Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 ліпеня 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Зь 1 жніўня тэатар беларускае драматургіі "Вольная сцэна" застанецца без свайго стваральніка ды нязьменнага мастацкага кіраўніка Валера Мазынскага. Такое рашэньне прыняў міністар культуры Аляксандар Сасноўскі, пра што й паведаміў у тэатр – без аніякіх тлумачэньняў – адмысловым лістом.

Што такое ў мастацкім жыцьці краіны тэатар Мазынскага сёньня, лепей за іншых, бадай, вядома славутаму драматургу Аляксею Дудараву…

(Дудараў: ) "Тэатар працуе плённа і пасьпяхова. Сьведчаньне таму – некалькі галоўных прызоў на рэспубліканскіх фэстывалях. 1 жніўня тэатар застаецца без мастацкага кіраўніка, а гэта для яго пагібель. Я не перабольшваю. Замяніць загадчыка музэя, бібліятэкі, нават дырэктара тэатру і то бывае не заўсёды проста. Замяніць жа мастацкага кіраўніка творчага калектыву без падрыхтоўкі, спантанна, на адных эмоцыях – гэта нанесьці яму вялікую, а можа, непапраўную шкоду".

Гэта было меркаваньне ня толькі драматурга Дударава, але й грамадзянская ды прафэсійная пазыцыя Дударава – кіраўніка Саюзу тэатральных дзеячаў. Свае адносіны да рашэньня Аляксандра Сасноўскага ён выклаў сёньня ў лісьце міністру. У якім выказаў абурэньне ня толькі фактам замаху на створаны Мазынскім тэатар праз пазбаўленьне мастацкага кіраўніка пасады, але й тым, як гэта было зроблена – без аніякіх тлумачэньняў, ня кажучы ўжо пра нейкае ўзгадненьне з творчым саюзам.

Вось як у лісьце міністру Аляксей Дудараў кваліфікуе падобныя дзеяньні:

(Дудараў: ) "Як кіраўніку тэатральнага саюза мне вядомая сытуацыя знутры і магу з ўсёй адказнасьцю заявіць: ніводзін рэжысэр, а іх у нас зусім небагата, у сытуацыі, якая складаецца, на пасаду Мазынскага ня пойдзе з-за этычных меркаваньняў. Гэта першае. Прызначыць жа на яе паслухмянага клерка таксама немагчыма – трэба мець талент ці хаця б здольнасьці. Гэта другое. І трэцяе, самае непрыемнае. Ведаючы аўтарытэт Мазынскага сярод трупы, не сумняюся, што артысты абавязкова пойдуць на нейкія акцыі, будуць пісаць ва ўсе інстанцыі, што зробіць і вакол тэатру, і вакол міністэрства нездаровы ажыятаж".

Піша ў лісьце міністру Сасноўскаму Аляксей Дудараў.

"Вольная сцэна" – гэта выпакутаванае і выпеставанае дзіця Валера Мазынскага. Ад самага пачатку сваёй творчае кар'еры ён марыў стварыць тэатар менавіта беларускае драматургіі, тэатар, на сцэне якога адчулі б сябе разьняволена героі маладое нацыянальнае драматургічнае генэрацыі.

Менавіта дзеля гэтае мэты Валеры Мазынскі дзесяць гадоў таму пакінуў улаўрованае ўсімі мажлівымі тады дзяржаўнымі ўзнагародамі крэсла галоўнага рэжысэра акадэмічнага тэатру імя Якуба Коласа ды пачаў на роўным мейсцы гадаваць сваю творчую мару. Сабраў адмысловую трупу, многіх сваіх актораў вучыў і выхоўваў на адмысловым курсе Акадэміі мастацтваў. Прывабіў творчай свабодаю нікому тады невядомых пачаткоўцаў-драматургаў. Стварыў вакол тэатру клюб сяброў, якія дапамагалі наладзіць замежныя гастролі ды шматлікія мастацкія імпрэзы.

Калектыў тэатру сапраўды поўны рашучасьці бараніць свайго мастацкага кіраўніка. Канкрэтныя захады будуць сплянаваныя заўтра на агульным сходзе. І мы будзем сачыць за разьвіцьцём падзеяў вакол лёсу тэатра "Вольная сцэна" ды ягонага стваральніка й нязьменнага мастацкага кіраўніка Валера Мазынскага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG