Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 27 чэрвеня 2000 г.


Алена Радкевіч, Прага

У Варшаве сёньня завершылася міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная праблемам дэмакратыі. Выніковым дакумэнтам канфэрэнцыі стала Дэклярацыя, падпісаная ўсімі дзяржавамі-ўдзельніцамі за выключэньнем Францыі і Гандураса.

Мэтаю двухдзённае канфэрэнцыі пад назовам "Да дэмакратычнае супольнасьці", быў, паводле арганізатараў, абмен думкамі наконт захаваньня і ўмацаваньня дэмакратыі ў сьвеце. У часе канфэрэнцыі адзначалася, што працэс глябалізацыі ўсясьветнай эканомікі мусіць спалучацца з разьвіцьцём і ўмацаваньнем дэмакратычных інстытутаў у розных рэгіёнах сьвету. Варшаўская дэклярацыя падкрэсьліла ўнівэрсальны характар дэмакратыі.

Нечаканасьцяй форуму стаў выступ міністра замежных справаў Францыі Юбэра Вэдрына, які заявіў, што Францыя ня будзе падпісваць выніковы дакумэнт. Паводле Вэдрына, Дэклярацыя можа быць выкарыстаная як падстава і апраўданьне для ўмяшаньня ва ўнутраныя справы іншае краіны – нібыта дзеля падтрымкі дэмакратыі. Экспартам дэмакратыі займацца нельга, да гэтага павінна дасьпець само грамадзтва – такі сэнс аргумэнтаў францускага міністра замежных справаў.

Тым часам у Дэклярацыі няма ані слова наконт умяшаньня ва ўнутраныя справы іншых краінаў. Выступаючы на канфэрэнцыі, Дзяржсакратар ЗША Мэдлін Олбрайт падкрэсьліла, што дэмакратычныя дзяржавы не павінны пакідаць па-за ўвагаю факты парушэньня правоў чалавека й нормаў дэмакратыі, у той жа час паважаючы сувэрэнітэт іншых краінаў і ня ўблытваючыся ў іхныя ўнутраныя справы.

(Олбрайт: ) "Прасоўваючы наперад дэмакратыю, вельмі важна ня страціць моманту. Кожны незаконны пераварот, сфальшаваныя выбары або несправядлівае зьняволеньне, калі супраць яго ня выступіць, можа падтачыць падмурак дэмакратыі ва ўсім сьвеце. Нашая дэмакратычная супольнасьць павінна вырашыць, якім чынам можна найлепш прадухіліць і адказаць на такое разьвіцьцё падзеяў, каб у той жа час захаваць законнасьць у дачыненьні да сувэрэнітэту і ўсеагульныя прынцыпы правоў чалавека", – сказала Мэдлін Олбрайт.

На думку палітыкаў, паводзіны Францыі зьвязаныя як з тым, што яе не запрасілі ў лік арганізатараў канфэрэнцыі – гэтак і з жаданьнем дапячы свайго даўняга апанэнта – Амэрыку. Назіральнікі адзначаюць, што такі крок Францыі – літаральна за некалькі дзён да таго, як яна павінна пераняць старшынства ў Эўрапейскім Зьвязе – азначае, што Парыж будзе працягваць змагацца супраць спробаў ЗША дамінаваць у міжнароднай палітыцы.

Тым ня менш, многія камэнтатары ставяць пад сумнеў мудрасьць такога кроку Францыі, прадыктаванага чыстай амбіцыяй. Гандурас, па францускім прыкладзе, таксама свайго подпісу пад Дэклярацыяй не паставіў.

Краіны-падпісанткі Дэклярацыі пацьвярджаюць сваю прыхільнасьць асноўным прынцыпам дэмакратыі і правоў чалавека, падкрэсьліваючы, што спрыяньне разьвіцьцю дэмакратыі ва ўсім сьвеце адпавядае інтарэсам усіх краінаў – удзельніцаў канфэрэнцыі. У дакумэнце пералічваюцца нормы, якіх павінны прытрымлівацца дэмакратычныя дзяржавы, аднак не прадугледжваецца аніякага мэханізму пакараньня тых краінаў, дзе гэтыя нормы парушаюцца. Дзяржавы абяцаюць супрацоўнічаць у справе ўмацаваньня дэмакратычных інстытутаў, забавязваюцца ў той жа час паважаць прынцып сувэрэнітэту й неўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы. Дэклярацыя нагадвае кіраўнікам дзяржаваў, што залогам эфэктыўнага функцыянаваньня дэмакратыі зьяўляюцца талеранцыя, кампраміс і павага плюралізму.

Пазыцыя Францыі выклікала бурную рэакцыю на форуме. "108 краінаў заявілі пра сваю падтрымку дэмакратыі, аднак, на самой справе яе падтрымліваюць толькі 107", – выказаўся адзін з прадстаўнікоў амэрыканскае дэлегацыі.

"Мы сабраліся ў Варшаве ня дзеля таго, каб навязваць дэмакратыю, – адказала Вэдрыну ў сваім выступе Мэдлін Олбрайт. – Дыктатуру навязваюць, дэмакратыю – абіраюць. Дэмакратыя – не рэлігія, але гэта – вера, якая ўздымае жыцьцё людзей у кожным кутку плянэты".

Гаворачы пра фінальны дакумэнт канфэрэнцыі, міністар замежных справаў Польшчы Браніслаў Гэрэмэк сказаў:

(Гэрэмэк: ) "Мы вельмі хацелі б, каб Варшаўская дэклярацыя мела такое ж значэньне, як заключны акт Канфэрэнцыі Бясьпекі й супрацоўніцтва ў Эўропе ў 75-м годзе ў Гэльсынкі".

Адказваючы на пытаньне, ці будзе Дэклярацыя мець такое ж значэньне для краінаў, што не прысутнічаюць на канфэрэнцыі – такіх, як, напрыклад, Беларусь – Гэрэмэк нагадаў, што Гэльсынскі акт у свой час стаў таксама нязвыклым зваротам і дапамогаю слабейшым. "Гэтага ж самага я б хацеў і ад Варшаўскае дэклярацыі: каб выкладзеныя ў ёй ідэі былі перасьцярогаю для ўрадаў, якія не вызнаюць дэмакратыі і таму тут не прысутныя, і адначасна – надзеяй для ўсіх тых, якія хочуць свабоды й дэмакратыі", – сказаў міністар замежных справаў Польшчы Браніслаў Гэрэмэк.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG