Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 жніўня 2000 г.


Валянцін Жданко, Менск

Цягам апошняга году ў нашай пошце стала заўважна болей лістоў, у якіх вы, шаноўныя слухачы, выказваеце свае меркаваньні наконт пачутага, просіце парады, дзеліцеся назіраньнямі, разважаеце пра палітычныя і эканамічныя праблемы. Ад сёньня некаторыя з гэтых лістоў будуць гучаць ня толькі ў штотыднёвым аглядзе "Паштовая Скрынка 111", але і ў нашай новай рубрыцы "Лісты на Свабоду". Сёньня – ліст на "Свабоду" ад нашага сталага слухача і аўтара спадара Шапавалава з латвійскага гораду Даўгаўпілсу.

Спадар Шапавалаў піша:

"Апазыцыя тлумачыць правалы ў палітыцы Лукашэнкі адсутнасьцю рынкавых рэформаў і дэмакратыі. Афіцыйныя мас-мэдыі настойліва даводзяць беларусам, што цяжкасьці ў эканоміцы й нізкі ўзровень жыцьця абумоўленыя распадам савецкай імпэрыі, а таму, маўляў, неабходна як мага хутчэй аб'яднацца з Расеяй. Інакш кажучы, вядзецца мэтанакіраваная ліквідацыя дзяржавы й вынішчэньне нацыі.

… Пра рэформы ў Беларусі казаць яшчэ рана, і ня трэба палохаць людзей, бо яны не забылі абвалу жыцьцёвага ўзроўню на пачатковым этапе дэмакратыі і незалежнасьці. Тады, не зразумеўшы сутнасьці падзеяў, ва ўсіх грахах абвінавацілі Шушкевіча й БНФ. Імпэрскія сілы скарысталі гэтую сытуацыю, захапілі ўладу і вядуць Беларусь у расейскім фарватэры. Беларусь ужо цяпер у імпэрскім мяху, і засталося зусім мала, каб яна ўвогуле зьнікла з палітычнай мапы.

Пра рэформы будзе думаць нацыянальны ўрад, які найперш умацуе незалежнасьць, выгнаўшы ўсе варожыя сілы. Рэформы павінны быць эвалюцыйнымі, служыць народу й дзяржаве, не зьніжаць жыцьцёвага ўзроўню. Ня варта браць прыклад рэвалюцыйных рэформаў у Латвіі, дзе, разагнаўшы калгасы, пакінулі людзей бяз працы. Рэфарматары спахапіліся, але было позна. Непрадуманыя і няўзважаныя дзеяньні прывялі да развалу ня толькі калгасаў, але і ў цэлым трывалае сельскае гаспадаркі. Цяпер палі ў Латвіі зарастаюць, а Захад, захапіўшы рынак збыту, запоўніў яго сельгаспрадуктамі ды іншымі таварамі.

У прамысловасьці крымінальныя рэфарматары, набіўшы кішэні, каб не плаціць падаткі, знарок банкруцяць свае прадпрыемствы і з малатка прадаюць такім жа прахадзімцам за сымбалічную цану… Рабочым заробкі ня плацяць – няма грошай, а самі тым часам купляюць за мяжою нерухомасьць коштам па некалькі мільёнаў даляраў. Рабочы ня мае права запатрабаваць заробленае, і застаецца ні з чым. Такія рэформы і такі драпежны капіталізм нікому не патрэбныя, яны спараджаюць настальгію па мінулым. Калі Беларусь апынецца ў абдымках такіх рэфарматараў, яна бесьперашкодна стане Паўночна-Заходняй губэрняй Расеі",

– гэта быў ліст нашага сталага слухача і аўтара спадара Шапавалава з латвійскага Даўгаўпілсу.

Супастаўленьне шляхоў, якімі ідуць цягам апошняга дзесяцігодзьдзя з аднаго боку – Беларусь, а з другога – суседнія зь ёю дзяржавы Балтыі – распаўсюджаны сярод палітыкаў прыём. Ім ахвотна карыстаюцца і прыхільнікі дэмакратычных рынкавых пераўтварэньняў, і іхныя апанэнты.

Паказальна, што менавіта пад гэтымі лёзунгамі, якія прыводзіць як аргумэнты спадар Шапавалаў – пра драпежны капіталізм, адмоўны досьвед балтыйскіх рэформаў ды злачынцаў-рэфарматараў – у свой час прыйшоў да ўлады Аляксандар Лукашэнка. Усе шэсьць мінулых гадоў ён пасьлядоўна ажыцьцяўляў адпаведную палітыку – захаваў калгасны лад і пакінуў ва ўласнасьці дзяржавы прамысловасьць. Ані калгасы, ані буйныя заводы гэта не ўратавала. І незалежнасьць зусім не ўмацавала.

Пагроза для незалежнасьці Беларусі, якая можа сыходзіць ад рынкавых рэформаў паводле латвійскага ўзору і пра якую піша спадар Шапавалаў, выглядае сёньня ня дужа актуальнаю – дзеля гэтага рэформы павінны хаця б пачацца, а пры сёньняшняй уладзе гэта выглядае малаверагодным. Але калі ў пэрспэктыве такая пагроза і паўстане, Беларусь, якая ўсе мінулыя гады бясплённа шукала шляхоў назад, зможа скарыстаць досьвед суседзяў (у тым ліку адмоўны), якія апярэдзілі яе, і пазьбегнуць многіх памылак, пра якія згадвае ў сваім лісьце наш слухач з латвійскага Даўгаўпілсу спадар Шапавалаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG