Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 траўня 2000 г.


Казімір Яноўскі, Гомель

Сярод захадаў сацыяльнае падтрымкі жыхароў Гомельскае вобласьці, як найбольш пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы надзвычай важнае месца займае аздараўленьне, асабліва дзяцей. Праз два тыдні ў школах скончацца заняткі, наступіць лета – найлепшы час для аздараўленьня. Што прапануюць улады рэгіёны на летні пэрыяд?

Паводле плянаў абласной управы па аздараўленьні, якой перададзены былыя функцыі прафсаюзаў, сёлета ў санаторыях ды лягерох адпачынку мусяць паправіць здароўе 188 тысяч чалавек, у асноўным дзяцей, бо дарослыя з найбольш забруджаных раёнаў складаюць у гэтай статыстыцы, як правіла, ня болей за дзесяць адсоткаў. У параўнаньні з леташнім годам, колькасьць тых, хто будзе папраўляць здароўе, зьмяншаецца на 15 тысячаў. Калі ж мець на ўвазе ўсіх, хто паводле закону аб сацыяльнай падтрымцы пацярпелых ад Чарнобыльскае катастрофы мае права на аздараўленьне, то сёлетні афіцыйны плян не прадугледжвае гэта нават для палавіны патэнцыйных кандыдытаў на лячэньне ды адпачынак.

Значна зьмяншаецца лік тых, хто патрапіць на аздараўленьне з зоны забруджваньня 1-5 кюры, у якую, дарэчы, ўваходзіць і абласны цэнтар. Абмяжоўваецца і выезд дзяцей на адпачынак ў замежныя краіны. Каб выканаць сёлетні, значна ўрэзаны плян па аздараўленьні, вобласьць павінна атрымаць з дзяржаўнага бюджэту 18 мільярдаў рублёў.

На пытаньне, як выдзяляюцца фінансы на гэтыя мэты з рэспубліканскага казначэйства намесьнік начальніка абласной управы па аздараўленьні Сяргей Бандарэнка адказвае двума словамі: вельмі дрэнна. З пачатку траўня ўправа завінавацілася розным санаторыям амаль мільярд рублёў. На практыцы гэта адмоўна адбіваецца на сталаваньні і адпачынку тых дзяцей, што зараз знаходзяцца ў санаторыях. Толькі ўчора паступілі сродкі з абласнога бюджэту ў памеры 24 мільёнаў рублёў на падрыхтоўку мясцовых лягераў да адпачынку школьнікаў, хаця апошнія мусяць прыехаць сюды ўжо на пачатку будучага месяца. Сума мізэрная, бо складае ўсяго трэцюю частку ад неабходнага. Няцяжка прадбачыць, якой будзе падрыхтоўка і арганізацыя адпачынку, паколькі многія лягеры, кшталту "Дружбы" у Сьветлагорскім раёне, патрабуюць на рамонт даволі значных фінансавых сродкаў.

Што ж тычыцца адсутнасьці поўнамаштабнага аздараўленьня, то гэта відавочна таксама ўплывае ня лепшым чынам на агульны стан здароўя жыхароў вобласьці. Невыпадкова ж, мусіць, за мінулы год, паводле зьвестак абласной мэдычнай ўправы, на кожную тысячу праверанага насельніцтва прыпадае 813 упершыню захварэлых. Гэта на 14 асобаў болей, чымсьці два гады таму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG