Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 жніўня 2000 г.


Сёньня мы працягнулі журналісцкае расьсьледаваньне лёсу беларусаў-інвалідаў, якія ў Італія сталіся ахвярамі расейскай мафіі. Учора агенцтва БелаПАН паведаміла, што італьянская паліцыя арыштавала шасьцёх расейцаў, якія нібыта ўвезьлі ў Італію 200 глуханямых беларусаў і прымушалі іх пабірацца на пляжах і ў рэстаранах, а пасьля адбіралі грошы. Агенцтва France Press паведаміла, што ў расейцаў канфіскавалі 14 тысячаў даляраў. Мы высьветлілі, што лічба "200" прыблізная. Нам далі інтэрвію палкоўнік італьянскіх карабінэраў і журналіст адной з мясцовых газэтаў.

Столькі, на думку італьянскай паліцыі, можа знаходзіцца пабірахаў у паўночных раёнах Італіі. Паводле зьвестак журналіста адной з мясцовых газэтаў Маўрыцыё Сільдэстры, адна з ахвяраў мафіі вырашыла зьвязацца з паліцыяй. Гэта адбылося ў горадзе Прато. Што патрабавала мафія ад сваіх ахвяраў? Гаворыць журналіст Маўрыцыё Сільдэстры:

(Сільдэстры: ) "Ісьці ў рэстаран або начны клюб, прасіць у людзей грошай або прадаваць якія маленькія рэчы. Рускія забіралі ўсе грошы, нічога не пакідаючы беларусам".

Мы зьвязаліся таксама з прадстаўніком спэцыяльнага падразьдзяленьня італьянскай паліцыі – карабінэраў, у названым горадзе Прато. Палкоўнік карабінэраў Віня з гораду Прато сказаў, што працягваецца расьсьледаваньне, і ён ня можа паведаміць усе дэталі, аднак коратка адказаў на нашыя пытаньні. Найперш мы спыталі, ці праўда, што ўсе 200 асобаў – гэта грамадзяне Беларусі?

(Віня: ) "Што да паведамленьня пра 200 грамадзянаў – то гэта як беларусы, так і расейцы. Гэта прыблізная лічба".

Мы запыталіся таксама пра ўзрост асобаў, якія былі вымушаныя працаваць на мафію.

(Віня: ) "Гэта маладыя, аднак дарослыя людзі, якім ужо больш як 18 гадоў".

Палкоўнік карабінэраў таксама паведаміў, што сярод арыштаваных, якіх падазравалі ў гэтым незаконным бізнэсе, былі ня толькі расейскія грамадзяне.

(Віня: ) "Арыштавалі шэсьць чалавек. Сярод іх як грамадзяне Расеі, так і Беларусі. Не магу сказаць дакладна. Яны былі арыштаваныя карабінэрамі ў горадзе Прато. Іх злавілі, як кажуць, на гарачым. Крымінальны артыкул, паводле якога іх абвінавачваюць – гэта гвалтоўны захоп асобы. Яны захапілі трох асобаў – беларускіх грамадзянаў, трымалі іх сілаю, запалохваньнем, пазбаўлялі іх свабоды перамяшчэньня. Гэтыя трое былі мужчыны. Працягваецца расьсьледаваньне карабінэраў, і ў бліжэйшы час у судовым парадку будуць выслуханыя ўсе бакі".

(Карэспандэнт: ) "Вяртаючыся да тых 200 асобаў, ці праўда, што ўсе яны глуханямыя?"

(Віня: ) "Не скажу, што ўсе былі глуханямыя, але ўсе яны інваліды".

(Карэспандэнт: ) "Як яны прыехалі у Італію?"

(Віня: ) "Яны прыехалі па турыстычных візах, аднак не вярнуліся на радзіму ў вызначаны час".

(Карэспандэнт: ) "Што будзе з гэтымі людзьмі, якія парушылі візавы рэжым у Італіі?"

(Віня: ) "З моманту, калі будзе ўстаноўленая асоба кожнага, яны падлягаюць выдварэнню, вяртанню на радзіму".

Гэта інфармацыя пра лёс беларусаў у Італіі, якую нам сёньня паведамілі палкоўнік італьянскіх карабінэраў Віня і журналіст Сільдэстры. Расьслудаваньне гэтай справы італьянскімі ворганамі правапарадку працягваецца. Сачыце за нашымі праграмамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG