Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 чэрвеня 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Скончыўся тэрмін падачы прадпрымальніцкіх заявак на перарэгістрацыю прадпрыемстваў. Тысячы прадстаўнікоў недзяржаўнага сэктару засталіся па-за рамкамі гэтае кампаніі…

Задума перарэгістрацыі прадпрымальнікаў нарадзілася ва ўладных структурах яшчэ летась. Спачатку Аляксандар Лукашэнка ў сакавіку мінулага году прыняў адмысловы дэкрэт аб перарэгістрацыі суб'ектаў гаспадараньня. А потым падпісаў новы Грамадзянскі кодэкс, дзе гэтая ідэя была замацаваная.

Вось што паведаміў нашаму радыё сябра рады Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Сяргей Стрэльчык:

(Стрэльчык: ) "Заканчэньне прыёму дакумэнтаў вызначана ворганамі, якія рэгіструюць. Менгарвыканкамам і іншымі. Хаця тэрмін перарэгістрацыі завяршаецца 1-га ліпеня."

(Карэспандэнт: ) "Чым адметная гэтая кампанія перарэгістрацыі?"

(Стрэльчык: ) "Тым жа, чым і кампанія 1996 году. Чэргамі, блытанінай, вялікай колькасьцю клопатаў, якая яна прынесла. Вось чым яна адметная. Так здарылася, што спачатку ўлады не маглі распрацаваць парадак перарэгістрацыі. Пасьля прадпрымальнікі не сьпяшаліся. Вось мы й маем такую сытуацыю: вельмі многія рэгістрацыі не прайшлі. Паводле афіцыйных зьвестак, ня больш за 10 працэнтаў на сёньняшні дзень прайшлі перарэгістрацыю. Што будзе далей, цяжка сказаць…"

Яшчэ адзін сябра рады Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Сяргей Балыкін адзначыў наступныя рысы цяперашняе кампаніі перарэгістрацыі:

(Балыкін: ) "Найбольшай цяжкасьцю зьяўляецца так званая мясцовая творчасьць чынавенства. Яны патрабуюць дакумэнты, якія не прадугледжаныя ніякімі законамі, нават Дэкрэтам нумар 11. Вось, напрыклад, выканкам Менскага раёну запатрабаваў даведку пра тое, што пашпарт не падроблены. Даведку выдаваў экспэрт-крыміналіст мясцовага РАУСу. А вось напрыклад адміністрацыя Заводзкага раёну Менску даўмелася правесьці іспыт у справе веданьня прадпрымальнікамі Дэкрэту нумар 11."

Між іншым, бізнэсовыя колы краіны неаднаразова спрабавалі пераканаць уладу зьмякчыць умовы перарэгістрацыі. Аднак з нядаўняга часу гэтыя спробы былі спыненыя.

Рэч у тым, што цяперашні першы віцэ-прэм'ер Андрэй Кабякоў, які ва ўрадзе зьяўляецца куратарам прадпрымальнікаў, – перакананы праціўнік эканамічнае свабоды. Ён разглядае недзяржаўныя прадпрыемствы як патэнцыйных неплацельшчыкаў падаткаў. Кабякоў і ягоныя аднадумцы зараз адхіляюць усе ініцыятывы прадпрымальнікаў. Найперш гэта тычыцца зьніжэньня пры перарэгістрацыі памераў статутных фондаў. Працягвае Сяргей Стрэльчык:

(Стрэльчык: ) "На сёньняшні дзень памеры статутных фондаў застаюцца такімі ж, як яны былі ўстаноўленыя дэкрэтам прэзыдэнта. Калі прадпрыемства ўтвараецца ўпершыню, напрыклад, таварыства з абмежаванай адказнасьцяй, яно павіннае 8 тысячаў даляраў. Пры гэтым палова гэтай сумы павінная быць унесеная на дзень падачы дакумэнтаў. Гэта вялікія грошы..."

(Карэспандэнт: ) "Ці не азначае гэта, што сёньня беларускія фірмы вельмі бедныя?"

(Стрэльчык: ) "Так, яны бедныя. Чым трымаць на фірме грошы – 8 тысячаў даляраў, лепш купіць аднапакаёвую кватэру ў Менску. А ў Баранавічах – трохпакаёвую ці дзьве аднапакаёвыя можна за гэтыя грошы купіць. І ніякага бізнэсу. Здаў кватэру ў арэнду, атрымлівай свае грошы. І ніякіх падаткаў, ніякіх праблемаў".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG