Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 траўня 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

На думку старшыні Аб'яднанае Грамадзянскае партыі Анатоля Лябедзькі, візыт прадстаўнікоў беларускае апазыцыі ў Вашынгтон на 80 адсоткаў меў станоўчыя палітычныя вынікі. Пра гэта сьведчыць і нэрвовая рэакцыя на гэтую паездку з боку Аляксандра Лукашэнкі.

Як паведаміў сёньня ў часе выніковае прэсавае канфэрэнцыі Анатоль Лябедзька, іхная дэлегацыя ставіла перад сабою мэту заручыцца падтрымкаю беларускае апазыцыі з боку вядучых палітыкаў Злучаных Штатаў. І гэта прадстаўнікам апазыцыі ўдалося.

Паводле словаў спадароў Лябедзькі, Бандарэнкі й Жука пасьля амаль кожнае сустрэчы ў Кангрэсе, Дзяржаўным дэпартамэнце ці ў Белым доме амэрыканскія палітыкі давалі канкрэтныя ўказаньні свайму апарату рыхтаваць тыя ці іншыя захады ў падтрымку беларускае дэмакратыі.

Таму апазыцыянэры й не зьдзівіліся, калі пачулі даволі нэрвовую рэакцыю на іхную паездку ў ЗША з боку Аляксандра Лукашэнкі. На іхную думку такая рэакцыя сьведчыць пра тое, што візыт у Вашынгтон ня быў проста турыстычнай паездкаю. Вось з чым зьвязвае ўчорашнія абвінавачваньні Лукашэнкі на адрэсу сябраў апазыцыйнае дэлегацыі Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Вялікі плян уцягваньня беларускай апазыцыі ў псэўдавыбары, у перадвыбарчы фарс - праваліўся. І праваліўся па ўсіх кірунках: унутры краіны і што да міжнароднай супольнасьці. Было вялікае спадзяваньне, што калі ўжо не амэрыканцы, дык эўрапейцы падтрымаюць плян Лукашэнкі. Таму рэакцыя абсалютна прагназаваная. Яна – гістэрычная. Іншага цяжка было й чакаць".

Нэрвовую рэакцыю з боку беларускіх уладаў сябры дэлегацыі адчувалі і ў Вашынгтоне. Паводле словаў Лябедзькі там за іхнымі дзеяньнямі пільна сачылі прадстаўнікі беларускае амбасады.

Сябры дэлегацыі кажуць, што Злучаныя Штаты Амэрыкі цяпер зьяўляюцца галоўным саюзьнікам дэмакратычнае беларускае апазыцыі на міжнароднай арэне, прычым і дэмакраты, і рэспубліканцы прытрымліваюцца зкансалідаванае і даволі жорсткае пазыцыі ў вадносінах да афіцыйнага Менску.

Асаблівы спадзеў лідэры беларускае апазыцыі ўскладаюць на сустрэчу Біла Клінтана з Уладзімерам Пуціным, што мае адбыцца ў Маскве 5 чэрвеня. Пад час візыту ў ЗША яны атрымалі запэўніваньні на даволі высокім узроўні, што амэрыканскі прэзыдэнт запатрабуе ад свайго расейскага калегі спыніць фінансавую падтрымку цяперашняе беларускае ўлады, як таго вымагае рэзалюцыя Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу.

Вось што паведаміў спадар Лябедзька адносна беларускага пытаньня ў часе саміту Клінтан–Пуцін:

(Лябедзька: ) "Калі гэтае пытаньне будзе пастаўленае, а мы думаем, што гэта будзе зробленае, то гэта ўжо само па сабе зьяўляецца вельмі пазытыўным фактарам. Я думаю, што для Белага дому гэта пэўная кампэнсацыя за Стамбул, дзе ў выступе Клінтана не прагучала тэма Беларусі. З апарату Тэлбата нам паведамілі, што ёсьць указаньне рыхтаваць паперы ў беларускім пытаньні. У якой форме гэта будзе зроблена? Я думаю, што нават калі гэта будзе зроблена тэт-а-тэт і ў вельмі недыпляматычнай форме, гэта будзе станоўчым вынікам."

Сябры дэлегацыі, што вярнулася з Вашынгтону, кажуць, што летні пэрыяд будзе часам дыпляматычнае актыўнасьці. 19 чэрвеня ў Менск прыедзе "тройка" АБСЭ. Пасьля гэтага візыту стане канчаткова зразумела, якую пазыцыю зойме гэтая арганізацыя ў вадносінах да парлямэнцкіх выбараў у Беларусі.

Паводле словаў Анатоля Лябедзькі, ёсьць вялікая верагоднасьць таго, што і эўрапейскія краіны, і міжнародныя арганізацыі зоймуць такую ж пазыцыю, як і Вашынгтон. Гэтаму, на яго думку, спрыяе сам Лукашэнка, які адрынуў ідэю перамоваў з апазыцыяй і не зьбіраецца праводзіць у краіне сапраўды свабодныя і дэмакратычныя выбары.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG