Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 жніўня 2000 г.


Алена Ціхановіч

Апазыцыйныя партыі ў Сэрбіі не выключаюць верагоднасьці паразы Мілошавіча на выбарах – хаця і прызнаюць гэтую верагоднасьць даволі няпэўнай. Сёньня ангельская газэта The Christian Science Monitor зьмясьціла з гэтай нагоды камэнтар журналіста Алекса Тадаровіча.

Хаця назіральнікі прызнаюць, што верасьнёўскія выбары ў Сэрбіі будуць далёкімі ад справядлівых, магчымасьць усё ж застаецца. З лягеру апазіцыйных сілаў нечанакана вылучылася кандыдатура верагоднага канкурэнта Мілошавіча. Гэта Войслаў Каштуніца – старшыня Дэмакратычнай партыі Сэрбіі, вэтэран сэрбскага апзыцыйнага руху.

Каштуніца ня так шырока вядомы на Захадзе. І гэта можа стаць ягонай перавагай. Аналітыкі адзначаюць, што сэрбскае грамадзтва ведае яго як прынцыповага і бескампраміснага палітыка, і тое, што ён захоўвае пэўную дыстанцыю ад Захаду, можа схіліць на ягоны бок так званыя "патрыятычныя галасы".

Апытаньне, праведзенае ў сярэдзіне ліпеня Сэрбскім інстытутам сацыяльных дасьледваньняў, паказала, што Каштуніца мог бы перамагчы Мілошавіча з 42% галасоў супраць 28-мі , калі б яны былі толькі двума кандыдатамі. І гэта лепшыя прагнозы, чым у выпадку іншых апазіцыйных палітыкаў – такіх як Вук Драшкавіч ці Зоран Джынджыч.

Сам Джынджыч, як адзначае газэта, падтрымлівае кандыдатуру Каштуніцы, хаця яна яшчэ і не знайшла поўнай падтрымкі ва ўсіх апазыцыйных сілах. Каштуніца – не асабліва яркі прамоўца і не вялікі аматар кінакамэраў. Але, на думку былога міністра інфармацыі, цяпер журналіста-дысыдэнта Аляксандра Ціяніча, "ягоная вэрсія сэрбскага нацыяналізму неагрэсыўная і прывабная для сэрбскага народу."

На працягу мінулых гадоў, калі сэрбская апазіцыя абмяркоўвала з Захадам праблему дэмакратызацыі краіны, Каштуніца не наведваў эўрапейскія сталіцы. Калі мінулай зімой Вук Драшкавіч, падчас сустрэчы ў Бэрліне пацалаваў руку Мэдлін Олбрайт, дзяржаўныя мас-мэдыя сотні разоў пракруцілі гэтыя кадры. Бялград быў завешаны плякатамі, дзе гэты пацалунак абвяшчаўся "актам здрады". Каштуніца ў гэты час выказваў меркаваньне, што праблема Балканаў павінна вырашацца тут, а не ў Эўрапейскіх сталіцах.

У Бялградзе кандыдатура Каштуніцы набірае падтрымку, хаця прадстаўнікі апазіцыі і скардзяцца на адсутнасьць доступу да сродкаў масавай інфармацыі. Так, толькі на працягу апошніх месяцаў урад Мілошавіча зьменшыў наклады апазыцыйных выданьняў і зачыніў апазыцыйную тэлестанцыю "Студыя-Б", якая мела каля трох мільёнаў гледачоў. Урад абяцае ўдзел у выбарах назіральнікаў – але толькі ад "дружалюбных краінаў". Такім чынам, усе ўмовы працуюць на карысьць цяпершняга ўладнага кандыдата Мілошавіча. І ён будзе змагацца за перамогу да апошняй кроплі крыві, як выказваюцца мясцовыя назіральнікі, бо – у адваротным выпадку яго чакае Гаагскі трыбунал.

Амэрыканскія аналітыкі таксама не дапускаюць верагоднасьці свабодных і справядлівых выбараў у Сэрбіі. Такая верагоднасць роўная нулю – лічыць, напрыклад, вашынгтонскі палітоляг Джым Гупер. Тым ня менш, дзяржсакратар ЗША Мэдлін Олбрайт заклікае сэрбскую апазіцыю НЕ байкатаваць выбары . "Гэта важна, сказала яна, для дэмакратычнай апазыцыі ў Сэрбіі аб'яднацца і прыняць удзел".

Апазыцыя глядзіць на такую прапанову па-рознаму. Вось, напрыклад, меркаваньне Ненада Стэфанавіча, прэсавага сакратара Дэмакратычнай партыі: "Які мы маем выбар? Галасаваць або гаварыць на мове куляў. Людзі ж хочуць міру."

Аднак, несправядлівы, ці сфальсыфікаваны зыход выбараў, як заключае газэта, можа выклікаць масавыя пратэсты, падобныя на тыя, што адбыліся ў 96 годзе і якія вымусілі Мілошавіча прызнаць свае страты ў тагачасных муніцыпальных выбарах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG