Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 чэрвеня 2000 г.


Казімір Яноўскі, Гомельская вобласьць

Сёньня Гомельскі аблвыканкам прыняў рашэньне, паводле якога ільготны рэжым для інвэстыцыяў можа быць уведзены ў шасьці раёнах, якія пацярпелі ад Чарнобыльскае катастрофы. Аблвыканкам прыняў праект дэкрэту кіраўніка краіны, паводле якога такі рэжым можа быць уведзены на 50 гадоў.

Даручэньне аб падрыхтоўцы такога праекту Аляксандар Лукашэнка даў старшыні аблвыканкаму Мікалаю Вайцянкову сёлета ў красавіку пад час сваёй паездкі ў Нароўлю і Брагін. Паводле праекту дэкрэту, да тэрыторыяў прыярытэтнага разьвіцьця аднесена шэсьць адміністрацыйных раёнаў з высокім узроўнем заражанасьці радыенуклідамі. Гэта Брагінскі, Веткаўскі, Нараўлянскі, Кармянскі, Хойніцкі і Чачэрскі, а яшчэ Прыпяцкі дзяржаўны радыяцыйны запаведнік, што знаходзіцца ў беларускай трыццацікілямэтровай зоне вакол Чарнобыльскай атамнай станцыі.

Менавіта на гэтых тэрыторыях улады мяркуюць стварыць ільготны рэжым інвэстацыйнае дзейнасьці тэрмінам на пяцьдзесят гадоў. Зьвяртае, аднак, на сябе ўвагу тое, што ў пераліку раёнаў не хапае яшчэ сямі найбольш заражаных радыяцыяй, у прыватнасьці Добрускага, Ельскага, Лельчыцкага, Буда-Кашалёўскага, Калінкавіцкага, Рагачоўскага і Рэчыцкага. Па-другое, у падрыхтаваных дакумэнтах ня бачна, якую вытворчасьць мусяць разьвіваць інвэстары.

Старшыня камітэту па эканоміцы Ўладзімер Патупчык, на каго была ўскладзеная падрыхтоўка праекту, расьпавядае: "Мы радыя будзем бачыць абсалюна ўсіх, хто выкажа жаданьне працаваць на гэтых тэрыторыях. У Нароўлі гэта могуць быць, напрыклад, мясцовая кандытарская фабрыка і філія заводу "Гідрааўтаматыка".

У іншых райцэнтрах – там існуючыя суб'екты гаспадараньня. Што ж тычыцца сельскіх паселішчаў, то тут таксама надзея ў чыноўнікаў не на зьнешнія інвэстыцыі, а на калгасы і саўгасы. Якія зь іх інвэстары – вядома. Да таго ж, гаспадаркі пакуль няздольныя вырошчваць на забруджаных тэрыторыях чыстую прадукцыю. Летась, напрыклад, апроч цэзію, 72 калгасы і саўгасы атрымалі збожжа зь перавышэньнем утрыманьня радыенуклідаў цэзію.

Знакавым падаецца і такі факт: будучы ўлетку 1998 году ў Гомелі, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад саўміну і аблвыканкаму ўжо да сёлетняга году стварыць ў заражаных раёнах умовы пражываньня і гаспадараньня на ўзроўні суседніх чыстых. Не атрымалася. Цяпер, як бачым, з трынаццаці найбольш заражаных раёнаў – шэсьць на бліжэйшыя паўвека аб'яўляюцца тэрыторыямі прыярытэтнага разьвіцця.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG