Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 чэрвеня 2000 г.


Алесь Мікалайчанка, Жодзіна

Сваякі 20-гадовага жыхара Жодзіна Міхала Шапавалава зьвярнуліся з заяваю ў мясцовую Гэльсынскую групу БГК. Яны паведамляюць пра факт жорсткага антыгуманнага абыходжаньня міліцыянтаў зь юнаком у тутэйшым гарадзкім аддзеле ўнутраных справаў. Пасьля сустрэчы зь міліцыянтамі Міхал можа застацца калекам.

На сёньняшні дзень вынікі затрыманьня Міхала Шапавалава жодзінскімі міліцыянтамі наступныя: 6 чэрвеня судзьдзя Жодзінскага гарадзкога суду Мікалай Самойла асудзіў таго за адміністрацыйнае парушэньне да выплаты штрафу – пяць мінімалак. 7 чэрвеня яму ў сталічнай больніцы Хуткае дапамогі дактары зрабілі хірургічную апэрацыю. 8 чэрвеня паводле факту надзвычайнага здарэньня кіраўнікі Жодзінскага ГАУС распачалі службовае расьсьледваньне. Адначасова папярэдняе дазнаньне паводле гэтага факту ўсчала мясцовая пракуратура. І вось сёньня – зварот у БГК сваякоў Міхала Шапавалава з просьбаю абараніць яго парушаныя чалавечыя правы.

Што ж адбылося ноччу 6 чэрвеня ў пастарунку Жодзінскага ГАУС?

Як патлумачыў мне падпалкоўнік Жукоўскі, які сёньня дзяжурыць у аддзеле, тады жыхары гораду Міхал Шапавалаў і Алег Караленка, а таксама іхны сябар зь Менску Зьміцер Мінкевіч былі затрыманыя ў нецьвярозым стане. Пры гэтым Міхал Шапавалаў нібыта супраціўляўся ахоўнікам парадку й ня слухаўся іх. Напрыклад, не станавіўся на гэтак званую "расьцяжку" і не дазваляў праводзіць вобшук, хацеў ударыць міліцыянта…

Таму, маўляў, міліцыянты й скарысталі гумавыя дубінкі, а затым надзелі кайданкі. Пра калецтвы Міхал міліцыянтам нібыта не паведамляў.

Намесьнік начальніка гарадзкога аддзелу ўнутраных справаў Барыс Трафімчык мне паведаміў: пакуль рана казаць – хто з падначаленых адкажа за калецтва Шапавалава. Гэта зараз высьвятляе службовае расьсьледаваньне.

Міхал Шапавалаў, які прыняў мяне пасьля апэрацыі ў больнічнай палаце, паведаміў: так, ён і ягоныя сябры ў тую ноч насамрэч былі на лёгкім падпітку, бо вярталіся дахаты зь вясельля свайго колішняга аднаклясьніка. Таму, мусіць, міліцыянты іх адвезьлі не ў выцьвярэзьнік, а ў пастарунак. Гэтую акалічнасьць і хацеў тады высьветліць Міхал, але нарваўся на дубінкі ды зьбіцьцё. Паводле Шапавалава, – жорсткае і безсэнсоўнае.

Сьведчыць жыхар Менску Зьміцер Мінкевіч:

"Білі,ён упаў, пачалі біць нагамі, дубінамі, кайданкі надзелі. Падымуць, потым зноў пачынаюць біць… Ён толькі прасіўся: хопіць, хопіць біць".

Гаворыць жыхар Жодзіна Алег Караленка:

"Потым ужо за кайданкі пацягнулі як сьвіньню. Міша кажа: "Што вы робіце, перастаньце", а яны яго давай далей біць. Нуль эмоцыяў. Як не з чалавекам абыходзіліся, а са сьвіньнёй".

Гэта былі сьведчаньні Зьміцера Мінкевіча і Алега Караленкі, якія паведамілі, што на магчымым судзе паводле зыску Міхала Шапавалава да жодзінскіх міліцыянтаў яны выступяць сьведкамі наконт таго, што Міхал уначы 6 чэрвеня супраціву ахоўнікам парадку не аказваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG