Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 жніўня 2000 г.


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць

У нядзелю, 6 жнiўня, улады Бярозы забаранiлi сустрэчу грамадзкасьцi гэтага гораду зь намесьнiкам старшынi БНФ "Адраджэньне" Юрыям Хадыкам у мясцовым Доме культуры. У вынiку сустрэча адбылася на прыватнай кватэры, а арганiзатары гэтага сходу зьвярнулiся ў пракуратуру.

Яшчэ 20 лiпеня жыхар Бярозы Сяржук Русецкi зьвярнуўся ў раённы выканкам з заяваю, у якой прасiў даць дазвол на правядзеньне 6 жнiўня ў гарадзкiм Доме культуры сходу сяброў дэмакратычных грамадзкiх аб'яднаньняў, палiтычных партыяў ды iншых жыхароў Бярозы. На гэты сход быў запрошаны намесьнiк старшынi БНФ "Адраджэньне" Юры Хадыка.

Ведаючы, што на сустрэчу з гэтым палiтыкам пажадае прыйсьцi шмат людзей, ейныя арганiзатары й вырашылi правесьцi яе ў прыстасаваным для гэтых мэтаў памяшканьнi. Адначасова спадар Русецкi адзначаў у сваёй заяве ў раённы выканкам, што ў выпадку немагчымасьцi прадставiць памяшканьне Дому культуры, сход будзе праведзены на гарадзкiм стадыёне, бо менавiта гэтае месца вызначана мясцовай "вэртыкальлю" на тое, каб ладзiлiся масавыя акцыi.

Але старшыня Бярозаўскага раённага выканкаму Iльля Малейцiн адмовiўся даваць дазвол на правядзеньне сходу, спаслаўшыся на тое, што правядзеньне гэтае акцыі не прадугледжана Законам. У вынiку сустрэчу з Юрыям Хадыкам прыйшлося перанесьцi на прыватную кватэру, якая не здолела прыняць усiх жадаючых паўдзельнiчаць у сходзе.

Цiкава, што й тут арганiзатараў чакалi пэўныя праблемы: суседзi гаспадара кватэры, дзе адбываўся сход, спрабавалi сарваць сустрэчу, незадаволеныя вялiкiм натоўпам людзей, якiя быццам бы перашкаджаюць адпачываць. Суседзi выклiкалi мiлiцыю, але тыя, прыехаўшы ў вызначанае месца, не перашкаджалi правядзеньню сходу.

Тым ня менш адзiн з арганiзатараў сходу Сяржук Русецкi зьвярнуўся ў раённую пракуратуру з заяваю, у якой просiць накласьцi пратэст на згаданае распараджэньне старшынi раённага выканкаму. Спадар Русецкi лiчыць, што гэты нарматыўны акт кiраўнiка мясцовае "вэртыкалi" не адпавядае iснуючаму заканадаўству i безпадстаўна абмяжоўвае права грамадзянаў на свабоду сходаў.

Аўтар заявы таксама просiць пракуратуру адрэагаваць на вуснае распараджэньне намесьнiка старшынi раённага выканкаму спадара Сакалоўскага, якi забаранiў Бярозаўскай кабельнай тэлевізіі перадаваць аб'явы пра маючыя адбыцца акцыі апазыцыi, нават калi гэтыя аб'явы замаўлялiся ў выглядзе платных вiншаваньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG