Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 чэрвеня 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

Скончыўся двухдзённы візыт у Беларусь губэрнатара Санкт-Пецярбургу Ўладзімера Якаўлева. Пад час сустрэчы Якаўлева з Аляксандам Лукашэнкам абодва палітыкі падкрэсьлілі, што маюць аднолькавы погляд на гісторыю і сёньняшнія палітычныя працэсы.

Безумоўна, асноўнай мэтай візыту Ўладзімера Якаўлева ў Менск зьяўляюцца эканамічныя пытаньні. Санкт-Пецярбург паводле велічыні таваразвароту зьяўляецца важным гандлёвым партнэрам Беларусі, займаючы сярод расейскіх регіёнаў трэцяе месца пасьля Масквы й Цюменскае вобласьці. Летась таваразварот склаў 338 мільёнаў даляраў ЗША, што, дарэчы, на 10 адсоткаў менш за паказьнікі папярэдняга году.

Аднак на сустрэчы Якаўлева з Аляксандрам Лукашэнкам закраналіся найперш палітычныя пытаньні. Калі дакладней, дык бакі абменьваліся камплімэнтамі й прызнаваліся ў ідэялягічнай еднасьці. Якаўлеў і Лукашэнка адзначылі, што маюць аднолькавы погляд на гісторыю і сёньняшнія палітычныя працэсы.

Кіраўнік Беларусі, у сваю чаргу, выказаў захапленьне тым, зь якім лікам Уладзімер Якаўлеў выйграў нядаўнія губэрнатарскія выбары. «Ваша разумная пазыцыя пад час выбараў заслугоўвае павагі, – адзначыў Лукашэнка. – Мы бярэм гэта на ўзбраеньне».

Наўрад ці палітычная пазыцыя губэрнатара Санкт-Пецярбургу добра вядомая нашым слухачам. Таму некаторыя рысы палітычнага партрэту Ўладзімера Якаўлева для нашага радыё камэнтуе журналістка пецярбургскае газэты «Невское время» Сьвятлана Гаўрыліна.

«Калі казаць аб сымбалі гэтай выбарчай кампаніі, найбольш ганебным помнікам яе стаіць ў нашым горадзе лядовы палац коштам 85 мільёнаў даляраў, які быў пабудаваны для правядзеньня чэмпіянату сьвету па хакею. Пікантная дэталь такая: калі будавалі гэты палац, ён кляўся, бажыўся, што ніводнай капейкі з гарадскіх грошаў патрачана на гэты палац ня будзе, але здарылася зусім інакш.

(Гаўрыліна: ) «Калі любы беларус чуе словы «лядовы палац», у яго міжволі ўзьнікаюць паралелі з Аляксандрам Лукашэнкам, які таксама будуе ў сваёй краіне будовыя палацы».

(Карэспандэнт: ) «А ці можна правесьці палітычныя паралелі паміж Уладзімерам Якаўлевым і Аляксандрам Лукашэнкам?»

(Гаўрыліна: ) «Бачыце, сапраўды, любоў да хакея – гэта не адзіная бачная няўзброеным вокам рыса, якая радніць пецярбурскага губэрнатара зь беларускім прэзыдэнтам. Можа дробязь, як вельмі спэцыфічная мова, манера размовы, якая зь вялікаю нацяжкай можа называцца расейскай. Але галоўнае нават ня гэта: менавіта пры губэрнатары Якаўлеве Санкт-Пецярбурскія СМІ ўспомнілі, што ёсьць такая адміністрацыя гораду, якая можа прама ўплываць на іх паводзіны, на іх фінансавае становішча, нават на тое, што можа ці ня можа пісаць журналіст. Былі выпадкі, калі па адзінаму тэлефоннаму званку разганяліся рэдакцыі пецярбургскіх старонак цэнтральных маскоўскіх СМІ. Санкт-Пецярбург і Беларусь – гэта вельмі пэрспэктыўныя рэгіёны. І тое, і іншае – гэта мяжа з эўрапейскімі краінамі. Але ў час кіраваньня Ўладзімера Якаўлева шматлікія замежныя інвэстары з кожным годам і нават месяцам губляюць цікавасьць да Санкт-Пецярбургу. Яны аддаюць перавагу суседнім, больш бедным і меней пэрспэктыўным рэгіёнам, суседняй Ленінградзкай вобласьці, Вялікі Ноўгарад… І гэта вельмі крыўдна, бо кажуць, што Пецярбург пры Якаўлеве пачынае мець нейкі правінцыйны твар», – гэтак лічыць журналістка пецярбурскае газэты «Невское время» Сьвятлана Гаўрыліна.

І на заканчэньне пра некаторыя эканамічныя вынікі візыту. Учора быў падпісаны пратакол аб намерах у справе актывізацыі гандлёва-эканамічнага й навукова-тэхнічнага ўзаемадзеяньня. А сёньня на сустрэчы расейскага госьця са старшынём Менскага гарадзкога выканкаму Ўладзімерам Паўлавым разглядаліся пытаньнi паставак у Санкт-Пецярбург беларускiх аўтобусаў i сельскагаспадарчае прадукцыi. Акрамя таго, прадстаўнiкi пецярбургскага Кiраўскага заводу, якiя ўваходзяць у склад дэлегацыi, абмеркавалі зь беларускiмi партнэрамi шэраг пытаньняў у галiне трактарабудаваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG