Да дзясятых угодкаў ухваленьня Вярхоўным Саветам Дэклярацыі дзяржаўнае незалежнасьці Беларусі было прымеркаванае ўрачыстае адкрыцьцё на Ўсходніх могілках Менску помніка Генадзю Карпенку, аднаму з тых, хто прагаласаваў за гэты акт 27 ліпеня 1990 году. Цырымонія сабрала больш за сто чалавек. (Чутны сьпеў: ) "Амінь. Сьвяты Божа…" Так пачалася цырымонія асьвячэньня праваслаўнымі сьвятарамі помніка над магілаю беларускага дзяржаўнага дзеяча Генадзя Карпенкі, які памёр у шпіталі 6 красавіка 1999 году. На Ўсходнія могілкі Менску прыйшлі каля ста чалавек – родныя, блізкія, калегі, знаёмыя нябожчыка, замежныя дыпляматы. Але спачатку адбыўся кароткі жалобны мітынг, што распачаў Васіль Шлыньдзікаў, прадстаўнік Вярхоўнага Савету Беларусі ды старшыня аргкамітэту ў стварэньні помніка. Ён папрасіў удаву Людмілу Карпенку зьняць з манумэнта белае покрыва, і прысутныя ўбачылі выкананую з бронзы скульптурную выяву галавы Генадзя Карпенкі, што зьмешчаная на чырвонай гранітнай пліце разам з напісанымі па-расейску імем нябожчыка ды словамі "Апусьцела безь цябе зямля". Людміла Карпенка падзякавала прысутным за тое, што прыйшлі, ды выказала шкадаваньне з нагоды адсутнасьці аўтара гэтага помніка Івана Місько. Спадарыня Карпенка ня згадвала акалічнасьці сьмерці мужа ў менскім шпіталі 6 красавіка мінулага году, але скончыла свой выступ вельмі экспрэсіўна: "Я хачу сказаць: няхай будуць праклятыя тыя людзі, якія ўчынілі гэтае зладзейства і працягваюць гэта рабіць", – сказала Людміла Карпенка. Наступным слова меў народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч: "Я ведаў Карпенку каля дзесяці год… Лёсавызначальны час". Гледзячы на залітыя сонцам усходнія ўскрайкі могілак, дзе сярод новых магілаў ёсьць і тая, у якой пахаваныя Генадзь Карпенка ды ягоны бацька, што памёр праз чатыры месяцы, яшчэ адзін удзельнік цырымоніі адкрыцьця помніку Генадзю Карпенку – амэрыканскі амбасадар Дэніэл Спэкгард – заявіў, што яму вельмі прыемна разьдзяліць сёньняшнюю падзею з прысутнымі. (Спэкгард: ) "Я адчуваю, пакуль сонца грэе нашыя сьпіны, тое самае, што я заўжды адчуваў, калі Генадзь усьміхаўся. Якімі б дрэннымі ні былі справы, ён заўсёды быў здольны падзяліцца цёплаю ўсьмешкаю ды зрабіць дзень крыху ярчэйшым. Я адчуваю, як Бог дзеліцца сёньня з намі падарункам", – сказаў амбасадар Спэкгард. Ён назваў помнік Генадзю Карпенку цудоўным, але дадаў, што ён вельмі малы ў параўнаньні з тым манумэнтам, які ёсьць у сэрцах прысутных ды тысячаў іншых беларусаў. Цырымонія на менскіх Ўсходніх могілках скончылася сьпяваньнем беларускага гімну "Магутны Божа": (Чутны сьпеў: ) "Зрабі свабоднай…"

Самае папулярнае
1