Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 01 чэрвеня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

У выніку гэтак званага "грамадзка-палітычнага дыялёгу" ягоныя ўдзельнікі прапанавалі ўладам унесьці 16 ня надта йстотных паправак у Выбарчы кодэкс. Аднак, на думку старшыні Цэнтарвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай, нават такія прапановы будуць задаволеныя ўладамі ня цалкам.

Лідзія Ярмошына сёньня паведаміла, што ейнае ведамства падтрымала прапановы ўдзельнікаў "дыялёгу", якія тычацца парадку фармаваньня выбарчых камісіяў, юрыдычнага ўмацаваньня статусу назіральніка, спрашчэньні працэдуры збору подпісаў за кандыдата ў дэпутаты ды некаторыя іншыя.

Так, напрыклад, мяркуецца, што траціну выбарчых камісіяў будуць складаць сябры палітычных партыяў. Аднак гэта зусім не азначае, што менавіта на кожным выбарчым участку разам з прадстаўнікамі мясцовае вэртыкалі будуць сядзець прадстаўнікі АГП, БНФ ці Кампартыі. Як патлумачыла Лідзія Ярмошына, у краіне будзе працаваць больш як 7 тысячаў участкаў, і наўрад ці ў партыяў знойдзецца столькі першасных суполак, каб вылучыць сваіх прадстаўнікоў у камісіі ў кожнай вёсцы. Бо ў выбарчую камісію можа ўваходзіць толькі сябра тае суполкі, якая зарэгістраваная на тэрыторыі гэтае акругі.

Спадарыня Ярмошына таксама абяцае, што Цэнтарвыбаркам захавае роўныя ўмовы пры вылучэньні й рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Кожнаму зь іх будзе дазволена выдаткаваць на сваю кампанію толькі 50 мінімальных заробкаў зь бюджэту, а таксама будзе забясьпечаны роўны доступ да цэнтральных і мясцовых мас-мэдыяў. Прычым ня толькі дзяржаўных але й прыватных. У выпадку, калі недзяржаўная газэта надрукуе матэрыял у падтрымку аднога кандыдата і адмовіць іншаму, выданьне аштрафуюць за парушэньне выбарчага заканадаўства.

Назіральнікі будуць мець права сачыць за ходам галасаваньня, аднак калі старшыня камісіі палічыць, што назіральнік замінае яму працаваць, дык мае права выдаліць яго з участку. Фармальна назіральнікі таксама маюць права атрымаць у выбарчай камісіі копію выніковага пратаколу, але, паводле словаў Ярмошынай, хутчэй за ўсё, гэтая норма ня будзе выконвацца з-за тэхнічных прычынаў – маўляў, няма адпаведнае капіявальнае тэхнікі.

Старшыня ЦВК таксама лічыць, што ані ў якім выпадку нельга зьніжаць норму яўкі выбаршчыкаў у першым туры да 25 адсоткаў, забараняць практыку датэрміновага галасаваньня, а таксама ўводзіць абмежаваньні на вылучэньне кандыдатаў ад працоўных калектываў.

Спадарыня Ярмошына паведаміла, што Аляксандар Лукашэнка падпіша дэкрэт пра прызначэньне даты выбараў у першай палове ліпеня. Старшыня Цэнтарвыбаркаму адмовілася адказваць на пытаньне нашага радыё, ці зьбіраюцца ўлады да гэтага часу прыслухацца да прапановаў АБСЭ ды іншых міжнародных арганізацыяў адносна ўнясеньня прынцыповых зьменаў у Выбарчы кодэкс. Яна спаслалася на тое, што гэтае пытаньне не яе кампэтэнцыі, дадаўшы пры гэтым, што апазыцыі дзеля таго, каб уносіць такія прапановы, трэба было ўдзельнічаць у "дыялёгу".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG