Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 жніўня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Справа Міхаіла Чыгіра вернутая зь Вярхоўнага суда ў гарадзкі. На думку адвакатаў экс-прэм'ера, гэта невялікая перамога, пасьля якое можна спадзявацца на перагляд ўсяе справы супраць Чыгіра.

Сёньня калегія Вярхоўнага суда сабралася для разгляду касацыйнае скаргі экс-прэм'ера Міхаіла Чыгіра на прысуд, што быў вынесены яму Менскім гарадзкім судом. Ужо праз трыццаць хвілінаў адкрытага паседжаньня было агалошана даволі нечаканае рашэньне – "справу вярнуць". Прычым, да разгляду сутнасьці справы чарга нават не дайшла.

Міхаіл Чыгір паскардзіўся, што ягоным адвакатам не далі азнаёміцца з усімі матэрыяламі працэсу, і судзьдзі Міхаіл Кашко, Уладзімер Чэмрукоў і Генадзь Корзун зь ім пагадзіліся. Такім чынам, справа Чыгіра вяртаецца ў гарадзкі суд дзеля таго, каб там была цалкам выкананая працэдура азнаямленьня абвінавачанага і ягоных абаронцаў з матэрыяламі працэсу. Цяпер паўторны разгляд касацыйнае скаргі можа адбыцца не раней за месяц, як лічаць адвакаты Чыгіра, якія называюць сёньняшняе рашэньне "невялікай перамогаю".

Гэтак жа ацэньвае вынік паседжаньня й Міхаіл Чыгір, які не хавае задавальненьня і кажа, што чакаў такога выніку:

(Чыгір: ) "Рашэньне было прынятае такое, якога мы чакалі, таму што з матэрыяламі справы ў гарадзкім судзе ні абарона, ні я да канца не пазнаёміліся, пратэст пракурора мы наогул не чыталі. І без нашых заўвагаў матэрыялы былі накіраваныя ў Вярхоўны Суд, і таму сёньня Вярхоўным судом прынятае абгрунтаванае рашэньне накіраваць матэрыялы назад у Менскі гарадзкі суд. Мая абарона і я працягнем азнаямленьне з гэтымі матэрыяламі".

У траўні экс-прэм'ер быў прызнаны гарадзкім судом вінаватым у службовых злоўжываньнях і асуджаны да трох гадоў пазбаўленьня волі з адтэрміноўкаю на два гады. Чыгір, аднак, не пагадзіўся з гэтым прысудам і абскардзіў яго ў Вярхоўным судзе. Пакуль скарга не разгледжаная, ён лічыцца невінаватым, і нават здолеў зарэгістравацца ў якасьці кандыдата на маючых адбыцца выбарах у лукашэнкавы парлямэнт. Экс-прэм'ер лічыць, што й сёньняшняе рашэньне Вярхоўнага суду мае палітычную афарбоўку.

Між тым, учора Аляксандар Лукашэнка зноў выказаўся на адрэсу апазыцыянэраў. Ён, у прыватнасьці, сказаў: "Чаму сёньня разгульваюць апазыцыянэры на грошы тых жа "Пушэ" ды іншых, і мы ведаем – дзе яны, і колькі грошай зьвезлі з краіны. Чаму яны ня вернутыя ў краіну і не панесьлі пакараньне?", – гэтак заявіў ўчора Аляксандар Лукашэнка на нарадзе з кіраўнікамі праваахоўных ворганаў.

Міхаіл Чыгір пакуль не бярэцца камэнтаваць гэтую заяву, яўна скіраваную ў тым ліку і на ягоную адрэсу. Экс-прэм'ер кажа, што яму патрэбен час, каб у ёй разабрацца, але пры гэтым заўважае, што паводле ягоных зьвестак, улады працягваюць шукаць кампрамэтуючыя дадзеныя пра фірму "Пушэ", каб скампрамэтаваць і яго, і да гэтых пошукаў прыцягнуты нават КГБ – гэтак паведаміў Міхаіл Чыгір.

Ён, аднак, упэўнены, што гэтыя намаганьні марныя. "Усе новыя справы супраць мяне чакае той жа лёс, што й першую, якая цяпер рассыпаецца ў гарадзкім судзе", – кажа Міхаіл Чыгір.

Дарэчы, за сёньняшнім паседжаньнем назіралі прадстаўнікі дыпляматычных місіяў краінаў Эўропы й ЗША. Пасьля агалошваньня рашэньня дыпляматы з Францыі, ЗША, Вялікай Брытаніі і асабіста амбасадар Нямеччыны спадар Вінкэльман павіншавалі Міхаіла Чыгіра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG