Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 чэрвеня 2000 г.


Уладзімер Кулажанка, Менск

(Эфір 3 чэрвеня)
Эканамічны агляд тыдня Ўладзімера Кулажанкі.

Апошнім часам стала відавочным імкненьне ўрада й Нацыянальнага банка дасягнуць адзінага валютнага курсу рубля на ўсіх сэгмэнтах валютнага рынку. Намесьнік старшыні Нацбанку Мікола Лузгін днямі заявіў, што ўжо можна гаварыць пра выхад на два курсы – афіцыйны, што ўстанаўліваецца Нацыянальным банкам, і рэальны, які складваецца на астатніх сэгмэнтах валютнага рынку. Да адзінага валютнага курсу застаецца адзін крок.

Ва ўрадзе й Нацыянальным банку маюць намер дасягнуць гэтага за 3 месяцы, недзе да 1 кастрычніка. І, зважаючы на тэмпы дэвальвацыі беларускага рубля (з пачатку года ў вадносінах да афіцыйнага курсу яны склалі 72%) у гэта можна верыць.

Чым выкліканыя высокія тэмпы руху да адзінага курсу? Такіх прычынаў дзьве: першая – стварэньне ўмоваў для манетарных формаў барацьбы зь інфляцыяй і стымуляваньня вонкавага гандлю. Другая – падрыхтоўка ўмоваў праз адзіны валютны курс для прывязкі беларускага рубля да расейскага дзеля наступнай інкарпарацыі грашова-крэдытнае сыстэмы Беларусі ў расейскую.

Унутраны бок дэвальвацыі – уплыў на цэнаўтварэньне й паказчыкі будучае інфляцыі. З гэтае нагоды паміж аналітыкамі міністэрства эканомікі й Нацыянальнага банку разгарнулася дыскусія. Першыя сьцьвярджаюць, што ўстанаўленьне адзінага курсу, калі афіцыйны апусьціцца ўдвая і спыніцца на адзнацы 1100 рублёў за даляр, прывядзе да вялікай інфляцыі. А другія даводзяць, што рэзкага росту цэнаў ня будзе, бо ўплыў валютнага курсу на ўнутраныя цэны й раней ня быў галоўным.

Але дыскусія-дыскусіяй, але што мы сёньня маем ад паскоранай дэвальвацыі? Небывалы рост цэнаў на ўсе тавары. Ня трэба прыводзіць шмат прыкладаў. Дастаткова аднаго. Нядаўна чорны хлеб масавых гатункаў падаражэў аж на 30%, што было патлумачана ростам цэнаў на імпартнае збожжа. Увесь час даражэе паліва, праезд на грамадзкім транспарце й чыгунцы, камунальныя паслугі.

Каб дабіцца нейкай выніковасьці ў манетарнай палітыцы, урад і Нацыянальны банк прыпынілі эмісію грошай, якая раней была звыклай зьяваю. Напрыклад, летась было з'эмісавана 126 трыльёнаў рублёў замест 35 трыльёнаў паводле пляну. А сёлета ўрад нібы не выходзіць за межы плянавае эмісіі. Як вынік, грошай не хапае на самае неабходнае. Для прыкладу, з загінуўшых ад марозу 395 тысячаў гэктараў пасеваў перасеяна толькі 152 тысячы гэктараў.

Жорсткая манетарная палітыка не дае жаданых вынікаў у фінансавай сфэры. Не выконваецца даходная частка бюджэту. Расьце запазычанасьць у заробках бюджэтнікам. У многіх раёнах нерэгулярна выплочваюцца заробкі настаўнікам. І ўжо аб'яўлена, што няма магчымасьці цалкам аплаціць ім адпускныя. Ці не ўпершыню за апошнія гады ўзьніклі цяжкасьці з выплатаю пэнсіяў у вызначаныя тэрміны.

Як бачым, фрагмэнты лібэралізацыі валютна-фінансавых стасункаў толькі абвастраюць становішча ў сацыяльнай сфэры. У тых краінах, дзе лібэралізацыя была ажыцьцёўлена раней – гэты этап пройдзены. А ў нас ён наперадзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG