Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 траўня 2000 г.


Юры Дракахруст

Правалам называе газэта The Wall Street Journal саміт мытнага саюзу пяці краінаў, што адбыўся ў Менску. У сёньняшнім нумары газэты карэспандэнт Уладзімер Сокар зьмясьціў артыкул "Гэты мытны саюз ня можа даць сабе рады".

Новы расейскі прэзыдэнт Пуцін, – піша The Wall Street Journal, – больш чым ягоны папярэднік, жадае аб'яднаць постсавецкія краіны ў блёк пад эгідаю Масквы. Але пуцінская Расея ня больш чым Расея Ельцына гатовая несьці цяжар выдаткаў на ўтрыманьне такога блёку, нават створанага з ляяльных і паўляяльных краінаў. Правальны саміт 5-ці краінаў мытнага саюзу, які адбыўся на гэтым тыдні, праілюстраваў гэта вельмі яскрава. Ён стаў яшчэ адным раўндам "перацягваньня канату" з мэтаю атрыманьня аднабаковых выгодаў паміж былой мэтраполіяй і былымі сатэлітамі – пастаянага працэсу, які перыядычна высьвечваецца праз покрыва афіцыйнае рыторыкі.

The Wall Street Journal падкрэсьлівае, что 4 краіны-ўдзельніцы мытнага саюзу спрабавалі, праўда без вялікай надзеі, дамагчыся згоды Расеі на стварэньне зоны свабоднага гандлю 5-ці краінаў, адзінага, што магло б напоўніць створаны на паперы мытны саюз рэальны зьместам. Размова, ў прыватнасьці, ішла пра ўніфікацыю транспартных тарыфаў, адмену дадатковых падаткоў на расейскія нафту і газ, якія пастаўляюцца ў краіны мытнага саюзу, а таксама пра пераход Расеі на міжнародны парадак спагнаньня падатку на дадатковую вартасьць ў краіне прызначэньня.

Аўтар артыкулу ў The Wall Street Journal нагадвае, што ў 1994 годзе меркавалася стварыць зону свабоднага гандлю ў межах усёй СНД. Потым ў 1996 годзе, пад час падпісаньня дамовы пра мытны саюз, вырашылі абмежавацца 5-цю краінамі. Але зона ня створаная дагэтуль, бо расейскія пратэкцыянісцкія інтарэсы і нежаданьне губляць даходы бюджэту аказваюцца для Масквы больш важнымі, чым эканамічныя інтарэсы СНД і, нават, краінаў мытнага саюзу.

Далей The Wall Street Journal распавядае пра тое, як напярэдадні саміту лідэры Беларусі і Казахстану аб'ядналіся, каб сумесна дасягнуць першапачатковых мэтаў мытнага саюзу. Уладзімер Сокар цытуе словы Лукашэнкі пра тое, што правал стварэньня зоны свабоднага гандлю зруйнуе СНД. Назарбаеў, адзначае The Wall Street Journal, зрабіў нядвухсэнсоўны намёк на Крэмль, прыгадаўшы лідэраў "некаторых дзяржаваў", якія падзяляюць краіны СНД і мытнага саюзу на "старэйшых і малодшых братоў".

У якасьці яшчэ адной праблемы мытнага саюзу The Wall Street Journal адзначае становішча Кыргызстану, які адзіны з усіх краінаў СНД уступіў ва Ўсясьветную Гандлёвую арганізацыю. Беларусь і Расея аказваюць ціск на Бішкек, каб ён зрабіў выбар. Лукашэнка, выступаючы як давераная асоба Масквы, заявіў, што на працягу 6 месяцаў трэба вырашыць ці пайсьці насустрач Кыргызстану ці панізіць яго статус ў мытным саюзе, – піша The Wall Street Journal.

Аўтар газэты адзначае, што Расея ня мае намеру адмаўляцца ад аднабаковых перавагаў дзяля мытнага саюзу, але зацікаўленая ў яго захаваньні хаця б для праформы, каб прадухаліць уступленьне ва Ўсясветную Гандлёвую арганізацыю Казахстану. На думку Ўладзімера Сокара выхад Казахстану з мытнага саюзу будзе азначаць канец як гэтага ўтварэньня, гэтак і расейскіх амбіцыяў на вядучую ролю ў нейкім блёку постсавецкіх краінаў.

Перанос вырашэньня праблемаў на ўзровень камісіяў і адкладаньне іх да наступнага саміту – тыповая зьява ў СНД, і менавіта гэта і адбылося ў Менску, – канстатуе The Wall Street Journal. Адзіная навацыя – заява пра тое, што статус мытнага саюзу будзе падвышаны да міжнароднай арганізацыі, што будзе садзейнічаць яго міжнароднаму прызнаньню.
Ніхто з прэзыдэнтаў-удзельнікаў саміту дакладна не патлумачыў, якія наступствы будзе мець гэтая зьмена статусу.

Аўтар The Wall Street Journal прапануе сваё тлумачэньне: на ягоную думку, Расея такім чынам хоча дамагчыся, каб краіны, што ўваходзяць ў саюз, не вялі асобных перамоваў пра ўступленьне ва Ўсясветную Гандлёвую арганізацыю. Гэта магло б прыпыніць асобныя перамовы Казахстану пра ўступленьне ў гэтую арганізацыю, а таксама аслабіць вонкавы ціск на Беларусь у справе эканамічных рэформаў.

Уладзімeр Сокар сканчае свой артыкул на крыху іранічнай ноце, ставячы пад сумнеў міжнароднае прызнаньне мытнага саюзу. Ён адзначае, што пасьля Казахстану па альфабэце ўзначальваць мытны саюз павінны быў Кыргызстан. Але Кыргызстан – "белая варона" саюзу, за сяброўства ва Ўсясветнай Гандлёвай арганізацыі ў кастрычніку ён можа быць нават выключаны з мытнага саюзу. Наступнай па альфабэце ідзе Расея, але Расея і так шмат дзе старшынюе, і яна не хацела б дэманстраваць свае лідэрскія прэтэнзіі. Далей – Таджыкістан, але гэта ня тая краіна, старшынства якой ў мытным саюзе садзейнічала б яе міжнароднаму прызнаньню. Беларусь таксама не падыходзіць, бо старшынюе ў беларуска-расейскім саюзе. Так што вырашылі працягнуць старшынства ў мытным саюзе Казахстану.

"Пакуль ў мытным саюзе існуюць праблемы кшталту гэтай, нядзіўна, што ідэя зонаў свабоднага гандлю хутка рухаецца ў нікуды", – такімі словамі завяршае свой артыкул ў The Wall Street Journal аналітык Ўладзімер Сокар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG