Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 чэрвеня 2000 г.


Валянцін Жданко, Менск

Пад час учарашняе паездкі ў Смалявічы на мясцовае аб'яднаньне "Дом паркету" Аляксандар Лукашэнка паабяцаў, што ў блізкім часе забароніць прадаваць на экспарт беларускую драўніну за бесцань, як сыравіну ў выглядзе бярвеньня. Ён таксама заявіў, што недзяржаўныя прадпрыемствы галіны не павінны быць у горшых умовах, чым дзяржаўныя.

У Смалявічах Аляксандар Лукашэнка выглядаў як прыхільнік рынкавай эканомікі. Ці не пра тое мараць тысячы беларускіх прадпрымальнікаў, каб чыноўнікі не глядзелі на іх, як на людзей другога гатунку; каб за магчымасьць купляць беларускі лес не даводзілася прыніжацца й расплочвацца хабарам?

Важна, аднак, згадаць, хто дагэтуль, на працягу шасьці гадоў фактычнага прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі, замінаў усталяваць аднолькавыя правілы працы для дзяржаўных і прыватных фірмаў? І з чыёй гэта злой прыхамаці беларускую драўніну ўсе апошнія гады прадавалі за мяжу па нізкіх коштах у выглядзе бярвеньня, а не як гатовую прадукцыю – не як мэблю, фанэру, паркет?

Калі пагартаць старыя газэтныя падшыўкі, можна выявіць дзіўную рэч: 4–5 гадоў таму, калі Іван Ціцянкоў пад шыльдаю кіраўніцтва прэзыдэнцкіх справаў яшчэ толькі ствараў магутны дрэваапрацоўчы канцэрн-манапаліст, зь ягоных вуснаў гучалі тыя самыя аргумэнты: недапушчальна, каб Беларусь гандлявала сырой драўнінаю, дзяржава на гэтым губляе валюту. Толькі высновы тады рабіліся зусім іншыя: Іван Ціцянкоў паводле асабістых распараджэньняў Аляксандра Лукашэнкі атрымаў фактычна неабмежаваны доступ да таннага дзяржаўнага лесу. Усе недзяржаўныя прадпрыемствы павінны былі падладжвацца пад Ціцянкова і ці то ў яго, ці ў Міністэрства лясное гаспадаркі выпрошваць лес па больш высокіх коштах.

Кардынальна пасьля гэтага нічога не зьмянілася: беларускі лес па-ранейшаму пастаўляўся на экспарт пераважна ў выглядзе сыравіны, толькі вось грошы за яго паступалі ўжо ў іншыя кішэні. Кішэні, верагодна, аказаліся не зусім тыя, як тое абяцаў Ціцянкоў – гучная адстаўка ды імклівы заняпад створанай ім "імпэрыі" ўскосна пра гэта сьведчаць.

І тут Аляксандар Лукашэнка едзе ў Смалявічы й неспадзявана для сябе выяўляе, што акцыянэрнае таварыства "Дом паркету", якое і блізка ня мела тых ільготаў, што меў Ціцянкоў, ужо выпускае больш як палову ўсяго паркету ў Беларусі. І просяць прыватнікі не палёгкаў, а проста аднолькавых умоваў гаспадараньня з тымі фірмамі, што дзейнічаюць пад крылом кіраўніцтва справаў прэзыдэнта.

Рынкавыя заявы Лукашэнкі, верагодна, мелі б высокую цану, калі б прагучалі шэсьць, ці хаця б пяць гадоў таму. Тады, калі былі іншыя стартавыя магчымасьці, калі Беларусь мела шанцы на значныя заходнія інвэстыцыі. Урэшце, калі не было таго сумнага досьведу бясплённага змаганьня ўлады з прадпрымальнікамі, якое ў многіх адбіла ахвоту ўкладваць сюды грошы. А бяз гэтага – бяз грошай і заходніх тэхналёгіяў – Беларусь нягледзячы на любыя дырэктывы Лукашэнкі яшчэ доўга ня здолее выпускаць з дрэва прадукцыю, якую б лёгка можна было прадаваць на заходнім рынку.

Гэтыя шэсьць гадоў спатрэбіліся ўладзе, каб на ўласных, а не на чужых памылках пераканацца, што дзяржаўны чыноўнік – кепскі гаспадар, і што добра чалавек працуе толькі на сябе. Разьлічвацца за гэтыя расьцягнутыя на шэсьць гадоў урокі пачатковай эканомікі даводзіцца цяпер усяму 10-мільённаму беларускаму насельніцтву.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG