Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 ліпеня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Лідэр Аб'яднанае Грамадзянскае партыі Анатоль Лябедзька зьвярнуўся сёньня з адкрытым лістом да генэральнага пракурора Беларусі Алега Бажэлкі. Лябедзька абвінавачвае генэральную пракуратуру ў бязьдзеяньні ў справе пошуку зьніклых Захаранкі, Ганчара, Красоўскага й Завадзкага, што, на думку апазыцыянэра, спрыяе пашырэньню ў краіне палітычнага тэрарызму.

"Вы ведаеце чаму ў Беларусі бязьсьледна зьнікаюць палітыкі й журналісты?", – задае пытаньне ў пачатку свайго адкрытага ліста Алегу Бажэлку Анатоль Лябедзька. І сам жа дае адказ: "Таму, што ў Беларусі ёсьць законы, але няма законнасьці, і таму законы ператвараюцца ў макулатуру".

У якасьці прыкладу таго, што беларуская пракуратура ня робіць нічога, каб знайсьці і пакараць тых, хто захоплівае апазыцыянэраў, Анатоль Лябедзька прыводзіць факт свайго затрыманьня невядомымі асобамі ў цывільным 25 сакавіка сёлета. Тады Лябедзьку разам з намесьнікам галоўнага рэдактара газэты "Свободные новости" Аляксандрам Тамковічам затрымалі літаральна за 30 мэтраў ад міліцэйскага пастарунку. Паводле словаў лідэра АГП, нападнікі дэманстравалі паводзіны прафэсійных баевікоў, што спэцыялізуюцца на выкраданьні людзей.

Анатоль Лябедзька зьвярнуўся ў пракуратуру Савецкага раёну Менску з патрабаваньнем узбудзіць крымінальную справу. І толькі праз тры месяцы атрымаў адказ ад раённага пракурора спадара Сіраша, які без усялякай матывацыі адмовіўся заводзіць крымінальную справу. "Да якога ведамства належалі тыя баевікі, хто даў ім права хапаць людзей і чаму пракуратура не жадае выявіць асобы нападнікаў?", – гэтыя пытаньні Анатоль Лябедзька адрасуе непасрэдна генэральнаму пракурору.

Анатоль Лябедзька абвінавачвае ведамства спадара Бажэлкі ў несамастойнасьці ды абслугоўваньні інтарэсаў г.зв. "чырвонага дому", ці адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. На думку спадара Лябедзькі, бязьдзейнасьць пракуратуры толькі заахвочвае палітычны тэрарызм і апэтыты баевікоў.

Разам з тым, ён нагадвае Бажэлку, што, калі б генэральная пракуратура сапраўды правяла аб'ектыўныя дасьледваньні фактаў нападаў і зьнікненьня людзей, гэта б паспрыяла ўмацаваньню гэтак званага "пэрыяду міру", абвешчанага Аляксандрам Лукашэнкам і гучна разрэклямаванага напярэдадні г.зв. "выбараў".

У генэральнай пракуратуры пакуль аніяк не адрэагавалі на пасланьне Анатоля Лябедзькі. Разам з тым, прэсавы сакратар гэтага ведамства Аляксей Таранаў паведаміў нашаму радыё, што пракурорскія супрацоўнікі займуцца спраўджаньнем выкладзеных у адкрытым лісьце фактаў і праз некалькі дзён дадуць Анатолю Лябедзьку афіцыйны адказ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG