Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 ліпеня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Рашэньне ўладаў ЗША скасаваць гандлёвыя прэфэрэнцыі для Беларусі значна абцяжарыць доступ беларускіх тавараў на амэрыканскі рынак. Да ліку такіх тавараў належаць і трактары "Беларус" Менскага трактарнага заводу.

Паводле зьвестак Міністэрства замежных справаў Беларусі, летась краіна паставіла спажыўцам Злучаных Штатаў 61 трактар МТЗ. Гэтая гандлёвая апэрацыя прынесла прадпрыемству 734 тысячы даляраў…

Як кіраўніцтва заводу паставілася да рашэньня Вашынгтону скасаваць ільготны рэжым для беларускага імпарту? Вось што адказаў на гэтае пытаньне нашага радыё намесьнік генэральнага дырэктара МТЗ Мікалай Стукач:

(Стукач: ) "Я думаю, што калі гэта будзе мець дачыненьне і да нашай прадукцыі, то напэўна гэта будзе мець нэгатыўны ўплыў, але 734 тысячы, што мы зарабілі ў імнулым годзе ў Злучаных Штатах Амэрыкі – гэта не такая ўжо вялікая лічба.

- адказаў Мікалай Стукач.

Пікантнасьць сытуацыі, зьвязанай з пазбаўленьнем Беларусі амэрыканскіх прэфэрэнцыяў, у тым, што трактарны завод мае самае шчыльнае дачыненьне да рашэньня ЗША. Гэтае рашэньне, як вядома, абгрунтаванае парушэньнем у Беларусі правоў працоўных.

Дык вось, у ліку аўтараў звароту да замежных краінаў з просьбаю ўвесьці супраць Беларусі эканамічныя санкцыі былі й сябры мясцовае суполкі Свабоднага прафсаюзу. Яны лічаць, што кіраўніцтва МТЗ на чале з генэральным дырэктарам Міхалам Лявонавым вось ужо амаль два гады праводзіць супраць арганізацыі дэмакратычнага прафсаюзу кампанію неабгрунтаванага перасьледу.

Гаворыць Вячаслаў Козел:

"Адміністрацыя заводу, асабіста Лявонаў, спынілі ў аднабаковым парадку выкананьне патрабаваньня пунктаў калектыўнае дамовы. Фактычна было вырашана зьнішчыць наш прафсаюз, бо сьледам за гэтым было спынена пералічэньне прафсаюзных складак, затым нас выгналі з памяшканьня, яшчэ раней у мяне канфіскавалі пропуск, каб ня мог хадзіць да рабочых у цэхі. Рэспубліканскі арбітраж, затым гарадзкі й раённы суды пастанавілі, што кіраўніцтва заводу парушыла працоўнае заканадаўства. Аднак і пасьля гэтага каманда Лявонава ігнаруе рашэньні судоў. Гэта яны робяць дзеля таго, каб паказаць людзям: вы нішто, вы "вінцікі", вы ня можаце й ня маеце права адстойваць свае інтарэсы й правы", – абураецца Вячаслаў Козел.

Сёньня, напрыклад, ён чарговы раз наведаў судовых выканаўцаў, каб тыя дамагліся выкананьня адміністрацыяй трактарнага заводу палажэньняў працоўнага заканадаўства. Але безвынікова.

Між іншым, адміністрацыя МТЗ да скасаваньня гандлёвых прэфэрэнцыяў вытворчыя пляны зьвязвала з павелічэньнем прысутнасьці на амэрыканскім рынку. Гаворыць намесьнік генэральнага дырэктара заводу Мікалай Стукач:

(Стукач: ) "У Штаты, напэўна, з года з 75-76-га экспартуем трактары. Таму мы хацелі б пашырыць нашыя продажы на амэрыканскім рынку".

- паведаміў прадстаўнік адміністрацыі МТЗ.

Сапраўды, кіраўніцтва заводу ўжо ў бліжэйшай пэрспэктыве зьбіралася пастаўляць на рынкі ЗША ды іншых заходніх краінаў ад 500 да 4000 трактараў штогод.

Апроч таго, Менскі завод меркаваў усталяваць шырокія партнэрскія сувязі з амэрыканскім гігантам сельскагаспадарчага машынабудаваньня кампаніяй John Deere. Ужо цяпер рухавік гэтае кампаніі, паводле зьвестак кіраўніцтва МТЗ, праходзіць на беларускім прадпрыемстве зборачныя выпрабаваньні. Аднак зараз, верагодна, надыходзіць час выпрабаваньня і для гэтага партнэрства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG