Як ужо паведамлялася, у Польшчы у атмасфэры бурнай палемікі і эмоцыяў праходзіць люстрацыя кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта краіны. Учора люстрацыйны суд прызнаў, што Квасьнеўскі – гэта не агент "Алек", ён не супрацоўнічаў са службамі бясьпекі і можа спакойна балятавацца на другі тэрмін. Сёньня, аналягічны вэрдыкт суд вынес таксама у справе былога прэзыдэнта, гістарычнага заснавальніка "Салідарнасьці" і ляўрэата Нобэлеўскай прэміі Леха Валэнсы. Нагадаю, што "люстрацыйны закон" быў прыняты ў атмасфэры
бурных палемікаў, якія узмацніліся апошнімі днямі з прычыны працэсаў у справе кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта. Ініцыятары люстрацыі цьвердзяць, што трэба разьлічыцца зь мінулым і выявіць тых, хто шкодзіў даносамі ўласнаму народу і свайму асяродзьдзю. Праціўнікі закону лічаць, што ў сэнсе самой ідэі, люстрацыя слушная і патрэбная, але яна можа стацца інструмэнтам маніпуляцыі, паклёпаў і палітычнай барацьбы. Усё гэта ужо здаралася. Управа Аховы Дзяржавы пратрымала дакумэнты ў справе Квасьнеўскага паўтары гады і пераслала іх ў суд якраз у часе перадвыбарчай кампаніі. Былы прэм'ер Олексы стаў ахвяраю паклёпу. Суд вынес прысуд, што ён ня быў агентам, але пасаду, не кажучы пра здароўе, ён незваротна страціў. Што тычыцца маніпуляцыі, дык яна палягае ў наступным. Выконваючы нечы заказ, напрыклад, канкурэнтаў на пасаду прэзыдэнта, Управа Аховы Дзяржавы можа раз-пораз падкідаць у суд нейкія дакумэнты, а суд будзе зацягваць справу і гэткім чынам не дапусьціць нейкага палітыка да выбараў. Варта адзначыць, што само прызнаньне супрацоўніцтва з камуністычнымі спэцслужбамі ня цягне за сабою ніякіх нэгатыўных вынікаў. Затое, калі люстрацыйны суд выявіць, што дэпутат Сойму, палітык або кандыдат на высокую дзяржаўную пасаду схлусіў, не прызнаўшыся ў супрацоўнітве са спэцслужбамі, ён будзе пазбаўлены пасады і на працягу 10-ці гадоў ня можа выконваць ніякай публічнай функцыі. Зразумела, акрамя кампрамэтацыі, ён аўтаматычна выпадае і з прэзыдэнцкай гонкі. Вось перад такой пэрспэктывай стаяў сёньня "легенда "Салідарнасьці", ляўрэат Нобэлеўскай прэміі і былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса. У тым, што у 70-я гады ён быў агентам пад мянушкай "Болек", некаторыя СМІ, як тыднёвік "НЕ" абвінавачваюць яго ужо даўжэйшы час. Аднак нават палітычныя праціўнікі Валэнсы лічаць, што люстрацыйны суд над Валэнсам – гэта ганьба для народу, які ня умее ушанаваць сваіх найлепшых сыноў. Лех Валэнса адхіляе абвінавачаньні на свой адрас і заяўляе, што усе дакумэнты супраць яго былі адмыслова зробленыя і фальшаваныя, каб скампрамэтаваць яго. Сёньня,абгрунтоўваючы свой вэрдыкт суд прызнаў, што арыгінальныя дакумэнты пра супрацоўніцтва Валэнсы са службамі бясьпекі праўдападобна ніколі не існавалі. Дарэчы, сёньня люстрацыйны суд выявіў дакумэнты, зь якіх вынікала, што ў 70-я гады служба бясьпекі фальшавала досье "Болека" і перашкодзіла яму ў атрыманьні Нобэлеўскай прэміі ужо у 82-м годзе. Нядаўна сам Валэнса заявіў, што дакумэнты супраць яго – гэта толькі "рука", а ён хацеў бы прыцягнуць да адказнасьці "галаву гэтай рукі" – генэрала Ярузэльскага і былога міністра ўнутраных справаў Кішчака. Сёньня ў часе слуханьняў у люстрацыйным судзе, намесьнік грамадзкага абвінаваўцы Кшыштоф Каўба прапанаваў спыніць справу супраць Валэнсы без адназначнага вэрдыкту. Былы кіраўнік Управы Аховы Дзяржавы ( УОП) Пётар Наімскі сьцьвердзіў, што, на ягоную думку, "Валэнса – гэта агент пад мянушкай Болек". У адказ Лех Валэнса ва ўласьцівай для сябе манэры заявіў, што "Наімскі наплёў глупстваў і будзе моцна саромецца і тлумачыцца з гэтага". Падтрымаў Валэнсу іншы былы кіраўнік цяперашніх спэслужбаў Громослаў Чэмпінскі, які запярэчыў абвінавачаньням супраць былога прэзэдэнта. "Гэта ганьба, каб сымбаль "Салідарнасьці" удзельнічаў у такім гнюсным спэктаклі" – сказаў Чэмпіньскі. Шматгадовы палітвязень Кароль Мадзэлеўскі лічыць, што ў параўнаньні зь неацэннымі заслугамі Валэнсы перад краінай, такія плямы на ягонай біяграфіі наогул неістотныя. "Нават калі б Валэнса некалі быў вымушаны пайсьці на нейкія саступкі, дык гэта быў самотны рабочы, зь якім ў любы момант можна было зрабіць усё і нават забіць. І калі гэты чалавек здолеў вызваліцца, вырвацца зь іхных кіпцюроў, дык за гэтую стойкасьць і сьмеласьць я больш паважаю Валэнсу, чым за ўсе іншыя посьпехі" – заявіў Мадзэлеўскі.