Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забыты віцебскі мастак Давыд Якерсан.


Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Пакінутая беларускімі навукоўцамі за непразрыстай мяжою Вільня ўсё болей нагадвае тое, што археолягі назвалі б багатым культурным слоем. Багатым, але недаступным. Горад, чые архівы, музэі й бібліятэкі на дзьве трэці складаюцца з матэрыялаў, што непасрэдна датычныя Беларусі, яшчэ за савецкім часам быў бесьперапынным аб'ектам паломніцтва беларускіх гуманітарыяў - ад акадэмікаў і слынных пісьменьнікаў, да студэнтаў. Адсюль абавязкова везьліся навуковыя сэнсацыі і новыя матэрыялы, што зараз жа ўключаліся ў грамадзкі і навуковы ўжытак. Невычэрпнае радовішча гістарычных і культурных фактаў абяцала ніколі ня скончыцца і бясконца доўга забясьпечваць беларускую культуру новымі імёнамі і творамі, высьвечанымі зь нябыту. І вось рабочыя пакідалі кіркі на дне хіба толькі распачатага прыіску. Цяпер жа адно зрэдзьчасу завітае ў Вільню які архівіст, каб горычна ўздыхнуўшы адправіцца назад, у Рэспубліку Беларусь.

Такая сытуацыя і засмучае нас, аўтараў Вострае Брамы, але й прымушае па магчымасьці прынамсі не прапускаць тыя скарбы і адкрыцьці, якія ляжаць на паверхні, і даносіць іх імёны і назвы да ведама беларускіх творцаў гуманітарнае навукі, аматараў гісторыі і мастацтва. Сёньняшні выпадак - з гэтага шэрагу.

Сяргей Харэўскі адшукаў у Вільні матэрыялы, зьвязаныя з жыцьцём і творчасьцю яшчэ аднаго наглуха забытага беларускага мастака. Паслухаем ягоны роспавед.

(Сяргей Харэўскі: ) "На мінулым тыдні я завітаў быў у Віленскую Акадэмію мастацтваў. Тут добрая сталоўка, уладкаваная ў былой кляшторнай ядальні. Высачэзныя гатычныя скляпеньні, сьпічастыя вокны проста ў Бэрнардынскі сад і прахалода...

Гэтымі днямі тут ціха, бо студэнты ўжо скончылі вучобу й разьехаліся. Адно заходзяць акадэмічныя супрацоўнікі, у тым ліку й мае калегі мастацтвазнаўцы. І вось гэтым разам да майго століка падсела даўняя знаёмая, спадарыня Руткаўскене спэцыялістка ў часох клясыцызму. Некалі нас пазнаёміў вядомы беларускі архітэктар-рэстаўратар Валянцін Калнін. Гадоў дзесяць таму. І цяпер нам знайшлося пра што пагаварыць-папрыгадваць...

Я распавёў, як рухаецца мая навука, дзе й што бачыў. Раптам спадарыня Руткаўскене запыталася, ці ня ведаю я такога мастака - Давыда Якерсана. Нешта, кажу, чуў. Здаецца быў такі ў Віцебску за часоў Шагала. Але ягоных твораў бачыць не даводзілася. "Ну то хадзем", - па змоўніцку панізіўшы голас, запрасіла каляжанка.

Мы зайшлі ў Акадэмію і ў сваім кабінэце яна працягнула вялікую пульхную тэчку. Перада мною апынуліся дзясяткі малюнкаў, гравюраў, здымкаў нейкіх абстрактных скульптураў. Тутака ж былі й розныя чарнавікі лістоў ці артыкулаў. На адвароце тэчкі быў надпіс па-расейску "Мастак Давыд Якерсан. Нарадзіўся ў 1886 годзе, Віцебск»... Як высьветлілася, гэтая тэчка патрапіла ў Вільню ў 1938 годзе, на тагачасны факультэт мастацтваў пры ўнівэрсітэце. Яе перадаў сюды невядомы чалавек з Коўна. Апроч малюнкаў ды здымкаў, да яе ж прыкладаўся ліст...

Хто такі Давыд Якерсан? Для тых, хто вывучаў гісторыю віцебскае мастацкае школы 20-х гадоў, гэтае імя павінна было трапляцца на вочы ў тагачасных пэрыёдыках ды ўспамінах мастакоў. Яго ўважалі за аднаго з самых таленавітых і любімых вучняў Егуды Пэна. Урэшце, з майстэрні Пэна й пачалася мастакоўская біяграфія Якерсана. Пасьля ён, разам зь сябрамі, Эль Лісіцкім і Фрыляндарам едзе ў Рыгу, дзе паступае ў Палітэхнічны інстытут, але першая сусьветная вайна перарывае ягонае шкаленьне й ён вяртаецца ў Беларусь. Падхоплены ваенна-рэвалюцыйнай завірухаю, ён актыўна ўлучаецца ў мастацкае жыцьцё роднага гораду: кіруе скульптурнай майстэрняю ў Народнай мастацкай вучэльні, вырабляе дзясятак помнікаў паводле славутага пляну манумэнтальнае прапаганды, супольна з Маркам Шагалам стварае аздабленьне Віцебску да гадавіны рэвалюцыі.

У творчасьці гэтага майстра, як у кінастужцы, кадар за кадрам, адлюстраваліся ледзь ня усе тагачасныя мастацкія плыні. Ён пачынаў як прыхільнік "ар нуово", модным тады ў Рызе стылі. Якерсан ствараў вельмі далікатныя, пекна арнамэнтаваныя дэкаратыўныя кампазыцыі. Але першыя ж ягоныя спробы сілаў у скульптуры занесьлі яго ў імпрэсіянізм. Аднак, пасьля знаёмства з Казімерам Малевічам ён становіцца адным з апалягетаў супрэматызму, экспэрымэнтуючы ў кубістычнай ды супрэматычнай скульптуры. На працягу 19-21 гадоў ён стварыў нізку лінарытаў на матывы беларускіх, жыдоўскіх ды расейскіх казак. Дарэчы, гэтае захапленьне казачным фальклёрам наогул было ледзь не абавязковым амаль для ўсіх віцебскіх мастакоў таго часу. Дастаткова прыгадаць клясычныя ілюстрацыі да казак Марка Шагала ці Эль Лісіцкага...

Разам з камісарам Шагалам Якерсан камісарыў таксама. Пасьля супрацоўнічаў зь віцебскім Уновісам, быў тут ці ня самым адданым сябрам Малевіча, дапамог яму перажыць цяжкую зіму 1919 году. Ён імкнуўся быць бліжэй і да Дабужынскага, у якім Якерсану гэтак імпанавала ўпэўненая інтэлігентнасьць і вышэйшы культурны кшталт. Імя Якерсана несупынна паўтаралася ў гэтым коле мастакоў. Побач зь імёнамі Лісіцкага, Коган і Ермалаевай. Але пасьля Якерсан быў забыты. Забыты настолькі, што ягонае імя не патрапіла нават у 5-тамовік Энцыкляпэдыі Літаратуры і Мастацтва Беларусі. Ён рабіў нібы ўсё тое ж, што й ягоныя паплечнікі й землякі: архітэктоны, кампазыцыі з чорнымі квадратамі, "супрэматычныя" фігуркі ды безьліч графічных аркушаў. Усё тое ж, можа й лепей, бо ён ніколі не выглядаў на вузкага адэпта аднае плыні... Імя мастака сьцерлі са скрыжаляў гісторыі нашага мастацтва.

(Сяргей Дубавец: ) “Сяргей Харэўскі знаёміць нас з постацяй забытага беларускага мастака Давыда Якерсана. Якерсан - яшчэ адзін мастак з пляяды Малевіча і Шагала, які, у адрозьненьне ад іх, ня толькі ня зьведаў усясьветнай славы, але й згубіўся недзе ў таўшчэчы архіўных дакумэнтаў, да якіх толькі пачынае даходзіць - і тое, зусім выпадкова, - сучасны дасьледчык.

Калі мастацкі лёс Давыда Якерсана яшчэ можа павярнуцца на шчасьлівае разьвіцьцё і прынесьці беларускаму мастаку ўсясьветную славу, дык ягоны жыцьцёвы лёс так і застанецца назаўсёды нязьменнаю драмай. Сяргей Харэўскі працягвае:

(Сяргей Харэўскі: ) "Вернемся да віленскай тэчкі. У невялікім сшытку, шчыльна сьпісаным "хімічным" алоўкам, знаходзім ліст:

"Глыбокапаважаны Мсьціслаў Валяр'янавіч! Пішу Вам, хоць і ня ведаю, дзе Вы цяпер. Абставіны складаюцца гэткім чынам, што я нават ня ўпэўнены, ці здолею дапісаць да канца. Пісаць мне больш няма каму. Я, адзін зь першых Вашых вучняў у Віцебску, буду заўсёды асабліва помніць Вас. Я ня быў сьляпы. Не сьляпы я й цяпер. Ясна ўсьведамляю сабе, якая б скрайнасьць не адвяла мяне ад вас у накірунку мастацкіх пошукаў – ваш вобаз сумленнага працаўніка-мастака й найсумленьнейшага чалавека для мяне па-сапраўднаму дарагі. Вы, як мой і маіх землякоў настаўнік, насамрэч, вялікі. Я заўсёды шанаваў Вас. Прашу пра адно – калі да Вас дойдзе гэты ліст і мае работы – паспрыяць у тым, каб яны ня згінулі. Бо, магчыма, згіну неўзабаве й я сам..."

Тут нават у мяне, які за вывучэньнем мастакоўскіх гісторыяў, адвык зьзіўляцца, ад нечаканасці засьмягла ў роце... Гэта ліст Якерсана да Дабужынскага. Пры тым мастак зь Віцебску, пішучы ў Коўна відавочна таемна, намякае на нейкія драматычныя абставіны, што могуць каштаваць яму жыцьця. У гэтым лісьце-сшытку Якерсан апэлюе й да іх супольнае любові да Віцебску. Некаторыя радкі гучаць шчымліва-сэнтымэнтальна. Наколькі можа быць сэнтымэнтальным мастак у 37-м годзе, пражыўшы паўстагодзьдзя...

"Вы мусіце мяне разумець. Я, як і Вы, люблю фізіянамічнасьць гораду. Кожнае места мусіць мець свой адметны твар, вось жа й наш Віцебск адрозьніваецца ад усіх гарадоў сваім тварам. Памятаеце, ваколіцы Віцебску? Ну, хоць бы Маркаўшчыну. Маркаўшчына, калі памятаеце, была чароўным кутком, дзе можна было ўдосталь напівацца чыстага паветра гэтак, што назаўтра напішаш вясёлы краявід, нібы ён сам сабою нарадзіўся. Там было тое паветра, якое само клалася на палатно. Цяпер тут усё ня так. Баюся, празь які час тут зьменіцца ўсё. Няма больш нашага з Вамі Віцебску..."

Што ж ёсьць у той самай тэчцы зь Віленскае акадэміі яшчэ? Некалькі фатаздымкаў кубістычных скульптураў. Некалькі здымкаў драўляных і гіпсавых барэльефаў, на матывы беларуска-жыдоўскае арнамэнтыкі. Апроч таго, вялікая сэрыя лінагравюраў да розных казак, напрыклад, "Залатое яечка" , "Дурны воўк", "Лісічка-сястрычка", "Музыка ды яшчарка", "Бабчын козьлік"... Стылёвая інтэрпрэтацыя гэтых казак надзвычай калярытная. Нешта тут і ад барочных дрэварытаў, нешта ад графікі Шагала... Але асабліва дзіўнымі падаюцца арнамэнты, у якіх пераплеценыя беларускія геамэтрычныя матывы пляскатае разьбы й вышывак з мудрагелістым усходнім жыдоўскім арнамэнтам. Цікавыя й самі фарматы гэтых гравюраў. Большасьць зь іх мае абрыс авалу, як на традыцыйных жыдоўскіх надмагільлях "мацэвот". Нават канцоўка "Козьліка" выдае хутчэй на тонка-гіранічную трактоўку юдэйскага сымбалю – аленя... Апроч казачных, фантастычных сюжэтаў, тамсама ёсьць багата малюнкаў і гравюраў на дакумэнтальныя сюжэты. Гэта й замалёўкі беларускіх гарадоў і мястэчак. І карцінкі з жыдоўскага побыту. І невялічкая нізка, прысьвечаная эвакуацыі й падзеям ваеннага міжчасься 14-21-га гадоў.... Ёсьць таксама й некалькі ранейшых аркушоў, цяжка вытлумачальнага, сымбалічнага зьместу: нейкія бясполыя астэнічныя постаці ў садзе, невядмых краёў архітэктура, уплеценыя ў мудрагелістыя выявы лілеяў. Напэўна, гэта творы яшчэ рыскае, даваенае пары...

"Я ня сьмею спадзявацца на тое, каб Вы прынялі нейкі ўдзел у вырашэньні майго лёсу. Прашу Вас аб адным – ня дайце згінуць бяз знаку ўсяму гэтаму, што я дасылаю да Вас. Тут плён усяго майго мастакоўскага жыцьця. Многае рабіў я для Беларускага дзяржаўнага музэю, пакуль меў замовы ад дырэктара Ластоўскага. Але доўга ад яго не было вестак. Я сам езьдзіў у Менск. Яго нідзе няма. Прапала й багата маіх работаў. Тут амаль усё, што засталося. Давяраю гэта Вам. Дзеля нашае памяці пра Беларусь, пра Віцебск. Каб была магчымасьць выдаць хоць частку гэтага ў Ленінградзе... Вы, я ведаю, яшчэ маеце там знаёмых. Я ўжо не. Ніводзін мой ліст не знайшоў адказу. Ад гэтага цяпер залежыць надта шмат. Прадчуваю, што мае пакуты й пакуты майго біблейскага народа (я ведаю Вашую прыязнасьць да яго) ня скончаныя".

Якерсан быў правінцыялам ідэалістам. Ён меркаваў, што калі ў Ленінградзе па-ранейшаму выходзяць кнігі ў аздобе Дабужынскага, дык і ён сам мае там нейкую вагу. Дабужынскі з 33-га году ўжо не рызыкаваў зьяўляцца ў былой расейскай сталіцы. Там дадрукоўвалі яшчэ тыя ягоныя рэчы, што праляжалі шмат гадоў. Ды й ягонае становішча ў міжваеннай Літве выглядала няпэўным... Гэтаксама, відаць, Якерсан перабольшваў прыязнасьць Дабужынскага да ягоных супляменьнікаў. Заўсёды гранічна ветлівы арыстакрат, натуральна, ніколі ня мог апусьціцца да нейкага антысэмітызму. Пагатоў, твар у твар. Хоць у сваіх дзёньніках ён быў больш шчыры. І ягонае стаўленьне да жыдоў было тыповым для ягонага кола – паблажліва-гіранічным... Але ці мог ён застацца раўнадушным да гэткае мальбы? Якерсан спасылаўся на блізкія й зразумелыя Дабужынскаму рэчы...

"На маляваньне і жывапіс я заўсёды глядзеў са сваёй кропкі, ішоў па пракладзеным мною самім шляху й іншых вёў гэтай дарогаю... Каму ж я ўдзячны найбольш, дык гэта нашаму старому настаўніку, дарагому Юрыю Міхайлавічу. Я ніколі ня здолеў бы адмовіцца ад гэтага, відавочнага мне і ўсім нам, тут у Віцебску, факту... Няма болей старога Пэна. Гэта несправядліва й страшна. Ня верце нікому! Тое, што пішуць тут, няпраўда... Сёньня пад сумленным чалавекам разумеюць у нас прастака, блізкага да юродзівага. На таго, хто прамаўляе словы пра гонар, глядзяць цяпер як на слабаразумнага ці на рамантычнае дзіцё".

У ноч з 1 на 2 красавіка 1937-га году Егуда Пэн, ці Юры Міхайлавіч, як яго называе Дабужынскаму Якерсан, быў па зьверску забіты ў сябе дома. Забойства гэтае, на першы погляд, абсалютна бессэнсоўнае, дагэтуль не раскрытае. У ім зьвінавацілі сваякоў Пэна. Маўляў, ім патрэбныя былі грошы. Але куды тыя грошы ў 37-м. Пагатоў, менавіта сваякі й мусілі ведаць, што ў Пэна тых грошай не было... Настаўнік гэткіх мастакоў, як Шагал, Лісіцкі, Цадкін, Рояк, Якерсан, ды яшчэ сотні, жыдоў і беларусаў, сыйшоў з жыцьця брутальна й цёмна. Гэтак вусьцішна скончылася вялікая кароткая эпоха віцебскае школы. Якерсан настойвае, што "вакол усё няпраўда"... Можа гэтая трымтлівая боязь, што скразіць з кожнага радка ягонага ліста, мае трывалыя падставы? Можа ён ведаў сапраўных забойцаў й іхныя матывы?

Трэба разумець, Дабужынскі ня мог даць рады творам Якерсана. Мо й слушна зрабіў. Бо ў тагачасным Ленінградзе ім не было месца. Якерсан да апошніх дзён быў пры сваім любімым настаўніку. Пасьля ягонага трагічнага скону ён зьяжджае ў Маскву. Ягоныя графічныя творы адпраўляюцца ў Літву, магчыма дзякуючы каму з дыпляматаў. Бо й Пэн быў родам зь Літвы. Абставіны сьмерці Пэна не маглі не насьцярожыць тых, хто ведаў, што такое бальшавізм... У Коўне пасылку атрымаў Дабужынскі. І зрабіў зь ёю самае разумнае – адправіў на перахаваньне ў Вільню. Бо й над Літвою зьбіраліся фашыстоўскія хмары. У 1939 годзе Дабужынскі ад'ехаў на Захад... Ці згадваў ён калі той адчайны ліст мастака, які гэтак хацеў зьберагчы хоць нешта па сабе? І што думаў Якерсан, гэтак і не атрымаўшы ніякіх зьвестак ад свайго колішняга калегі? Так ці йнакш, ён яшчэ колькі гадоў працуе ў Маскве, робіць невялікія скульптуры й малюе. Ажно пакуль не зьнікае назаўжды. Зьнікае наогул, нават са старонак кніг пра беларускае мастацтва..."

(Сяргей Дубавец: ) “Між іншым, сёньняшні расповед Сяргея Харэўскага пра забытага мастака Давыда Якерсана - гэта ні што іншае, як згадка, успамін, вяртаньне зь беспрасьветнага нябыту.

Такім чынам, забыты віцебскі мастак Давыд Якерсан адшукаўся ў Вільні, у адным з кабінэтаў тутэйшай Акадэміі мастацтваў.

Віцебская школа, мабыць, яшчэ тоіць для будучыні падобныя адкрыцьці. Надта ж па-рознаму склаліся лёсы кожнага з тагачасных тамтэйшых творцаў. Відавочна, найболей пашанцавала Шагалу, які пасьпеў зьведаць і калярытны местачковы побыт, і камісарскую скуранку ў рэвалюцыйным горадзе Расейскае імпэрыі, і - урэшце ляўры ўсясьветнае славы, жывучы й працуючы ва ўсясьветнай сталіцы мастацтва - у Парыжы. І памёр па-людзку, пражыўшы напоўніцу ўсё сваё жыцьцё. Інакш склалася зь іншымі. Пэна па-зьверску забілі, Малевіч памёр недзе пад Масквою, у нэндзы. Нават сьледу ад магілы не засталося. І вось - Якерсан, лёс якога хаваецца ў цемры сталінскага ліхалецьця. Дзякуй Богу, хоць імя засталося і што-нішто з творчае спадчыны. Хоць нейкая нагода згадаць і прымовіць запозьненае - вечная памяць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG