Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 чэрвеня 2000 г.


Агляд падрыхтаваны рэдакцыяй газэты

Выйшаў чарговы нумар газэты "Рабочы".

"Ці будзем страйкаваць?" – гэты матэрыял адкрывае нумар. Размова ідзе пра факт, пра які "Свабода" ўжо расказвала: сацыялягічнае дасьледаваньне, праведзенае прафсаюзам работнікаў аўтасельгасмашу на некалькіх буйнейшых прадпрыемствах рэспублікі, паказала – кожны трэці рабочы сёньня гатовы прыняць удзел у страйках. Чаму так склалася і што трэба рабіць? Адказ шукаюць многія. І сярод іх – удзельнікі "Круглага стола", які правяла нядаўна ў Бабруйску Беларуская арганізацыя працоўных жанчын: эканамісты, палітыкі, грамадзкія дзеячы, прадстаўнікі мясцовых уладаў. Меркаваньні гэтых людзей сталі асновай яшчэ адной публікацыі нумару – "Наша будучыня залежыць ад нашага выбару".

Чацьвертая старонка. На Беларусі сёньня дзейнічае каля 600 дэструктыўных сэктаў. Іх асаблівасьці, адрозьненьні, парады бацькам – што рабіць, калі ў адну з такіх сэктаў трапілі ваш сын ці дачка? – вось некаторыя з тэмаў эксклюзыўнага дасьледаваньня рэдакцыі.

"Як агурок агурку..." – самі разумеце, матэрыял з такім загалоўкам мог зьявіцца толькі пасьля падарожжа ў Шклоў. Журналіст Сьвятлана Шыдлоўская, якая хадзіла па горадзе, размаўляла з рабочымі, служачымі, расказала пра свае назіраньні. У 99-м годзе на бацькаўшчыну Лукашэнкі праліўся залаты дождж: сюды пайшлі ўсе сродкі з бюджэта, якія былі выдаткаваныя на рамонт і рэканструкцыю ўсіх населеных пунктаў Беларусі. Але жывуць шклоўцы дрэнна: нават гуркоў – тых самых, усім вядомых, на рынку няма.

У палітыцы не бывае прамых аналёгіяў, але сытуацыі, якія часам складаюцца ў той ці іншай краіне, настолькі нагадваюць сваё, роднае, што ад паралеляў устрымацца цяжка. Магчыма таму журналісты "Рабочага" зараз зьвярнуліся да югаслаўсякіх праблем. "Чарнагорскі вузел" – тэма міжнароднай старонкі нумару.

Аднак жывем мы не палітыкай адзінай... Трэба і адпачыць. Дачныя клопаты займаюць пятую старонку газэты. А на апошняй чытач знойдзе расповяд пра пісьменьніка, гісторыка, краязнаўцу Аляксандра Ельскага, зь якім выступае Натальля Мяцельская, а таксама пазнавальную галаваломку "Народныя сьвяты". Моладзь даведаецца пра "Басовішча" – традыцыйны фэстываль беларускае музыкі ў Польшчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG