Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 ліпеня 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Вядомая расейская газэта "Московский комсомолец" сёньня зьмясьціла інтэрвію з шэфам беларускага КГБ Ўладзімерам Мацкевічам. Галоўны чэкіст Беларусі распавёў расейскім чытачам пра посьпехі ў барацьбе са шпіёнамі ды прызнаўся ў асабістай вялікай павазе да Фэлікса Дзяржынскага й нэгатыўным стаўленьні да Зянона Пазьняка.

Старшыня КГБ Беларусі Ўладзімер Мацкевіч зрабіў выключэньне са свайго правіла не даваць інтэрвію прэсе і сёньня выказаўся на старонках скандальна вядомае расейскае газэты "Московский комсомолец", карэспандэнт якой Аляксандр Хінштэйн месяц таму адмыслова прыяжджаў на сустрэчы з Мацкевічам у Беларусь.

Публікацыя мае назоў "Шчыт і меч Лукашэнкі" і ўяўляе сабою дыялёг-спрэчку аўтара з шэфам КГБ наконт таго, ці зьяўляецца беларускі Камітэт дзяржаўнае бясьпекі інстумэнтам барацьбы Аляксандра Лукашэнкі з апазыцыяй. Мацкевіч даказвае, што не, што Камітэт, хоць і захаваў старую назву, але цяпер дзейнічае цалкам на карысьць дзяржавы і толькі паводле закону: "Мы ня маем права яго парушаць, інакш другі раз нам не падняцца", – запэўнівае Ўладзімер Мацкевіч.

На Аляксандра Хінштэйна, пра якога маскоўскія журналісты кажуць, што ён карыстаецца інфармацыяй з расейскіх спэцслужбаў, аргумэнты беларускага галоўнага чэкіста яўна падзейнічалі. Згадаўшы дзеля калярыту некалькі імёнаў беларусаў, вядомых расейцам, у прыватнасьці Васіля Быкава й Паўла Шарамета, і атрымаўшы ад Мацкевіча адказы, што той не разумее, чаму адзін зьехаў у Нямеччыну, а другі, маўляў, сам справакаваў беларускіх памежнікаў і быў затрыманы за парушэньне дзяржаўнае мяжы, журналіст Хінштэйн ўрэшце рэшт зрабіў цікавую выснову: "Моцная дзяржава ня можа існаваць бяз моцных спэцслужбаў… У Беларусі гэта ўжо сёньняшні дзень, а ў Расеі – пытаньне будучыні…".

Такім чынам, у кампанію рэабілітацыі свайго іміджу расейскія спэцслужбы ўжо падключылі старшыню беларускага КГБ Ўладзімера Мацкевіча, які адпрацоўвае ці то заданьне, ці то братэрскае даручэньне вельмі самааддана.

Дзеля гэтага дарэчы прыйшоўся нават дзядуля Мацкевіча, якога, аказваецца, таксама рэпрэсавалі ў 30-я гады. Пасьля згадваньня лёсу дзядулі ўнук клянецца, што палітычнымі рэпрэсіямі не займаецца, хваліць земляка Фэлікса Дзяржынскага і ў нэгатыўным сэнсе згадвае Зянона Пазьняка.

Аказваецца, той нясе адказнасьць за тое, што беларускае КГБ захавала сваю назву і цяпер вымушанае кожны раз апраўдвацца за злачынствы былога часу. Паводле словаў Мацкевіча, "пасьля прыняцьця незалежнасьці ў Вярхоўным Савеце, дзе цяперашняя апазыцыя мела тады бальшыню, доўга абмяркоўвалася, як цяпер называць спэцслужбу. У выніку прыйшлі да высновы, што КГБ –самае аптымальнае".

Агульнавядомы факт, што ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, пра які вядзе гаворку Мацкевіч, апазыцыя БНФ ніколі ня мела бальшыні. І ўсё ж я вырашыў падстрахавацца і сустрэўся з адным зь сябраў той апазыцыі, дарэчы, кіраўніком ценевага ўраду Ўладзімерам Заблоцкім. Вось што згадаў ён са свайго дэпутацкага досьведу.

(Заблоцкі: ) "Апазыцыя ніколі большасьці ня мела. Апазыцыя мела каля 26-28 чалавек у выглядзе фракцыі БНФ. Камуністычная фракцыя складала большасьць – больш за 170 асобаў, членаў камуністычнай партыі. Апазыцыя прапаноўвала закон аб люстрацыі, але ж гэты закон на слых нават ня быў прыняты. Ён прадугледжваў, што тыя людзі, якія працавалі ў службах, якія мелі дачыненьне да вынішчэньня свайго народу, не павінны былі заставацца на дзяржаўнай службе. Але ж закон аб люстрацыі ня быў прыняты нават да пераліку законаў, якія трэба было прымаць. Гэта не была апазыцыя, гэта была камуністычная большасьць. Мацкевіч забыўся, хто там быў пры ўладзе".

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Ўладзімер Заблоцкі ўпэўнены, што КГБ Беларусі быў і застаўся інструмэнтам правядзеньня рэпрэсіяў – на гэты раз супраць праціўнікаў Лукашэнкі.

(Заблоцкі: ) "Калі б прынялі закон аб люстрацыі, гэтая структура не захавалася б. Былі б зробленыя новыя структуры з новымі функцыямі і задачамі, якія глядзелі б ня ў бок Масквы, а падтрымвалі б нацыянальную бясьпеку дзяржавы Беларусь. КГБ, на маю думку, абслугоўвае загады прэзыдэнта, які кіруецца толькі адной думкай – захаваць для сябе ўладу і застацца наверсе",

– лічыць Уладзімер Заблоцкі.

Удакладніць, чаму Ўладзімер Мацкевіч памыліўся наконт бальшыні ў былым парлямэнце, у яго самога не ўдалося. Паводле супрацоўніка аддзелу сувязяў з грамадзкасьцю, шэфа КГБ сёньня ў Менску няма. "Я ня ведаю, як ён там лічыў, мы ўвогуле тут чакаем, што пасьля гэтага інтэрвію могуць узьнікнуць вялікія праблемы", – сказаў мне шчыра супрацоўнік аддзелу і папрасіў не называць ягонае прозьвішча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG