Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 ліпеня 2000 г.


На пачатку мінулага тыдня на прэсавай канфэрэнцыі намесьнік міністра ўнутраных справаў Беларусі, кіраўнік Сльледчага камітэту Леанід Глухоўскі заявіў, што беларускія праваахоўчыя ворганы будуць дамагацца ад брытанскіх уладаў выдачы Тамары Віньнікавай. Сяргей Навумчык патэлефанаваў у Лёндан, дзе цяпер знаходзіцца былая старшыня Нацыянальнага Банку Беларусі, і папрасіў спадарыню Віньнікаву пракамэнтаваць гэтую заяву.

(Навумчык: ) "Спадарыня Віньнікава, скажыце, ці зьявілася для Вас нечаканасьцю вось такая заява міністра Глухоўскага?"

(Віньнікава: ) "Ну перш за ўсё хачу сказаць, што ў канцы леташняга году я сама заявіла, што я – жывая, што я знаходжуся на Захадзе, я ні ад каго не хавала свайго месцазнаходжаньня. Адразу ж, як я толькі перасекла дзяржаўную мяжу, я сказала, што калі ў праваахоўчых ворганаў ёсьць да мяне прэтэнзіі, дык у адпаведнасьці з міжнароднымі канвэнцыямі (я знаходжуся ў цывілізаванай дзяржаве, а не ў дзікунскім племені) іх трэба да мяне высунуць. Сем месяцаў праваахоўчыя ворганы маўчалі".

(Навумчык: ) "І чым Вы патлумачыце, што цяпер, праз сем месяцаў, праваахоўчыя ворганы Беларусі заявілі, што будуць дамагацца ад Брытаніі Вашай выдачы?"

(Віньнікава: ) "Я лічу, што іх цяперашняя рэакцыя – даволі нэрвовая і рэзкая, ў прыватнасьці, Глухоўскага, – выкліканая, найперш, тым, што я рыхтую дакумэнты ў Камісію супраць катаваньняў пры ААН аб ўзбуджэньні крымінальнай справы супраць праваахоўчых ворганаў Рэспублікі Беларусь, якія прымянялі да мяне катаваньні. Я праводжу кансультацыі з юрыстамі з Беларусі і мяркую, што гэтыя размовы падслуханыя. І "ворганам" стала гэта вядома. Я хачу, каб гэтым спадарам хаця б адзін раз далі па руках. Я згубіла здароўе, таму што мяне катавалі. Я буду прасіць, каб была ўзбуджаная крымінальная справа і ў адпаведнасьці з міжнароднай канвэнцыяй была разгледжаная на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Акрамя таго, ў сваіх інтэрвію я заявіла, што падрыхтую матэрыялы ў праваахоўчыя ворганы, дзе назаву вінаватых у расьцягваньні ўкладаў у Адшчадбанку Рэспублікі Беларусь і ў прыхаваньні злачынстваў, якія зьдзейсьненыя службовымі асобамі. Я ў сваіх інтэрвію напісала пра дзіўную гібель Тамары Дудко і пра тое, што перад ейнай сьмерцю ёй было папярэджаньне. Гэтак жа, як і за пяць месяцаў да таго, што здарылася са мной, у газэце было надрукавана, што я памру, альбо што супраць мяне будзе ўзбуджаная крымінальная справа. Гэту заяву зрабіў нейкі вядзьмак, які вяшчае то на старонках газэты "Свободные новости", то ў газэце "Рэспубліка". Адасланы артыкул у "Народную волю", дзе я выказваю сваё меркаваньне адносна зьнікненьня Захаранкі і Ганчара. Але ён не друкуецца пачынаючы з першага кварталу, але, мяркую, праваахоўчыя ворганы пра яго ведаюць, таму што Глухоўскі на сваёй прэсавай канфэрэнцыі пра гэта сказаў".

(Навумчык: ) "Спадарыня Віньнікава, калі я правільна Вас зразумеў, Вы зацікаўленыя, каб сьледзтва ў Вашай справе працягвалася?"

(Віньнікава: ) "Так, я зацікаўленая, каб сьледзтва ішло, і каб яно разабралася ва ўсіх дэталях. Мая справа была сфабрыкаваная вельмі груба. Было разьлічана на тое, што я загіну ў сьценах сьледчага ізалятару, і таму мне не дазвалялі зрабіць тэрміновую апэрацыю. Цяпер я яе зрабіла, цудоўна сябе адчуваю і здольная сябе абараняць. Каб мяне вярнулі ў Беларусь, яны павінныя падаць дакумэнты пра маю вінаватасьць. І суд Брытаніі павінен прызнаць мяне вінаватай і толькі тады б мяне выдалі беларускім праваахоўчым ворганам. Паводле тых сфабрыкававных дакумэнтаў, якія ёсьць у іх, я абвінавачваюся ў крадзяжы посуду – ну, я не лічу, што ім нешта ўдасца.

Я цяпер праводжу кансультацыі зь міжнароднымі арганізацыямі, каб мая справа была паказальная. І каб нават ў тым выпадку, калі гэта ня будзе ініцыянавана праваахоўчымі ворганамі Беларусі, – каб яны самі, з дапамогай маіх адвакатаў, зрабілі такі адкрыты працэс, і разгледзелі паводле міжнародных стандартаў гэтую справу ў Беларусі. Натуральна, прысуд ня будзе мець абавязковай сілы, але ён будзе паказальным. Ён выявіць, як працуюць праваахоўчыя ворганы, як яны фабрыкуюць справы ў інтарэсах палітыкі, у інтарэсах захаваньня ўласных пасадаў і падвышэньня па службе".

(Навумчык: ) "Ну такі працэс быў бы ўнікальным – гэта, здаецца, быў бы першы выпадак у сусьветнай юрыдычнай практыцы…"

(Поўны тэкст інтэрвію з Тамарай Віньнікавай будзе апублікаваны ў заўтрашнім выпуску нашай вэб-старонкі)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG