Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 ліпеня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Рэгіянальны дырэктар Усясьсветнага банку Люка Барбонэ лічыць скасаваньне Злучанымі Штатамі гандлёвых прэфэрэнцыяў для Беларусі справаю двухбаковага партнэрства гэтых краінаў. Пра гэта ён заявіў сёньня нашаму радыё на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску, прысьвечанай вынікам свайго візыту ў Беларусь.

Люка Барбонэ назваў скасаваньне ільготнага рэжыму адкатам назад у свабодным гандлі паміж ЗША й Беларусьсю. Ён зазначыў, што наступствы такога кроку робяць яшчэ больш надзённым пытаньнем для Менску актывізацыю ягонага эканамічнага супрацоўніцтва з Усясьветнам банкам.

Камэнтуючы цяперашні стан гэтага супрацоўніцтва, Люка Барбонэ зазначыў:

(Барбонэ: ) "Маё ўражаньне такое, і гэтае ўражаньне пацьвярджаецца прыватным рынкам капіталу, што Беларусь зараз зьяўляецца ня вельмі крэдытаздольнаю. Таму нам цяжка апраўдацца перад тымі рынкамі, дзе мы бярэм капіталы, чаму мы выдаем сродкі тым краінам, якія іх ня вернуць. Інакш кажучы, мы рызыкуем. Таму, калі мы ўбачым, што сытуацыя садзейнічае таму, каб крэдытаздольнасьць палепшылася, і можна будзе зрабіць нешта добрае ў Беларусі, – мы пойдзем на рызыку. Але, пакуль гэты шанец ня зьявіцца, – мы мусім разумна і асьцярожна падыходзіць і дапамагаць у тых галінах, дзе мы ўпэўнены, што мы прынясем карысьць беларускаму народу наўпрост", – зазначыў рэгіянальны дырэктар Усясьветнага банку.

Пакуль што такімі галінамі ў Беларусі, як вынікае са словаў спадара Люка Барбонэ, зьяўляюцца толькі экалёгія і сацыяльная сфэра. Менавіта магчымасьцю супрацоўніцтва ў экалягічных праектах, і праектах ў галіне аховы здароўя фактычна і абмежаваліся бакі пад час цяперашніх перамоваў у Менску. У прыватнасьці, Усясьветны банк не выключае сваёй дапамогі Беларусі ў змаганьні з сухотамі й СНІДам.

Люка Барбоне зазначыў на прэсавай канфэрэнцыі, што ён ухваляе намер беларускіх уладаў уніфікаваць у фінансавай сфэры абменныя курсы. Разам з тым ён падкрэсьліў, што пакуль у краіне маюць месца жорсткае цэнтралізаванае кіраваньне эканомікаю і рэгуляваньне цэнаў, Усясьветны банк ня будзе выдаваць Беларусі шматмільённых крэдытаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG