Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 ліпеня 2000 г.


Ганна Соусь, Менск

У другім нумары часопіса «Немига литературная» пры фундушы акцыянэрнага таварыства «Керамін» выйшла ў сьвет дакумэнтальна-мастацкая аповесьць «Аляксандар Лукашэнка». Аўтар аповесьці – 74-гадовы Ўладзімер Якутаў, былы супрацоўнік Інстытуту гісторыі партыі, а зараз кіраўнік культурна-творчае фірмы «Русь Белая». Як плянуе Якутаў, хутка выйдзе ў сьвет і сама кніга «Аляксандар Лукашэнка». Яе выданьне будзе каштаваць каля 1 мільёна даляраў.

Чаму аповесьць выйшла менавiта ў часопiсе «Немига литературная»? Як стала вядома, справы ў часопiса ў апошнi час iдуць дрэнна, грошаў катастрафiчна не хапае. У 2000 годзе быў надрукаваны толькi адзiн нумар, а надоечы часопiс нават высялiлi з памяшканьня. Рэдагуе часопiс Анатоль Аўруцiн, а заснаваў яго Iнстытут сучасных ведаў.

Рэдкалегiя часопiса, каб наогул не страціць выданьне, вырашыла палепшыць справы за кошт каньюнктурнае кнiгi. Можа тады дзяржава падкiне грошаў, палiчылi ў часопiсе. Але ж, як нам стала вядома, грошы былi дадзены толькi на выданьне нумару з аповесьцю пра Лукашэнку.

Дарэчы, першыя главы кнігі публікаваліся яшчэ ў 1995 годзе ў газэце «Знамя юности». Цяпер Уладзiмер Якутаў плянуе выдаць кнігу пра Лукашэнку ў цьвёрдай вокладцы i ў трох вырыянтах: звычайным, палепшаным i сувэнiрным. Кнiга будзе iлюстравана рэдкiмi дакумэнтамi й здымкамi. Яна будзе мець вялiкi наклад i пры гэтым даволi невялiкi кошт – 1,5-2 тысячы рублёў. Аповесьць выйдзе на беларускай, расейскай, ангельскай, нямецкай, францускай i гiшпанскай мовах.

Дзеля гэтага на працягу некалькiх месяцаў фiрма «Русь Белая» дасылала ў розныя камэрцыйныя фiрмы звароты, у якiх прасiла дапамагчы грашыма «ў гэтай высокароднай справе» – выданьнi аповесьцi пра першага беларускага прэзыдэнта. У сваiх лiстох да камэрцыйных фiрмаў Уладзiмер Якутаў спасылаецца на тое, што выданьне кнiгi будзе каштаваць звыш 1 мiльярда рублёў, а гэта прыкладна 1 мiльён даляраў. Аўтар таксама абяцае, што ўсе фiрмы, якія ахвяруюць грошы на выпуск аповесьці, будуць унесеныя ў дабрачынны сьпiс, што будзе надрукаваны ў кожнай кнiзе.

Самае цікавае, што на самой справе «Русi Белай» дапамога фундатараў не патрэбная – як мне стала вядома з крыніцаў, блізкіх да аўтара, грошы на выданьне кнiгi пра Лукашэнку ёсьць i так. А заклiкi дапамагчы – гэта проста рэклямны трук. Няхай людзi ведаюць, што кнiгу пра першага прэзыдэнта выдавалi за народныя грошы.

Што тычыцца мастацкiх якасьцяў аповесьцi… Як нам стала вядома, у часопiсе паспрабавалi стылiстычна адрэдагаваць гэты твор. Але, як сьведчаць першыя чытачы аповесьцi, лiтаратурны ўзровень аповесьцi жадае лепшага. Твор нагадвае кнiгi для дзяцей пра дзядулю Ленiна, якiя выдавалiся ў савецкi час. Лукашэнка паўстае ў аповесьцi iдэальнай высакароднай асобаю наогул без адмоўных якасьцяў – вучыўся толькi на пяць, ва ўнiвэрсытэце да яго прыслухвалiся ўсе выкладчыкi, калi ён быў лектарам, амаль усе жыхары Магiлеву прыходзiлi паслухаць Лукашэнку… і г.д.

Дарэчы, у кнiге шмат фактычных памылак. Напрыклад, у главе «Iнстытут» напiсана «Сёньня ў iх два сына – Вiктар i Сяргей». Але ж вядома, што другога сына Лукашэнкі клічуць Дзьмiтрыям. Цiкава, колькi ж будзе падобных памылак не ў часопiсным варыянце, а ў самой кнiзе?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG