Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 жніўня 2000 г.


У высьвятленьні адносінаў паміж палітыкамі й журналістамі ператварыўся іхны сёньняшні "круглы стол" пад назовам "Грамадзка-палітычная сытуацыя ў люстэрку СМІ напярэдадні выбараў". Палітыкі спрабавалі вучыць журналістаў, як "правільна" трэба пісаць аналітычныя матэрыялы, а журналісты распавядалі пра нізкі прафэсіяналізм людзей, якія зрабілі палітыку сваёй прафэсіяй.

Сябра гэтак званае "Палаты прадстаўнікоў" Ігар Катляроў скардзіўся на тое, што на працягу апошніх год ён ня змог надрукавацца ані ў газэце "Советская Белоруссия", ані ў тыднёвіку "Белорусская газета", ні ў "Аналітычным бюлетэні" інфармацыйнае кампаніі БелаПАН. У адной рэдакцыі ягоны матэрыял назвалі сумным, у іншай – прапанавалі да вынікаў сацыялягічных дасьледваньняў, якія падрыхтаваў спадар Катляроў, дадаць рэдакцыйны камэнтар.

Гэты эпізод добра характарызуе атмасфэру й зьмест сёньняшняе сустрэчы. Чаму тут зьдзіўляцца – кожны, мабыць можа ўзгадаць не адзін выпадак, калі ягоны артыкул так і ня трапіў у друк.

Але ж палітыкі, якія ўдзельнічалі ў сёньняшнім паседжаньні, напрыклад, памочнік Лукашэнкі Сяргей Посахаў, прэзыдэнт Фонду дапамогі ахвярам Чарнобыльскае катастрофы Міхась Образаў, старшыня рэспубліканскае рады Беларускага грамадзкага аб'яднаньня вэтэранаў Вялікай Айчыннай вайны Анатоль Новікаў казалі пра тое, што журналісты павінныя ў поўным і дакладным выглядзе данесьці пазыцыю палітыкаў да аўдыторыі, больш увагі зьвяртаць на зьмястоўны бок артыкулаў.

На гэтыя аксіяматычныя заўвагі журналісты адразу адрэагавалі: калі апазыцыйныя палітыкі ахвотна кантактуюць з мэдыямі, дык прадстаўнікі афіцыйных уладаў, як правіла, баяцца выказаць сваю асабістую думку. Таму і матэрыялы іхныя нецікавыя, сумныя, заштампаваныя.

Але пераканаць адзін аднаго бакі не змаглі. Таму шмат у каго, як напрыклад, у аглядальніка тыднёвіка "Белорусский рынок" Паўлюка Быкоўскага засталося пэўнае незадавальненьне:

(Быкоўскага: ) "Я магу сказаць, што я знаходжуся ў стане фрустрацыі, як кажуць псыхолягі, бо сапраўды, з аднаго боку, пытаньне сапраўды важнае, і сапраўды рэдкая адбылася падзея, калі сабралася за адным сталом і недзяржаўная, і дзяржаўная прэса, нават прадстаўнікі ўлады прысутнічалі. Але разам з тым, мне падалося, што мы ня здолелі абмеркаваць гэтае пытаньне ўвогуле. Бо выбаршчыкі (ці лепей казаць беларускія грамадзяне), яны ўсё роўна ня ведаюць пазыцыю розных палітычных сілаў, і гэты круглы стол не дае магчымасьці нават дамовіцца паміж журналістамі, каб яны даклалі сваім чытачам пазыцыі розных бакоў. Сапраўды, як адзначыў хтосьці з удзельнікаў, чытачы недзяржаўнай прэсы больш цікавяцца палітыкай і больш ведаюць нават пазыцыю дзяржаўных структураў. Разам з тым, вялікая колькасьць насельніцтва ня ведае ніякай пазыцыі, нічыёй пазыцыі і нават ня ведае, як называецца той заканадаўчы орган, у які мусяць у кастрычнімку адбыцца выбары. Мне здаецца, што гэта вельмі важнае пытаньне і вырашыць яго з дапамогай такога круглага стала было б немагчыма. Ну але там мы сустрэліся, і гэта, напэўна, было добра".

Гэта быў журналіст Паўлюк Быкоўскі.

А аглядальнік "Звязды" Юрась Ляшкевіч зьвярнуў увагу на тое, што грамадзкую думку ў правінцыі будзе рыхтаваць не цэнтральная, а мясцовая прэса, прадстаўнікоў якой на "круглы стол" увогуле не запрасілі:

(Ляшкевіч: ) "Адна плашчына – прэса-улада-апазыцыя. Другая плашчына – прэса-выбары. Ня дзіва, што мы тут у сталіцы сабраліся і больш схіляемся да першай плашчыны. А галоўную ролю адыграе ўсё ж мясцовая прэса…"

Гэта быў журналіст Юрась Ляшкевіч.

Першы дыялёг палітыкаў і журналітстаў адбыўся. Пад час яго гучалі заклікі зрабіць яго рэгулярным.

Уладзімер Глод, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG