(эфір 17 жніўня)
У Менску адбыліся афіцыйныя праводзіны беларускіх спартоўцаў на Алімпійскія гульні ў Аўстралію. Цырымонія прайшла без удзелу вялікае групы атлетаў, пазбаўленых уладамі права на паездку ў Сіднэй. У сёньняшніх урачыстасьцях ня ўдзельнічалі 57 спартоўцаў, якія выканалі алімпійскія нарматывы і заваявалі ліцэнзіі на паездку ў Сіднэй. Іхныя спадзяваньні, што Аляксандар Лукашэнка і ягонае атачэньне перагледзяць прынятае тыдзень таму жорсткае рашэньне пакуль што ня спраўдзіліся. Як засьведчыла сёньняшняя цырымонія праводзінаў, скасаваньня такога рашэньня "ахвяры" алімпійскае палітыкі ў Беларусі наўрад ці дачакаюцца. Прэзыдэнт Нацыянальнага Алімпійскага камітэту пажадаў сёньня ўдала выступіць на аўстралійскіх спаборніцтвах толькі тым спартоўцам, якія ўжо ўключаныя ў алімпійскую каманду. Голас трохразовага алімпійскага чэмпіёна ў веславаньні Ўладзімера Парфяновіча пра заганнасьць адміністрацыйна-камандных падыходаў у беларускім спорце, такім чынам, ня быў пачуты. Лукашэнка застаўся глухім як да аргумэнтаў Парфяновіча, гэтак і міжнароднага спартовага досьведу. Каб пераканаць беларускіх заўзятараў у слушнасьці цяперашняга алімпійскага курсу, спартовыя чыноўнікі і афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі спрабуюць дыскрэдытаваць атлетаў, якім быў зачынены шлях у Аўстралію. У іхны лік патрапілі, напрыклад, чатыры прадстаўнікі акадэмічнага веславаньня – Аляксандар Самахвалаў, Андрэй Татарчук і два Зьмітры – Плячысьцік і Мірончык. Усе чацьвёра – майстры спорту міжнароднае клясы, якія ня толькі маюць алімпійскую ліцэнзію на "лодку-чацьвёрку", а й шмат разоў пераканаўча перамагалі на міжнародных спаборніцтвах. І вось зараз дзяржаўны трэнэр акадэмічнага веславаньня Валеры Гайдук заявіў ім, што яны празьмерна амбіцыйныя хлопцы, не слухаюцца ўказаньняў начальства, а таму на Алімпіяду ў Сіднэй не паедуць. З такімі характарамі, маўляў, будуць там апошнімі. На думку Ўладзімера Парфяновіча, спартовыя вынікі, якія будуць паказаныя ў Аўстраліі, ня маюць нічога агульнага з падобнымі сьцьвярджэньнямі. Бо колькі разоў героямі Алімпійскіх гульняў станавіліся спартоўцы, якія напярэдадні лічыліся аўтсайдэрамі спаборніцтваў. На жаль, сапраўдная алімпійская гісторыя на сёньняшніх урачыстасьцях не згадвалася. Спартоўцы, якім пашчасьціла патрапіць у каманду, пакляліся падвысіць аўтарытэт Беларусі на міжнароднай арэне. "Спорт – інструмэнт палітыкі", заявіў у сваім выступе Аляксандар Лукашэнка. Палітыкі, якая, трэба разумець, не дасягаецца без ахвяраў.