме, страціў грошы, натуральна, не атрымаўшы станоўчага выніку. Правілы запаўненьня анкеты вельмі простыя, іх здольны выканаць кожны чалавек. Пра канкрэтныя ўмовы запаўненьня анкеты мы паведамім у нашых далейшых перадачах.