Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 жніўня 2000 г.


Юры Дракахруст

(эфір 12 жніўня)
Падзеньне рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі працягваецца – толькі крыху больш за траціну апытаных гатовыя галасаваць за яго на прэзыдэнцкіх выбарах. Колькасьць людзей, якія маюць намер удзельнічаць ў восеньскіх парлямэнцкіх выбарах, працягвае павялічвацца. Гэтыя ды іншыя вынікі ліпеньскага апытаньня Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў прадстаўляе Юры Дракахруст.

Толькі 33,6% апытаных гатовыя аддаць свае галасы Аляксандру Лукашэнку, калі б прэзыдэнцкія выбары адбыліся сёньня. На працягу 4 гадоў рэйтынг кіраўніка дзяржавы вагаўся паміж 40 і 50 %, з кастрычніка 1998 пачалося павольнае, але няўхільнае падзеньне: 1998 год – 52%, 1999 – 46%, красавік сёлета – 38%, у чэрвені – столькі ж , у ліпені – новае падзеньне.

Але сацыёлягі адзначаюць, што электаральны рэсурс Лукашэнкі яшчэ даволі вялікі і ў пэўных варунках можа ўзрасьці. Страта ім папулярнасьці не ператвараецца у істотны рост рэйтынгаў іншых палітыкаў. Праўда, варта адзначыць, што нарастаюць сымпатыі да прэм'ера Ярмошына: ён апынуўся на чацьвертым мейсцы (пасьля Лукашэнкі, Чыгіра і Шушкевіча) пры параўнаньні з усімі палітыкамі.

Апытаным таксама было прапанавана выбраць найлепшага кандыдата ў прэзыдэнты са сьпіса, у якім не было імя Лукашэнкі. Па гэтым пытаньні прэм'ер выйшаў нават на першае мейсца. Ад пытаньня, зразумела, шмат у чым залежыць і адказ, але тэндэнцыя відавочная. Магчыма, справа тут нават не ў асабістых якасьцях спадара Ярмошына – досьвед паказвае, што старшыня ўраду заўсёды аўтаматычна атрымлівае немалую долю народных сымпатыяў. Але пакуль усе гэтыя тэндэнцыі – зьявы, так бы мовіць, "другой лігі". Нават за агульнага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыйных партыяў гатовыя галасаваць толькі кожны дзясяты, за незалежнага, невядомага пакуль кандадыта, і то больш – 29%.

Як ні дзіўна, куды большыя шанцы апазыцыя, а дакладней – альтэрнатыва існуючай уладзе, мае якраз на парлямэнцкіх выбарах. Колькасьць тых, хто гатовы на выбарах у парлямэнт галасаваць за апазыцыянэраў ці незалежных кандыдатаў, амаль роўная калькасьці гатовых галасаваць за прыхільнікаў Лукашэнкі ці за іншых прадстаўнікоў "партыі ўлады". Сацыёлягі адзначаюць цікавы фэномэн: калі людзей пытаюць, за каго, паводле іх меркаваньня, прагаласуе большасьць выбаршчыкаў, тут большасьць апытаных, у тым ліку і значная частка праціўнікаў улады, адказваюць – за існуючую уладу. Незадаволеныя ўладаю не ўсьведамляюць, што яны даўно ўжо перасталі быць меншасьцю, што іх сілы амаль роўныя сілам супрацьлеглага боку. Але падаецца, што пераканаць іх у гэтай памылцы могуць ізноў такі выбары.

А вось байкот выбараў наўрад ці можа адыграць гэтую ролю. З чэрвеня па ліпень колькасьць тых, хто выказаў цьвёрды намер ісьці на восеньскія выбары, павялічылася на 5% і дасягнула амаль дзвюх трацінаў. Праўда, адказы істотна залежаць ад пытаньня. Напрыклад, калі вызначаецца стаўленьне рэспандэнтаў да плянаў апазыцыі байкатаваць выбары з прычыны невыкананьня ўладамі ўмоваў АБСЭ, толькі кожны другі адказвае, што ў выбарах трэба браць удзел у любым выпадку, а байкот выказвае гатоўнасьць падтрымаць прыблізна кожны дзясяты. А калі высьвятляецца, які ўплыў акажа магчымае рашэньне ўсясветнае супольнасьці яшчэ да выбараў аб'явіць пра непрызнаньне іх вынікаў, тут ужо менш паловы рэспандэнтаў адказваюць, што і ў гэтым выпадку пойдуць да выбарчых скрыняў.

Так што пэўны рэсурс у прыхільнікаў байкоту ёсьць: для немалой часткі беларусаў маюць значэньне і меркаваньні апазыцыі і, асабліва, – меркаваньні сьвету. Але падаецца, што кардынальнага зьмяніць сытуацыю шляхам байкоту гэтыя людзі ня ў стане. Да выбараў яшчэ 2 месяцы, і тэндэнцыя сьведчыць пра тое, што 15 кастрычніка да выбарчых скрыняў у Беларусі прыйдзе значна больш за палову выбаршчыкаў.

Дарэчы, цікава параўнаць: у Югаславіі, дзе частка апазыцыі таксама мае намер байкатаваць выбары, ў тым жа ліпені ідэю байкоту, паводле апытаньняў, падтрымліваў кожны пяты – удвая больш, чым у Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG