Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 ліпеня 2000 г.


Алег Жукоўскі, Віцебск

У Віцебску сёньня сьвята адзначылі даволі сьціпла. Некалькі дзесяткаў чалавек сабраліся ў сквэры ля пляцу Леніна, павіншавалі адзін аднаго, сфатаграфаваліся пад штандарам з "Пагоняй" — копіяй штандара, пад якім амаль 600 год таму віцебская харугва выйшла на поле пад Грунвальдам. Потым прайшлі невялічкім шэсьцем па вуліцах гораду — ў кавярню. І ўжо там, аздобіўшы сымболікай яе сьцены, зрабілі сябе сьвята.

А вось заплянаваныя Каардынацыйнай Радай дэмакратычных сілаў сьвяточныя мерапрыемствы не адбыліся. Аргкамітэт, у які ўвайшлі паважаныя ў горадзе людзі, распрацаваў адмысловы сцэнар, галоўную частку якога складалі ўрачысты сход і вялікі канцэрт. Былі знойдзеныя спонсары, якія ахвяравалі грошы на арэнду памяшканьня, запрошаныя артысты, падрыхтаваныя віншаваньні і запрашэньні на 600 чалавек. Арганізатары ў пошуках памяшканьня зьвярталіся да кіраўніцтва розных устаноў. Была папярэдняя дамоўленасьць з адміністрацыяй тэатра імя Якуба Коласа, але ў выніку там вымушаныя былі адмовіць, бо, як удалося высьветліць, патэлефанавалі з выканкаму і папярэдзілі, што тэатр рызыкуе не паехаць на прэстыжны фэст у Эдынбург. Адмовілі ў памяшканьні і ў раённым Доме культуры, у палацы Таварыства глухіх і ў іншых месцах. Канешне, кіраўніцтва ўстановаў было не супраць: грошы залішнімі не бываюць (улічваючы гаротны стан культуры). Але ўступаць у спрэчку з уладамі сабе даражэй.

Прэсавая служба Каардынацыйнае Рады распаўсюдзіла заяву, у якой, дарэчы, гаворыцца: "Такія паводзіны віцебскіх уладаў мы разглядаем у кантэксьце антыбеларускай палітыкі: беларускія чыноўнікі не размаўляюць па-беларуску, у гарадзкім транспарце не пачуеш абвесткі на беларускай мове, у горадзе і вобласьці амаль не засталося беларускіх клясаў". Рада выказвае рашучы пратэст супраць дзеяньняў віцебскіх уладаў.

Аднак і самім арганізатарам трэба было мець на гэткі выпадак запасны вырыянт. Улады разьлічылі ўсё дакладна: па дазвол на вулічную акцыю пасьля адмоваў зьвяртацца было ўжо запозна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG