Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 жніўня 2000 г.


Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў, якія пастанавілі балятавацца спадзяюцца на посьпех. Меркаваньне публіцыста і палітоляга Ўладзімера Падгола, які ўваходзіць у склад ініцыятыўнай групы старшыні праўленьня беларускага дабрачыннага фонду "Дзецям Чарнобыля" Генадзя Грушавога:

(Падгол: ) "Справа ў тым, што байкот выбараў – гэта ня значыць не вылучацца, гэта ня значыць не абірацца. Галоўнае ж – гэта ж байкот парлямэнту, а не байкот выбараў. Вы ўявіце сытуацыю. Мы столькі сілаў і часу патрацілі на тое, каб пераканаць людзей, што дэмакратычныя выбары, гэта найвялікшая каштоўнасьць. І сёньня ісьці на тое, каб угаворваць людзей ня йсьці на выбары – гэта проста вар'яцтва. А потым мы яшчэ 5 гадоў (ну раптам мы пераможам) будзем угаворваць людзей хадзіць на выбары. Са сьвядомасьцю так не гуляюць.

Маё бачаньне таго, якім бы мог быць байкот парлямэнту, наступнае. Усе палітычныя сілы, на мой погляд, мусілі б пайсьці на выбары зборам подпісаў. Гэта дало б мажлівасьць каманды ў дзьве сотні чалавек ад кожнага кандыдата ў дэпутаты хадзіць па кватэрах і ня толькі зьбіраць подпісы, як гэта сёньня робіцца ў акругах Статкевіча, Грушавога, Стужынскай, а і агітаваць за свайго кандыдата, за каштоўнасьці, за плятформу. Уявіце сабе – дзьве сотні чалавек, яны маглі б паразмаўляць з 15 тысячамі выбаршчыкаў у акрузе.

Потым пачаўся б другі этап – непасрэдна агітацыйная кампанія. Цэлы месяц зноў можна было б хадзіць па кватэрах, сустракацца ў школах, на прадпрыемствах. Ясна, недзе б не пускалі, скандалы, канфлікты – гэта барацьба палітычная, гэта ж не дзіцячы садок.

Трэці этап – самі выбары. На выбарах і кантроль, і вылучэньне сваіх людзей у ва ўчастковыя камісіі. Сёньня – прынцыповейшы этап, бо ўчастковая камісія можа абсалютна прадухіліць фальсыфікацыі абсалютна. Дастаткова аднаго-двух чалавек, вылучаных ад каманды ва ўчастковую камісію плюс назіральнік – усё, фальсыфікацыя выключаная.

Сам Лукашэнка даў магчымасьць два месяцы разгойдваць яго электаральны рэйтынг. Я ўпэўнены, што і Лябедзька, і Вячорка, і Данэйка – усе гэтыя асобы, і тыя, хто ідзе сёньня, пры такім падыходзе, пры такім адзіным блёку перамаглі б на парлямэнцкіх выбарах. Вось тут і ставяцца Лукашэнку рубам пытаньні: мяняюцца функцыі парлямэнту ці не. Не – кладуцца дэпутацкія мандаты: мы перамаглі б. Паважанеы мной Толя Лябедзька (я яго вельмі паважаю, гэта – публіцыст, таленавіты публіцыст, ён лепей за ўсіх нашых журналістаў піша), дык ён жа на працягу 5 гадоў казаў і правільна казаў, што ўсе дэмакратычныя кандыдаты ў 95 годзе цалкам набралі такую колькасьць гадласоў за сябе, якая пераважае галасы таталітарнага лягеру. І зараз мы элемэнтарна маглі атрымаць такую ж перамогу, маглі ўсяму сьвету паказаць – за намі народ. Уявіце сабе – вось гэтыя нашыя 50-60 лідэраў паклалі дэпутацкія мандаты! Усё, мы перамаглі! Народ… Тут вось і правесьці байкот".

Уладзімер Падгол перакананы, што дэпутацкі мандат дазволіць дэмакратычным дэпутатам больш рабіць для паляпшэньня сытуацыі ў краіне. Генадзь Грушавы, напрыклад, можа значна лепей дапамагаць пацярпелым ад Чарнобыля дзецям. У паведамленьнях пра выбары ў так званую Палату прадстаўнікоў фігуруе лічба кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў – 60 чалавек. Старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ставіць пад сумнеў гэтую лічбу і перакананы, што спадзявацца на справядлівасьць у акцыі, якую сам называе фарсам, дарэмна.

(Аргумэнтацыя Анатоля Лібедзькі за байкот выбараў – заўтра на нашым сайце)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG