Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 чэрвеня 2000 г.


Віталь Тарас

1 чэрвеня кіраўніцтва камісіі Кангрэсу ЗША ў справе бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (Гэльсынскае камісіі – старшыня Крыстафэр Сьміт і сустаршыня, сэнатар Бэн Кэмпбэл) рашуча асудзілі апошнія пагрозы Аляксандра Лукашэнкі на адрас беларускай апазыцыі…

Нагадайма, у дэлегацыю, якая сустракалася нядаўна ў Вашынгтоне зь сябрамі Кангрэсу, улучна з прадстаўнікамі Гэльсынскага камітэту, а таксама прадстаўнікамі ўрадавых і няўрадавых арганізацыяў, уваходзілі старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка, старшыня Аб"яднанай дэмакратычнай партыі, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі Анатоль Лябедзька, галоўны рэдактар незалежнай газэты "Наша Свабода" Павал Жук і каардынатар грамадзкай ініцыятывы "Хартыя –97" Зьміцер Бандарэнка.

Старшыня Гэльсынскай камісіі, кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт, у прыватнасьці, заявіў:

(Сьміт: ) "Апошні выпад Лукашэнкі ёсць чарговым крокам у доўгім сьпісе пагрозаў, ці нават болей – фактаў затрыманьня й зьбіцьця. Выпад ськіраваны супраць тых, хто сумняецца ў ягонай легітымнасьці й крытыкуе сытуацыю з правамі чалавека ў шматпакутнай Беларусі. Лідэры апазыцыі альбо зьнікаюць, альбо ўтрымліваюцца ў мейсцах зьняволеньня, свабодныя сродкі масавай інафармацыі прыгнятаюцца. Калі спадар Лукашэнка сапраўды жадае стварыць атмасфэру даверу напярэдадні восеньскіх выбараў, пра што ён заявіў раней, тым больш абуральным падаецца ягонае стаўленьне да візыту апазыцыйных дзячаў у Вашынгтон як да пагрозы нацыянальнай бясьпецы".

Сустаршыня камітэту, сэнатар Кэмпбэл заявіў:

(Кэмпбэл: ) "Замест таго, каб пагражаць дэмакратычным актывістам, спадару Лукашэнку трэба падумаць, як выйсьці з палітычнага ды эканамічнага крызісу ў Беларусі праз павагу да правоў чалавека і зьнішчэньне атмасфэры страху ў грамадзтве . Гэта ўлучае спыненьне рэпрэсіяў супраць тых, хто змагаецца за дэмакратыю ў Беларусі. Дэмакратычная апазыцыя Беларусі заслугоўвае нашай маральнай падтрымкі, бо яна намагаецца адолець спадчыну камунізму ды аўтарытарызму і пабудаваць дэмакратычнае грамадзтва паводле прынцыпаў дамінанты закону."

Сэнатар Кэмпбэл зьвярнуў таксама ўвагу на злавесны тон выказваньняў Лукашэнкі, які нагадвае пагрозы, што прагучалі летась напярэдадні зьнікненьня аднаго зь лідэраў апазыцыі – Віктара Ганчара.

Тэкст заявы Гэльсынскага камітэту ЗША ў арыгінале можна прачытаць у Інтэрнэце па адрасе: www. house.gov/csce

Сёньня мы атрымалі факс з амбасады Беларусі ў Вашынгтоне. У ім амбасадар Валеры Цапкала інфармуе, што Аляксандар Лукашэнка 30 траўня правёў сустрэчу з прадстаўнікамі розных сацыяльна-палітычных сілаў, на якой заявіў пра імкнекньне стварыць роўныя ўмовы для ўсіх удзельнікаў парлямэнцкіх выбараў, улучна з доступам да сродкаў масавай інфармацыі. Слова апазыцыя ў гэтым факсавым пасланьні наагул ня згадваецца. Між тым, напярэдадні газэта "Washington Times" паведаміла, што амбасадар Беларусі ў ЗША Валеры Цапкала мае намер сёньня зьвярнуцца ў Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША ў спробе пераканаць амэрыканскую адміністрацыю ў тым, што словы Лукашэнкі на згаданай сустрэчы за акіянам зразумелі няправільна.

Газэта прыводзіць выказваньне Цапкалы аб тым, што яму не вядомая "сапраўдная" крыніца" пагрозаў на адрас апазыцыі, якія прыпісваюцца Лукашэнку. Паводле словаў спадара Цапкалы, Лукашэнка выступае ўсяго толькі супраць "тактыкі пошуку палітычнай падтрымкі за мяжой, у прыватнасьці, ЗША."

Застаецца дапусьціць, што амбасада Беларусі ў Вашынгтоне ня мае сувязі з навакольным сьветам і не атрымлівае ня толькі міжнароднай, але ж і ўнутрыпалітычнай інфармацыі, а кіраўнік амбасады ня вядае поўнага зьместу выступу свайго вышэйшага начальніка.

Нагадаем яшчэ раз словы Лукашэнкі, якія працытавала 30 траўня Радыё Свабода:

"Прадаставім апазыцыі за акіянам думаць пра грошы для зьвяржэньня ўлады. Такая апазыцыя знойдзе ацэнку ў Радзе бясьпекі. Нельга заставацца бязьдзейнымі."

Зрэшты, былі выпадкі, калі выказваньні Лукашэнкі, якія некалькі разоў чула праз афіцыйнае радыё шматмільённая аўдыторыя, потым абвяшчаліся ад ягонага імя несапраўднымі. Так было, напрыклад, з шырока вядомай фразай, што "ня ўсё толькі благое было ў Нямеччыне пры Гітлеры."

Альбо выказваньні пра 300 тысячную беларуска-расейкую групоўку на мяжы з НАТО.

У дадзеным выпадку абвяржэньня з боку Міністэрства замежных справаў Беларусі альбо іншых афіцыйных крыніцаў з нагоды выступу кангрэсмэна Сэма Гэйдэнсана і цяперашняй заявы амэрыканскага Гэльсынскага камітэту не было.

Спробы беларускага чыноўніка ў Вашынгтоне нейкім чынам "замяць" "дыпляматычны скандал" (а менавіта так азагалоўлены артыкул у "Washington Times") нагадваюць прымітыўную спробу выдаць чорнае за белае.

Але ж цяжка ўявіць, што дзяржаўны чыноўнік, тым больш у ранзе амбасадара, дзейнічае на ўласную ініцыятыву.. Таму нэрвовая рэакцыя высокапастаўленага дыплямата, хутчэй за ўсё, лішні раз пацьвярджае словы амэрыканскага кангрэсмэна Сэма Гейдэнсана, якія прагучалі ў нашай праграме. Ён заявіў, што пагрозы Лукашэнкі на адрас апазыцыі дэманструюць ягоны страх перад беларускім народам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG