Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 чэрвеня 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Сэрыю пікетаў супраць дзеяньняў Менгарвыканкаму вырашылі правесьці сябры Аб'яднанае Грамадзянскае партыі. Раней яны зьвярнуліся ў Маскоўскі суд Менску з пазовам на Менгарвыканкам.

Нагодаю для звароту ў суд і правядзеньня вулічных акцыяў пратэсту сталі адказы Менгарвыканкаму Аб'яднанай Грамадзянскай партыі на заявы наконт правядзеньня вулічных акцыяў. За апошнія паўгады Менгарвыканкам больш за сотню разоў або адмаўляў у правядзеньні пікету ці мітынгу, або пераносіў месца акцыі на сумнавядомы пляц Бангалёр.

Сябры АГП спысылаюцца на дзейнае заканадаўства, у адпаведнасьці зь якім пікет вызначаны як сход людзей для публічнай дэманстрацыі сваіх поглядаў; мэтаю пікету зьяўляецца прыцягненьне ўвагі грамадзкасьці да нейкае падзеі ці праблемы. Такім чынам, перанос месца пікету з цэнтральных вуліцаў у парк на пляцоўку для выгулу сабак супярэчыць сэнсу гэтай акцыі.

Сябры Аб'яднанае Грамадзянскае партыі ў сваёй заяве ў Менгарвыканкам паведамілі, што лічаць дзеяньні кіраўніцтва гораду незаконнымі й ня просяць дазволу, а паведамляюць, што 19-га й 20-га чэрвеня адбудуцца пікеты ў Міхайлаўскім сквэры й на вуліцы Ленінградзкай, як пратэст супраць палітыкі выканкаму.

Сёньня на гэтую заяву прыйшоў пісьмовы адказ за подпісам Віктара Чыкіна, з якога ўвогуле нельга зразумець пазыцыю Менгарвыканкаму. Уладзімер Раманоўскі, намесьнік старшыні Менскай гарадзкой арганізацыі АГП, паведаміў "Радыё Свабода":

"Са жніўня мінулага году Менгарвыканкам нас рэгулярна адсылае пікетаваць на пляц Бангалёр, на пляцоўку для выгулу сабак, таму мы вырашылі перайсьці да больш рашучых дзеяньняў. Падалі пазоў у суд на Менгарвыканкам, як на парушальніка закону. А таксама вырашылі правесьці пікеты ў цэнтры гораду. Адзін 19 чэрвеня ў раёне Міхайлаўскага сквэру з 15-ці гадзінаў да 18-ці, а другі – на наступны дзень на вуліцы Ленінградзкай. Пра гэта мы паінфармавалі выканкам у нашай заяве.

Менавіта паінфармавалі, бо гэта парадокс, калі мы павінны прасіць дазволу на правядзеньне акцыі пратэсту ў таго, супраць каго маем намер выступіць. Менгарвыканкам даў цікавы адказ: Чыкін нам тлумачыць, што мы маем права на пікетаваньне, цытую, "не ў явачным парадку, а ў дазвольным". Мы ўвогуле лічым, што паколькі Чыкін зьяўляецца старшынём ЦК КПБ, дык такія ягоныя дзеяньні мы разглядаем як "чырвоны тэрор". Таму на гарадзкой радзе Аб'яднанае Грамадзянскае партыі прынята рашэньне праводзіць пікет", – паведаміў намесьнік старшыні менскай гарадзкой арганізацыі АГП Ўладзімер Раманоўскі.

Ня толькі гэтая палітычная партыя праз судовыя інстанцыі будзе змагацца зь Менгарвыканкамам. БНФ і Сацыял-Дэмакратычная партыя таксама маюць намер падаць пазовы ў Маскоўскі суд Менску.

Варта адзначыць, што ня ўсім палітычным партыям Менгарвыканкам забараняе праводзіць пікетаваньне на пажаданым месцы. Так, без усялякіх абмежаваньняў пракамуністычная Беларуская Патрыятычная партыя, якую ўзначальвае адстаўны генэрал Анатоль Баранкевіч, атрымала дазвол заўтра пікетаваць будынак амэрыканскай амбасады з нагоды прыняцьця Кангрэсам ЗША адмысловае рэзалюцыі ў пытаньні Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG