З прызыўных пунктаў вайсковых камісарыятаў пачалася адпраўка прызыўнікоў 2000 году ў войска ды іншыя сілавыя структуры. Усяго па Беларусі больш як 18 тысячаў юнакоў пайдуць служыць хто на год, а хто на год з паловаю. Прызыўныя пункты Беларусі зь першых дзён гэтага тыдня і да канца месяца ператвараюцца ў велізарную пляцоўку для пастаноўкі аднае п'есы пад умоўнай назваю "Разьвітаньне". Побач з прызыўнымі пунктамі з раніцы натоўпы юнакоў, некаторыя зь іх ужо нападпітку. Шмат дзяўчатаў з размазанай па тварах касмэтыкаю – гэтыя толькі што пакляліся чакаць. І, вядома, крыху наводдаль бацькі. Анатоль Урублеўскі з жонкаю праводзяць у памежныя войскі сына Дзяніса. Сын ужо недзе за плотам, якім агароджаны прызыўны пункт, але бацькі не сыходзяць, чакаюць таго моманту, калі Дзяніс з аўтобуса зможа памахаць ім на разьвітаньне рукою. Анатоль Іванавіч не асабліва турбуецца… (Карэспандэнт: ) "Дзе ён будзе служыць, вядома ўжо?" (Урублеўскі: ) "Пакуль яшчэ невядома. Можа ў Дзяржынску, можа ў Лідзе, можа ў Гродна. У пагранвойсках". (Карэспандэнт: ) "Вы нешта рабілі, каб ён застаўся ў Менску?" (Урублеўскі: ) "Не". (Карэспандэнт: ) "А магчыма было?" (Урублеўскі: ) "Магчыма, але мы не жадалі". (Карэспандэнт: ) "Чаму". (Урублеўскі: ) "Каб не было такога, што раней было – езьдзяць кожныя
выхадныя, па дамах разьяжджаюць. Хай пачувствуе, хай пабудзе троху
далей ад бацькоў". (Карэспандэнт: ) "Але бывае, што і злачынствы адбываюцца, і няшчасныя здарэньні…" (Урублеўскі: ) "Гэта было і раней, і цяпер. Калі будзе галава, дык будзе ўсё нармальна". Сёлета вырашана не расьцягваць прызыў на некалькі месяцаў, а вярнуцца да былое практыкі адпраўкі папаўненьня ў максімальна кароткі тэрмін. Начальнік прызыўнога аддзелу Менскага абласнога вайсковага камісарыяту палкоўнік Міхал Канстанцінаў упэўнены, што так лепей і для вайскоцаў, і для прызыўнікоў. Экспэрымэнт апошніх пяці гадоў, калі прызывы расьцягваліся на два-тры месяцы, палкоўнік ня лічыць асабліва ўдалым. Расьцягваньне толькі надавала неразьбярыхі. З асаблівасьцяў першага прызыву дзьвюхтысячнага году начальнік прызыўнога пункту адзначыў даволі высокі ўзровень адукацыі прызыўнікоў: "Кантынгэнт ідзе высокаадукаваны, шмат выпускнікоў тэхнікумаў, ПТУ, вышэйшых навучальных установаў, якія скончылі ўвесну навучаньне і цяпер іхная адтэрміноўка ад вайсковае службы ўжо ня дзейнічае. Мы гэтаму толькі рады, бо войску людзі зь інтэлектам не пашкодзяць", – сказаў на разьвітаньне палкоўнік Канстанцінаў і даручыў маладому маёру правесьці мяне на інтэрвію з прызыўнікамі. Аднак знайсьці прыстойнага суразмоўцы, які б адпавядаў характарыстыкам, што выдаў раней палкоўнік, аказалася нялёгка. Многія хлопцы былі нападпітку. Яны з ахвотаю пагаджаліся на інтэрвію для радыё, але з умоваю, каб потым іх паказалі на тэлевізіі… Нарэшце маёр прывёў да мяне хлопца і адрэкамэндаваў: "Гэты закончыў тэхнікум і па-беларуску шпарыць". Дзяніс Дадака зь Любані скончыў тэхнікум бізнэсу й права, атрымаў спэцыяльнасьць юрыста. А дома зьведаў і сапраўдную вясковую працу… (Дадака: ) "І каровы пас, і сьвіней карміў. Што трэба, тое і рабіў, таму што па цяперашнім часе ў нас у сельскай мясцовасьці не пражывеш. Толькі калі ёсьць падмацоўка нейкай гаспадаркі". На маё пытаньне, ці выкарыстаў бы ён магчымасьць пазьбегнуць службы ў войску, Дзяніс адказаў, што не, бо зьбіраецца потым працаваць у праваахоўных ворганах, а туды без вайсковае службы не бяруць. І ўвогуле, Дзяніс дічыць, што мужчыне без вайсковае службы нельга: (Дадака: ) "Гэтак вялося яшчэ да мяне, яшчэ і бацькі, дзяды служылі. Усе гавораць, што такую жыцьцёвую школу трэба прайсьці". Дарэчы, згодна са статыстыкаю, якую мне паведамілі ў рэспубліканскай вайсковай пракуратуры, тэндэнцыі гэтага году такія, што служыць у войску стала меней небясьпечна. Злачыннасьць за поўгодзьдзе зьнізілася з 400 да 311 выпадкаў, з 48 да 31 зьнізілася колькасьць злачынстваў на глебе нестатутных стасункаў. Праўда, яшчэ застаюцца і трагічныя здарэньні. Сёлета ў войску загінула 26 чалавек, а за адпаведныя першыя шэсьць месяцаў мінулага году такіх здарэньняў было 40, – паведамляе пракуратура.