Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 жніўня 2000 г.


З Аленай Бонар гутарыў Сяргей Навумчык

Сёньня мы патэлефанавалі ў Бостан (ЗША), дзе цяпер жыве вядомая праваабаронца Алена Бонар, і папрасілі яе выказацца адносна актуальнай для Беларусі тэмы.

(Кар.: ) "Алена Георгіеўна, цяпер для беларускай апазыцыі паўстала пытаньне ўдзелу альбо няўдзелу ў парляманцкіх выбарах. І тут узьнікае дылема: з аднаго боку, няўдзел, натуральна, пазбавіць мэханізмаў парляманцкага ўплыву, а з другога боку – удзел паспрыяе легітымізацыі Лукашэнкавага рэжыму. Ці маглі б Вы выказацца на гэтую тэму з улікам Вашага багатага вопыту праваабарончай і палітычнай дзейнасьці?"

(Бонар: ) "І ў Беларусі, і да гэтага ў Расеі, і ў іншых рэспубліках – гэта ўсё вельмі дзіўны працэс: легітымізацыі фактычна абсалютна нелегітымнай улады пры фармальнай яе легітымнасьці. Разабрацца ў гэтам працэсе цяжка, і даваць рэкамэндацыі адносна ўдзелу альбо няўдзелу ў выбарах вельмі складана.

Вядома, калі б можна было настолькі шырока патлумачыць грамадзкасьці, насельніцтву, што гэтыя выбары – чарговы падман, то няўдзел быў бы вялікай перамогай. Але ці зможа гэта зрабіць беларуская апазыцыя – я не магу меркаваць."

(Кар.: ) "Некаторыя апазыцыйныя палітычныя партыі ў Беларусі, напрыклад, БНФ – ён, праўда, цяпер падзелены на Фронт Пазьняка і Фронт Вячоркі – але абедзьве партыі адразу заявілі, што ня будуць удзельнічаць у выбарчым фарсе. Іншыя партыі сумняюцца і вагаюцца. Калі цяжка, сапраўды, вылучыць нейкія прыярытэты рэальнай палітыкі, дык, можа, мае сэнс чысьціня пазыцыі?"

(Бонар: ) "Я наогул заўсёды лічу, што чысьціня пазыці вельмі важная. Вельмі часта мы, праваабаронцы, самі блытаем людзей, выбаршчыкаў сваёй неакрэсьленай пазыцыяй. Недакладная пазыцыя іншым разам выяўляецца ў вельмі дзіўным аб'яднаньні неаб'яднальных па сутнасьці групаў альбо рухаў, а таксама ў іншых выпадках, калі, сыходзячы з ідэі real politic, губляюць маральныя арыентыры. Для мяне гэта зьяўляецца вельмі важным."

(Кар.: ) "І, бадай, тут варта прыгадаць словы акадэміка Сахарава, што маральная пазыцыя…"

(Бонар: ) "…маральная пазыцыя зьяўляецца самай прагматычнай."

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG